Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. эфір 30 верасьня

Назіральнікі АБСЭ не прызналі беларускія выбары дэмакратычнымі. Чаму ўлады не пайшлі на большую дэмакратызацыю выбарчага працэсу? Як высновы назіральнікаў АБСЭ паўплываюць на дачыненьні Беларусі і Захаду? Ці можна чакаць палітычных замаразкаў унутры краіны?

Удзельнікі: каардынатар “Эўрапейскай кааліцыі” Мікола Статкевіч і каардынатар кампаніі Аб’яднаных дэмакратычных сілаў “За справядлівыя выбары” Віктар Карняенка.


Якая лёгіка ў дзеяньнях уладаў?

Валер Карбалевіч: “Гэтыя выбары ў Палату прадстаўнікоў мелі трохі заблытаны сюжэт. На пачатку кампаніі шмат экспэртаў і ўдзельнікаў кампаніі адзначалі пэўныя паляпшэньні ўмоваў для апазыцыйных сілаў. Напрыклад, гэтым разам ніводнага з дэмакратычных кандыдатаў не зьнялі з выбараў падчас агітацыйнай кампаніі, хоць у 2004 годзе былі дзясяткі такіх выпадкаў. Здаецца, ціск рэпрэсій на ўдзельнікаў выбараў быў слабейшы. Напярэдадні дня галасаваньня і плянаванай вулічнай акцыі амаль не было прэвэнтыўных затрыманьняў і да т.п.

А вось сам ход галасаваньня стаў брутальным, вынікі апынуліся нават горшымі, чым чатыры гады таму. Узровень датэрміновага галасаваньня выявіўся вышэйшы. Выбары прайшлі ў адзін тур, а ў 2004 годзе другі тур быў прынамсі ў адной акрузе. І новы склад Палаты прадстаўнікоў (ПП) выявіўся зусім стэрыльным. Нават Кучынскага, які час ад часу крытыкаваў некаторыя ведамствы, гэтым разам не пусьцілі туды. Ці можаце вы патлумачыць лёгіку ў дзеяньнях уладаў?”

Мікола Статкевіч
: “Лёгіка ўладаў абсалютна адназначная. І нейкія неразуменьні, ілюзіі наконт выбараў узьніклі ў некаторых эўрапейскіх палітыкаў і дыпляматаў з-за розных культурных кодаў у іх і ў прадстаўнікоў нашай улады. Эўрапейцы не разумеюць псыхалёгію нашых кіраўнікоў.

Я не сказаў бы, што гэтая кампанія была нашмат лепшая. У нечым яна была больш свабоднай, у нечым менш. У “Эўрапейскай кааліцыі” сярод 63 прэтэндэнтаў, якія зьбіралі подпісы, было зарэгістравана ў якасьці кандыдатаў толькі 22. У 2004 годзе не было такіх брутальных сродкаў ціску, калі людзей выклікалі ў КДБ, запалохвалі. І на мінулых выбарах у ПП таксама не было затрыманьняў напярэдадні першага дня акцыі.

Так што выбары прайшлі як звычайна. Пытаньні ўзьніклі з-за таго, што ЭЗ і беларускі рэжым няправільна зразумелі адзін аднаго. Эўрапейскія палітыкі чамусьці думалі, што Лукашэнка пойдзе на рэальныя саступкі. А кіраўнікі беларускага рэжыму не ўспрымалі ўсур’ёз патрабаваньні ЭЗ аб неабходнасьці ўсталяваньня ў Беларусі дэмакратыі, лічылі гэта толькі гульнёй. Лукашэнка перабольшыў русафобію Эўропы, спадзяваўся, што на тле канфлікту паміж Захадам і Расеяй ЭЗ прызнае наш рытуал, падобны да выбараў аж да моманту падліку галасоў”.

Чаму памянялі рашэньне?

Карбалевіч: “Ня толькі ў эўрапейскіх палітыкаў, але і ў мяне складаецца ўражаньне, што напачатку ва ўладаў сапраўды існавалі пляны правесьці выбары больш дэмакратычна і нават прапусьціць у ПП некалькі апазыцыянэраў. Пра гэта сьведчыць ня толькі інфармацыя з дыпляматычных крыніцаў, але і той факт, што ў сьпісы будучых дэпутатаў ня трапілі Сяргей Гайдукевіч і Вольга Абрамава, якія выконвалі ролю “канструктыўнай апазыцыі”. Лёгіка тут зразумелая: калі плянавалася зьяўленьне там сапраўдных апазыцыянэраў, то навошта штучныя? Але вось нешта не атрымалася”.

Віктар Карняенка
: “Першым крокам да лібэралізацыі выбарчай кампаніі было вызваленьне палітвязьняў. Вынікам гэтага стаў новы этап дыялёгу Беларусі з Захадам. Лукашэнка спадзяваўся абысьціся касмэтычнымі захадамі.

У пятніцу 26 верасьня было прынятае рашэньне дапусьціць міжнародных назіральнікаў да працэсу падліку галасоў. Магчыма, улады адсачылі вынікі папярэдняга галасаваньня і былі імі засмучаны. Таму і вырашылі адмяніць сваё рашэньне. І адсутнасьць у міжнародных назіральнікаў магчымасьці сачыць за падлікам галасоў стала асноўным індыкатарам непрызнаньня выбараў”.

Статкевіч: “Я ня згодзен са сп. Карняенкам, што было рашэньне аб допуску назіральнікаў. Пры ацэнцы ўлады мы ўпадаем у тую ж памылку, як і эўрапейцы: ацэньваем яе дзеяньні ў сваіх катэгорыях.

Насамрэч больш адэкватнай рэальнасьці была б ацэнка функцыянаваньня беларускай улады па мадэлі нейкай ватагі. Яе атаман,
Статкевіч: “Атаман ня можа паказваць слабасьць”
важак, ня можа дапускаць публічнай крытыкі ў свой адрас з боку чальцоў і нечальцоў ватагі. А ўявіце сабе прыход апазыцыі ў ПП. Лукашэнка ўжо гэта перажыў на пачатку сваёй прэзыдэнцкай дзейнасьці.

Па-другое, атаман, правадыр ня можа дзяліцца ўладай, бо тады ён страчвае свой статус. А зьяўленьне апазыцыі ў ПП азначала б, што трэба ў пэўным сэнсе лічыцца з тым, што скажуць там дэпутаты.

Па-трэцяе, атаман ня можа паказваць слабасьць. Адзін раз слабасьць ён ужо праявіў, вызваліўшы палітзьняволеных. Цяпер прапусьціць у ПП нават слабога апазыцыянэра, нават завэрбаванага КДБ — гэта значыць праявіць слабасьць. Вось калі ўжываць такую гіпотэзу для аналізу, то дзеяньні ўладаў становяцца больш зразумелымі”.

Як паўплываюць выбары на дачыненьні Беларусі з Захадам?

Карбалевіч: “Пракамэнтуйце высновы назіральнікаў АБСЭ. Ці зьявілася нечаканым для ўладаў непрызнаньне выбараў дэмакратычнымі? Лукашэнка казаў, што калі яны і гэтым разам не прызнаюць нашы выбары, то мы спынім усялякія размовы зь імі. Якія гэта можа мець наступствы для дачыненьняў Беларусі і Захаду?

Статкевіч: “Я думаю, у гэтых дачыненьнях захаваецца статус-кво. У Лукашэнкі не такая крытычная сытуацыя, каб дзяліцца ўладай з апазыцыяй. Тым больш што зьявіўся тавар, які можна прадаць. Каўкаская вайна стала для кіраўніцтва Беларусі падарункам. Цяпер можна прадаць Расеі прызнаньне незалежнасьці Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі, атрымаць за гэта танны газ і крэдыт”.

Карняенка: “Хацеў бы зьвярнуць увагу на крытэрыі, паводле якіх выбары былі прызнаныя неадпаведнымі стандартам АБСЭ. Найперш, гэта адмова дапусьціць назіральнікаў да працэсу падліку галасоў.

У апазыцыйным асяродзьдзі было шмат дыскусій наконт таго, ці ўдзельнічаць у выбарах да канца, ці абвясьціць байкот. Трэба падзякаваць тым апазыцыйным кандыдатам, якія не зьняліся, пайшлі да канца і далі магчымасьць міжнародным назіральнікам зафіксаваць парушэньні.

Другая важная выснова. Эўрапейскія інстытуты не купіліся на трукі, якія рабіла ўлада, а патрабавалі рэальнай дэмакратызацыі. Пагаджаюся з думкай, што ў дачыненьнях паміж Беларусьсю і ЭЗ захаваецца статус-кво”.

Унутрыпалітычныя наступствы выбараў

Карбалевіч: “А якія наступствы выбараў для ўнутрыпалітычнага жыцьця? Лукашэнка казаў, што хутка апазыцыя зьнікне. Калі дыялёг з Захадам не атрымаўся, то ці можна чакаць палітычных замаразкаў, узмацненьня рэпрэсій, зьяўленьня новых палітвязьняў?

Карняенка: “Выбары паказалі, што ўладам недастаткова выкарыстаньня адміністрацыйнага рэсурсу для забесьпячэньня “элегантнай перамогі”, а патрэбны непрыстойныя фальсыфікацыі. А дзеля гэтага трэба запалохваць людзей, ужываць рэпрэсіі і паклёпніцкія кампаніі. Магчыма, улады будуць ужываць новыя формы ціску. Напрыклад, падчас гэтай кампаніі для ціску выкарыстоўваліся фіскальныя органы.

Апазыцыя таксама павінна зрабіць для сябе высновы. Адзінства павінна быць не дэкляратыўным. Я выступаю за тое, каб частка партыйнага сувэрэнітэту была абмежавана на карысьць адзінства. Гэтая кампанія была этапам на шляху да прэзыдэнцкай кампаніі”.

Статкевіч: “Думаю, пэўны пэрыяд замаразкаў будзе. Да таго ж для новага торгу з Захадам могуць спатрэбіцца новыя палітвязьні. Чарговы этап паляпшэньня дачыненьняў з Захадам афіцыйны Менск пачне напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. Тады адбудзецца чарговая “лібэралізацыя” і будуць палітыкі, якія на яе купяцца.

Што тычыцца апазыцыі. Я не лічу стратэгію апазыцыі на гэтых выбарах эфэктыўнай. Калі казаць пра задачы, то, па-першае, трэба ўзмацняць уплыў апазыцыі на грамадзтва. Па-другое, неабходна не дапусьціць міжнароднай легітымізацыі рэжыму. Па-трэцяе, — гэта галоўнае — трэба не дапусьціць унутрыпалітычнай легітымізацыі ўлады.

Не зусім згодзен са сп. Карняенкам адносна правільнасьці тактыкі. Калі апазыцыя тупа ўдзельнічае ў выбарах да канца, то ў грамадзтве ўзьнікае адчуваньне, што ўсё нармальна: былі нармальныя выбары, у іх удзельнічала апазыцыя, але яе не абралі. На мой погляд, трэба было сумяшчаць розныя тактыкі. Была карысьць і ад тых людзей і структур, якія казалі пра байкот, здымаліся з выбараў і тым самым прыцягвалі ўвагу грамадзкасьці да таго факту, што выбараў у нас няма”.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG