Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колішні Дом творчасьці “Іслач” зноў прадалі


Санаторый-прафілякторый пісьменьнікаў “Іслач” каля Ракава прадалі менскаму ААТ “Белінвэсткапітал” за 3,5 млрд. рублёў


Такія вынікі адкрытага аўкцыёну, які адбыўся 2 кастрычніка ў Дзяржаўным камітэце па маёмасьці.

Стартавы кошт аб'екта склаў 2 млрд. 740 млн. 775 тыс. рублёў — так яго ацаніла камісія па ліквідацыі Беллітфонду. У аўкцыёне ўзялі ўдзел два пакупнікі.

Камэнтуючы вынікі аўкцыёну, дырэктар грамадзкага аб'яднаньня “Беларускі літаратурны фонд” Алесь Данільчык назваў іх станоўчымі, бо Саюз беларускіх пісьменьнікаў (СПБ), які стварыў Беллітфонд, на працягу апошніх некалькіх гадоў ня меў магчымасьці ўтрымліваць санаторый-прафілакторый. “Паколькі комплекс пабудаваны на сродкі Саюза беларускіх пісьменьнікаў, мы спадзяемся, што пасьля пагашэньня ўсіх запазычанасьцяў творчае аб'яднаньне атрымае астатнія грошы, што належаць яму па законе”, — сказаў А.Данільчык.

Ён выказаў прызнаньне членам СБП, якія сваёй прысутнасьцю на аўкцыёне пацьвердзілі намер творчага аб'яднаньня змагацца за маёмасьць, што назапашана пакаленьнямі беларускіх пісьменьнікаў.

Беллітфонд быў заснаваны ў 1992 годзе. 4 траўня 2007 году Вярхоўны суд прыняў рашэньне пра яго ліквідацыю ў сувязі з “парушэньнямі заканадаўства і статуту”. Аднак кіраўніцтва арганізацыі лічыць: сапраўднай прычынай такога рашэньня стала няўгодная ўладам дзейнасьць арганізацыі. Працэс ліквідацыі Беллітфонду пакуль не завершаны.

Санаторый-прафілякторый “Іслач” быў пабудаваны ў 1986 годзе на сродкі беларускага аддзяленьня Саюзу пісьменьнікаў СССР, правапераемнікам якога зьяўляюцца СБП і Бельлітфонд. Комплекс плошчай 26,7 гектара месьціцца на беразе ракі Іслач і ўключае галоўны корпус Дома пісьменьнікаў, жылыя, гаспадарчыя і службовыя пабудовы, фінскую лазьню, кантрольна-прапускны пункт, вадапомпавую станцыю, інжынэрныя сеткі, малыя архітэктурныя формы і цяпліцу. Тэрыторыя комплексу плошчай 0,3 гектара, на якой знаходзіцца жылы дом і гаражны каапэратыў, будзе перададзена ў карыстаньне Валожынскага райвыканкама, паведамляе БелаПАН.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG