Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Самы нудны парлямэнт


2-га кастрычніка пачалася апошняя сэсія Палаты прадстаўнікоў трэцяга скліканьня. Які сьлед у гісторыі беларускай “прадстаўнічай дэмакратыі” пакіне гэтая палата?

Восеньскія сэсіі найперш цікавыя тым, што на іх традыцыйна прымаецца бюджэт краіны на наступны год. Абмяркоўваць галоўны фінансавы дакумэнт краіны, як звычайна называюць бюджэт, пачнуць ужо сёньня. А калі справа даходзіць да бюджэту, дык тут найперш цікавіць: якія кошты за газ у ім закладзеныя? У кулюарах давялося чуць: разьлікі зробленыя з цаны 140 даляраў за тысячу кубоў газу.
Гэтая сэсія мае сваю адметнасьць, якая закране літаральна ўсіх, хто зарабляе грошы ў Беларусі. Гаворка ідзе пра кардынальную зьмену падаходнага падатку. Цяпер ён розны: чым больш зарабляеш, тым большы падатак. У праекце новага закону прапаноўваецца так званая пляскатая шкала, то бок для ўсіх, незалежна ад памеру заробку, падатак аднолькавы. Сьпікер палаты Вадзім Папоў сказаў, што дэпутаты правялі на гэту тэму дыскусію:
“І прыйшлі да разуменьня таго, што патрэбна пераходзіць на плоскую шкалу – 12% для ўсіх. Але тут адразу ўзьнікла праблема абароны малазабясьпечаных людзей. Таму яе выпрацавалі з удзелам дэпутатаў. Яна вызначаная – да паўтара мільёну бюджэт пражытачнага мінімуму, то бок страхавыя пазыцыі там закладзеныя, каб гэтыя людзі не пацярпелі”.
Дасьледчык Аляксандар Чубрык дзеліць насельніцтва краіны на тры катэгорыі: заможнае, сярэдняе і беднае. Ён гаворыць, што высокія падаткі вымушалі заможных людзей хаваць частку сваіх прыбыткаў. Сярэдні слой гэта фактычна не закране, паколькі для іх падатак амаль ня зьменіцца. А бяднейшых гэта закране, гаворыць спадар Чубрык:
“Для тых, хто плаціў падатак 9%, гэта будзе кепскавата. Але ж 3% – не такая ўжо вялізная велічыня. І калі да гэтай рэформы дададуцца пэўныя меры па павелічэньню адрасных выплатаў людзям, якія маюць такую патрэбу, дык будзе нядрэнна. У Расеі плоскі падатак у памеры 13%, у нас –12%. І мне здаецца, што гэта вельмі добры крок”.
Журналіст Юры Пацёмкін, які асьвятляў працу палаты ўсіх трох скліканьняў, не сумняецца, што закон аб аднолькавай стаўцы падаходнага падатку будзе прыняты:
“Калі падыходзіць да гэтага парлямэнту з ацэнкай: ці быў ён цікавы для нас, журналістаў, то можна сказаць, што ён – самы нудны з усіх трох скліканьняў. Нічога звышэмацыйнага там не адбывалася, ніякіх спрэчак, дэбатаў мы там ня чулі.
А што тычыцца яго канкрэтных справаў, то можна ўзгадаць, што менавіта гэты парлямэнт прымаў закон аб супрацьдзеяньні экстрэмізму. Гэты парлямэнт прымаў закон, які дазваляе прэзыдэнту самастойна вырашаць пытаньні памілаваньня. Менавіта гэты парлямэнт прымаў закон, які вельмі ускладніў жыцьцё палітычных партыяў і грамадзкіх аб’яднаньняў. Ён прымаў папраўкі ў Крымінальны кодэкс, згодна зь якімі цяпер можна патрапіць за краты за іншадумства, а таксама за дзейнасьць ад імя незарэгістраваных арганізацыяў.
Ну і ў рэшце рэшт менавіта гэты парлямэнт прыняў самы антынародны закон, які скасаваў ільготы для мільёнаў простых грамадзянаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG