Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнікі дэмсілаў цьвердзяць, што пасьля ад’езду міжнародных назіральнікаў улады зноў вярнуліся да перасьледу апазыцыі.

Сёньня ў Гарадоцкім райсудзе будзе разглядацца адміністрацыйная справа супраць былога кандыдата ў дэпутаты па Віцебскай-Сельскай выбарчай акрузе №21 Леаніда Аўтухова.
Леаніда Аўтухова вінавацяць у парушэньні правілаў распаўсюду агітацыйных матэрыялаў. Але што адбылося насамрэч?
“15 верасьня мы разьмясьцілі агітплякат у будынку РУУС з дазволу намесьніка начальніка РУУС і дзяжурнага, побач з агітацыйным матэрыялам аб выбарах 28 верасьня. Калі наведалі РУУС 18-га, плякат зьнік. Мы зьвярнуліся ў тое самае РУУС з заявай, каб знайшлі злачынцаў, якія скралі дзяржаўную маёмасьць. Адказу дагэтуль мы яшчэ не атрымалі, хаця ўсе тэрміны прайшлі. Але атрымалі пратакол і позву ў суд”, -- расказвае Леанід Аўтухоў.
Былы кандыдат у дэпутаты Алесь Чыгір з Бабруйску ўчора быў выкліканы у міліцыю. Яго накіравалі ў ізалятар часовага ўтрыманьня адбываць 10 сутак арышту. Судовая справа на спадара Чыгіра была заведзеная яшчэ ў траўні. Кіроўца таксоўкі, на якой Алесь вяртаўся разам зь сям’ёй дахаты, адмовіўся даць чэк з-за адсутнасьці касавага апарату. Чыгіра завезьлі ў пастарунак і зьвінавацілі ў пагрозах на адрас кіроўцы, пашкоджаньні машыны і непадпарадкаваньні міліцыянтам. Паводле жонкі актывіста Дануты Чыгір, гэта была сплянаваная правакацыя. І менавіта пасьля выбараў пра Алеся згадалі:
“У сувязі з выбарамі яны цягнулі, каб паказаць прыгожую карцінку для Захаду, што ў нас усё добра, дэмакратычна, прыгожа. А зараз выбары скончыліся, і яны далей робяць свае цёмныя справы. Як спадар Лукашэнка паабяцаў, што праз паўгоду ня будзе апазыцыі – вось яны зараз гэтым і займаюцца.
Мы пацярпелі, за гэта нас яшчэ і асудзілі. І калі Алеся 29-га траўня завезьлі ў пастарунак, я таксама прыбегла туды, то там ужо былі і прадстаўнікі КДБ. Там усё было адмыслова падрыхтавана”.
Таксама міністэрства юстыцыі накіравала лісты ў шэраг апазыцыйных дэмакратычных партый з патрабаваньнем даць тлумачэньні за ўдзел у акцыі 28 верасьня ў Менску. Старшыня Аб’яднанй грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька распавёў:
“Намесьнік міністра спадар Білейчык патрабуе ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі даць тлумачэньні: чаму 28 верасьня на Кастрычніцкай плошчы было несанкцыянаванае масавае мерапрыемства, у якім прынялі ўдзел прадстаўнікі АГП, і выступаў старшыня партыі Анатоль Лябедзька.Таксама яны просяць тлумачэньні наконт дзейнасьці Палітрады АДС. Па першым пункце тут усё зразумела. Гэта права грамадзяніна прымаць удзел у любой акцыі. Я наогул выйшаў з участка маёй акругі. І перада мной журналісты. І я прыняў удзел у прэсавай канфэрэнцыі. А што тычыцца дзейнасьці АДС, то спадару Білейчыку трэба зьвярнуцца ў КДБ. У іх, відаць, больш інфармацыі пра дзейнасьць незарэгістраванай палітычнай рады АДС”.
Паводле актывіста БСДП (Грамада) Ігара Рынкевіча, такі ж ліст прыйшоў і ў ягоную партыю:
“Безумоўна, рабілася такая “пацёмкінская вёска” перад міжнароднымі назіральнікамі ў надзеі, што выбары будуць прызнаныя. А як толькі гэтага не атрымалася, рэжым вярнуўся да свайго звычайнага парадку дзейнасьці. Гэта азначае судовыя працэсы, зноў дэмакратычных актывістаў бяруць у закладнікі, робяць зь іх палітвязьняў. Бо ёсьць чалавек, які ні на мікрон не аддае сваю асабістую абсалютную ўладу”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG