Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Не прызнаеце Асэтыю і Абхазію? А газ за 250 даляраў не жадаеце?


Пасол Расеі Аляксандар Сурыкаў ня выключыў, што цана расейскага газу для Беларусі ў 2009 годзе можа скласьці каля $250. Чаго больш у гэтай заяве – палітыкі альбо эканомікі?


На гэтыя ды іншыя пытаньні адказвае аглядальнік газэты «Белорусы і рынок» Тацяна Манёнак.

Цыганкоў: “Чаму такі нечаканы паварот? Раней расейскія прадстаўнікі,той самы Сурыкаў, казалі пра зусім іншыя лічбы?”


Манёнак:
“Сапраўды, зусім нечаканы было пачуць ад Сурыкава гэтую лічбу, бо зусім нядаўна ён казаў, што цана для Беларусі можа скласьці 200 даляраў. Ён тады яшчэ патлумачыў, што цяпер трэба сачыць за сытуацыяй на рынку нафты, цана на якую падае. Таму гэта вельмі дзіўная заява, у ёй, як мне здаецца, больш палітыкі, чым эканомікі. Якраз сёньня Газпром заявіў, што ў сувязі з падзеньнем цэнаў на нафту на сусьветным рынку, магчыма, давядзецца зьніжаць кошты на газ для эўрапейскіх краінаў.. Таму зусім нелягічна гучаць словы Сурыкава пра 250 даляраў”.
Расею непакоіць, што Менск дагэтуль не прызнаў незалежнасьць Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі



Цыганкоў: “Аднак Сурыкаў спасылаўся на знакамітую формулу. Ён нагадаў, што ў адпаведнасьці з кантрактам цана газу для Беларусі ў 2009 годзе складзе 80% ад цаны паставак газу ў Польшчу за выняткам экспартнага мыта ў памеры 30%, а таксама з улікам кошту транзыту газу ў Польшчу й транзыту газу ў Беларусь”.

Манёнак: “Але ён жа нядаўна казаў пра 200. Кошт на нафту упаў з 150 да 100 даляраў, а газ прывязаны да нафты. Проста хутка прыяжджае ў Менск Пуцін, і вось пачынаецца палітычны гандаль за газ. Зусім нядаўна беларускі прэм’ер Сяргей Сідорскі заявіў, што расейскі газ для Беларусі ня можа каштаваць вышэй 140 даляраў. Менавіта такая лічба закладзеная ў беларускі бюджэт на наступны год, з улікам гэта пралічаныя ўсе дзяржаўныя праграмы.

Я разумею, Расею непакоіць той факт, што Менск дагэтуль не прызнаў незалежнасьць Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі. Якраз 2 кастрычніка было паседжаньне старога складу Палаты Прадстаўнікоў, і калі б была палітычная воля з боку Лукашэнкі, прызнаньне адбылося б. Таму гэта нэрвуе Маскву, і яна гавораць пра такія кошты.”



Цыганкоў: “Ці будзе беларускі бок неяк рэагаваць адразу, ці будуць чакаць прыезду Пуціна? Што кажуць чыноўнікі , зь якімі вы гутарылі?”
На фоне канфлікту з Грузіяй кошт адзінага саюзьніка для Масквы падвышаецца



Манёнак: “Чыноўнікі мала вераць, што газ можа каштаваць для Беларусі 140 даляраў. Тым ня менш некаторыя кажуць пра тое, што апошнія тыдні адчуваецца пэўнае пацяпленьне паміж Менскам і Масквой. На фоне канфлікту з Грузіяй кошт адзінага саюзьніка для Масквы падвышаецца”.

Цыганкоў: “Магчыма, пра гэта можна было казаць да заявы Сурыкава?”

Манёнак: “Відаць, Масква ўсё ж не чакала, што Лукашэнка будзе гэтак непахісна стаяць на сваім і дасюль не прызнае Абхазію і Паўднёвую Асэтыю. Але для яго гэта таксама магчымасьць для гандлю. Калі Масква дасьць танны газ, калі будуць гарантыі гэтага газу на некалькі гадоў наперад, тады, магчыма, адбудзецца ўсё па расейскім сцэнары.”

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG