Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польшча: кіраўнікам ПНР пагражае да 10 гадоў


У Варшаве пачалі даваць паказаньні ініцыятары ўвядзеньня ў краіне ў сьнежні 1981 году ваеннага становішча, сярод якіх тагачасны кіраўнік ПНР Войцех Ярузэльскі. Ён і яшчэ васьмёра былых кіраўнікоў народнай Польшчы ня лічаць сябе вінаватымі.

У судовай залі воклічамі: «Справядлівасьць пераможа!» і «Трымайцеся!» Войцеха Ярузэльскага віталі тыя, хто, як і сам генэрал, лічаць, што гэты судовы працэс мае характар помсты з боку былых палітычных праціўнікаў.
«Тое драматычнае рашэньне аб увядзеньні ваеннага становішча было выкліканая вышэйшай неабходнасьцю, каб не дапусьціць велізарнай катастрофы», – заявіў Войцех Ярузэльскі.
«Велізарная катастрофа» – гэта, паводле ягоных словаў, увядзеньне дзеля здушэньня масавых пратэстаў палякаў дадатковага кантынгенту войскаў краінаў Варшаўскай дамовы. Аднак, паводле пракурора Пётры Пёнтка, ніякая інтэрвэнцыя Польшчы ў 1981-м годзе не пагражала.
«Не было ніякіх падстаў, якія б сьведчылі аб тым, што Польшчы пагражала ўзброеная інтэрвэнцыя войскаў Варшаўскай дамовы», – падкрэсьліў прадстаўнік абвінавачаньня.
Абвінавачаным, а іх, акрамя Ярузэльскага, яшчэ 8 чалавек – усе былыя высокапастаўленыя кіраўнікі ПНР – пагражае да 10 гадоў турэмнага зьняволеньня за «кіраўніцтва і ўдзел ва ўзброенай злачыннай групоўцы, якая была створаная з мэтай зьдзяйсьненьня злачынстваў».
«Ня бачу прычынаў, якія перашкаджалі б цяпер пакараць людзей, якія столькі гадоў пазьбягалі правасудзьдзя, за тое, што яны зрабілі. Няхай адчуюць тое, што і мы – былыя апазыцыянэры, калі нас судзілі ў тыя гады», – кажа адзін з былых актывістаў «Салідарнсьці», які таксама прыйшоў на судовае пасяджэньне.
Ваеннае становішча ў Польшчы было ўведзенае ўначы з 12 на 13 сьнежня ў адказ на масавыя пратэсты і страйкі ў краіне. Наступствам гэтага кроку сталі масавыя арышты і інтэрнаваньне апазыцыянэраў. Каля сотні ўдзельнікаў крывава разагнаных акцыяў пратэсту загінулі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG