Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Скаргі ў ЦВК на канчатковыя лічбы не паўплываюць


Сёньня Цэнтральная выбарчая камісія падвядзе канчатковыя вынікі выбараў ў Палату прадстаўнікоў чацьвёртага скліканьня. Сёньняшняе пасяджэньне – фактычна апошні шанец для пакрыўджаных уголас заявіць пра сваю незадаволенасьць тым, як праводзіліся выбары ў Беларусі.

Колькі цяпер ужо былых кандыдатаў у дэпутаты зьвярнуліся са скаргамі ў ЦВК? Дакладнага адказу дагэтуль няма. Супрацоўнікі ЦВК спасылаюцца на тое, што значную частку зваротаў яны наікравалі ў акруговыя выбарчыя камісіі. Маўляў, гэта даволі дробязныя скаргі, і іх могуць разгледзець у акруговых камісіях.
А сакратар ЦВК Мікалай Лазавік ужо вынес свой вэрдыкт. Ён паведаміў «Свабодзе», што скаргі, якія паступілі ў камісію, не паўплываюць на падвядзеньне канчатковых вынікаў парлямэнцкіх выбараў. Ён гаворыць, што нейкіх істотных фактаў, якія б паказвалі, што выбары прайшлі з парушэньнямі закандаўства, і якія б маглі паўплываць на вынікі галасаваньня, у скаргах няма:
«Я паглядзеў скаргі ад, так бы мовіць, палітычна падкаваных людзей. Прынамсі, ад Лябедзькі скарга прыйшла. Але і яна таксама нейкая агульная. Просьба да ЦВК адмяніць выбары па акрузе, паколькі не выконваліся дэмакратычныя прынцыпы. Напрыклад, у склад камісіяў увайшло мала прадстаўнікоў палітычных партыяў, не было празрыстасьці выбарчага працэсу. Агульныя словы, а канкрэтнага ўказаньня на факты няма».
Цяпер ужо былы кандыдат у дэпутаты Анатоль Лябедзька цьвердзіць іншае:
«У нас ёсьць самае галоўнае абвінавачаньне: не супадаюць колькасьць выбарцаў, якія прыйшлі на выбарчыя ўчасткі і якія ўдзельнічалі ў галасаваньні. У нас розьніца да 500 чалавек. І гэта зафіксавана нашымі назіральнікамі.
І мы зьвяртаемся яшчэ ў пракуратуру. Прапануем зрабіць выемку бюлетэняў па асобных участках. А сьледчым трэба прайсьці па выбарцах. І калі на ўчастку, дзе дзьве тысячы чалавек, 500 пацьвярджаюць, што яны не галасавалі, значыць, быў падлог».
У новы склад Палаты прадстаўнікоў абралі 110 дэпутатаў. Сярод іх няма ніводнага прадстаўніка апазыцыі.
XS
SM
MD
LG