Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Злотнікаў: уводзіцца няроўнасьць перад законам


Леанід Злотнікаў
Леанід Злотнікаў

“Людзі з высокімі заробкамі будуць цяпер зарабляць яшчэ больш. У іх будзе заставацца прыбытак яшчэ большы. Таму гэты закон на іх карысьць”.


Эканаміст Леанід Злотнікаў мяркуе, што пераход на плоскую шкалу падаткаабкладаньня — ідэя вядомая. І яна ня выкліча пратэстаў у Беларусі.

“Бо гэта закранае самую абяздоленую клясу, тых людзей, якія зарабляюць мала. Для іх павялічваецца мінімум заробкаў, які не абкладаецца гэтым падаткам. Таму нейкая кампэнсацыя для малааплочваных ёсьць. І гэтыя людзі не арганізаваныя ў якія-небудзь дзейсныя прафсаюзы, грамадзкія арганізацыі, таму пратэсту ня будзе”.

Для бюджэту краіны падаходны падатак не такі ўжо і значны, мяркуе спадар Злотнікаў. Але людзі, якія маюць вялікія заробкі, змогуць цяпер плаціць меней, бо раней падатак даходзіў да 30%.

“Людзі з высокімі заробкамі будуць цяпер зарабляць яшчэ больш. У іх будзе заставацца прыбытак яшчэ большы. Таму гэты закон на іх карысьць”, — кажа Леанід Злотнікаў.

Спадар Злотнікаў зьвяртае ўвагу і на пазытыўны момант.

“Спрашчаецца адміністраваньне гэтага падатку. Гэта скарачае колькасьць людзей, якія працуюць у падатковых інспэкцыях. Гэта спрашчае разьлікі.

А тое, што для прадпрымальнікаў 15% — гэта ўжо рэч, якая не ўкладаецца ні ў якую мараль. Гэта ўводзіцца такая няроўнасьць перад законам. Гэта вельмі нэгатыўны прэцэдэнт. Маўляў, мы, чыноўнікі, будзем атрымоўваць свае заробкі, і падатак будзе меншы, чым у прадпрымальнікаў. Гэта ж нешта такое ненармальнае”.

Паводле спадара Злотнікава, адзіная стаўка падаходнага падатку спрашчае падатковую сыстэму, але гэта не галоўнае.

“У цэлым для бізнэсу гэта лепш, але гэта не такая ўжо значная рэч, якая прыцягне сюды інвэстыцыі і гэтак далей. Гэта толькі дробязь параўнальна з тым, што трэба зрабіць у гэтай сыстэме падаткаабкладаньня, каб яе насамрэч спрасьціць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG