Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сталічныя мэдыкі атрымаюць надбаўкі, правінцыйныя – не


Работнікі ўстаноў аховы здароўя, падведамасных Менгарвыканкаму, з кастрычніка будуць атрымліваць штомесячныя надбаўкі да акладаў з гарадзкога бюджэту. Такое рашэньне прынятае на сэсіі гарсавету. Якія гэта надбаўкі, за што і чаму стымулююць працу толькі сталічных мэдыкаў?

Тое, што праца беларускіх мэдыкаў аплачваецца ня вельмі высока, ні для каго не сакрэт. Паводле афіцыйнай статыстыкі, сярэдні заробак у сыстэме аховы здароўя сталіцы з улікам сумяшчальніцтва і начных дзяжурстваў – 755 тысяч. Лекар першай катэгорыі зь 10-гадовым стажам распавядае пра свой заробак :
“Працуючы на паўтары стаўкі ў шкодных умовах (мы дыхаем фармальдэгідамі) – з працэнтамі за шкоднасьць, атрымліваецца на паўтары стаўкі – каля аднаго мільёна. Гэта ўжо з прэміяльнымі, з усім разам. Аклад складае 460 тысяч, а ўсё астатняе набіраецца катэгорыяй, стажам”.
Зараз у Менску амаль 2 тысячы вакансіяў лекараў. Надбаўкі ў памеры двух базавых велічыняў штомесяц будзе атрымліваць кожны лекар і мэдсястра (зараз базавая – 35 тысяч). Далей будзе прымяняцца дыфэрэнцыраваны падыход у залежнасьці ад накірунку. Лекары хуткай дапамогі, участковыя пэдыятры і тэрапэўты – па 4 базавыя. Кардыяхірургі – ад 9 да 12 базавых, кардыёлягі – ад 5 да 7. Анколягам вырашана выплачваць ад 1 да 6 базавых велічынь. Намесьнік старшыні Камітэту па ахове здароўя Менгарвыканкаму Вячаслаў Шыла кажа:
“Мы імкнуліся да таго, каб сапраўды была дыфэрэнцыраваная аплата. Менавіта гэтым катэгорыям, таму што на дадзеным этапе мы зацікаўленыя ў прыцягваньні спэцыялістаў менавіта гэтага накірунку. Рашэньне накіраванае, па-першае, на прыцягваньне высокакваліфікаваных спэцыялістаў у Менск, і зьніжэньне адтоку спэцыялістаў з сыстэмы аховы здароўя”.
На выплату даплат да службовых акладаў мэдыкаў зь бюджэту сталіцы патрабуецца больш за 30 мільярдаў рублёў штогод. Даплаты са сталічнага бюджэту атрымаюць 770 анколягаў, каля 100 кардыяхірургаў, сотні лекараў іншых спэцыяльнасьцяў.
Чаму толькі сталічныя лекары будуць атрымліваць надбаўкі? Супрацоўніца Міністэрства аховы здароўя, якая папрасіла не называць яе прозьвішча, тлумачыць:
“Гэта крыху ня наш узровень, не Міністэрства аховы здароўя. У нас жа заробкі аднолькавыя для ўсіх. Гэта прыняў Менгарвыканкам. Пры Менгарвыканкаме ёсьць Камітэт па ахове здароўя, яны гэта ініцыявалі. Ну а іншыя Ўпраўленьні кожнай вобласьці – гледзячы якія захады яны будуць прадпрымаць”.
Абласныя Ўпраўленьні аховы здароўя пакуль не даюць камэнтараў. А што кажуць лекары з правінцыі? Паслухаем нэўроляга з Магілёву Васіля Аўраменку:
“Тым, каму павысілі – яны станоўча да гэтага ставяцца, тыя, каму не павысілі, яны, можа, крыху зайздросьцяць, спадзяюцца, што, можа, і да іх штосьці дойдзе. Але зайздрасьці чорнай няма ў лекараў правінцыйных да менчукоў, таму што, можа, там крыху жыцьцё даражэйшае, у Менску... Тое, што менчукоў адзначылі, я думаю, гэта таму, што бліжэй да ўлады, бліжэй да цэнтру, як і ў іншых сфэрах”.
Дарэчы, у сталіцы маладыя маці атрымліваюць з гарадзкога бюджэту надбаўку да дапамогі на немаўлятаў, у народзе гэта называюць “грошы на пампэрсы”. Зараз сталічныя непрацуючыя пэнсіянэры атрымалі па 105 тысяч на гародніну...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG