Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пэнсіянэраў дзяржава падзяліла на касты


Сёньня ў сьвеце адзначаецца Міжнародны дзень сталых людзей. Ці падмацавала дзяржава іхныя былыя заслугі годным жыцьцём на пэнсіі?

Паводле статыстыкі, насельніцтва Беларусі імкліва старэе, і цяпер у краіне больш за 2,5 мільёна пэнсіянэраў. Згодна са зьвесткамі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, 26% жыхароў Беларусі атрымліваюць пэнсіі. Памер працоўных пэнсіяў — 42% ад сярэдняй зарплаты, мінімальных — на ўзроўні бюджэту пражытковага мінімуму пэнсіянэра. За верасень сярэдняя працоўная пэнсія складзе блізу 400 тысяч рублёў, сярэдняя паводле ўзросту — каля 410 тысяч. Для пэнсіянэраў, якія працуюць, максымальная пэнсія складзе 460 тысяч рублёў, для тых, што не працуюць, — 630 тысяч.

Аднак у пэнсійным падзеле народу паступова сфармаваліся сапраўдныя касты, якія ў рознай ступені прывязаныя да былога месца працы канкрэтнага чалавека. У дадзеным выпадку на памер налічэньняў наўпрост уплывае набліжанасьць да дзяржаўнай службы. Прыкладам, калі чалавек усё жыцьцё гарбаціўся ў калгасе ці выкладаў у школе, то ягоны ўнёсак ацэньваецца крыху больш за пражытковы мінімум. Калі ж паклаў жыцьцё на алтар райвыканкаму ці Ўзброеных сілаў — справа зусім іншая.

Валеры Фралоў
Вайсковы пэнсіянэр, генэрал-маёр у адстаўцы, экс-дэпутат Палаты прадстаўнікоў Валеры Фралоў не хавае, што адносіцца да вышэйшай касты беларускіх пэнсіянэраў, выплаты якім вызначаюцца на найвышэйшым — прэзыдэнцкім узроўні:

“Згодна з дэкрэтам прэзыдэнта, пэнсія павінна складаць 65% ад таго, што зарабляе цяперашні дэпутат. Гэта добрая падзяка за ляяльнасьць і намёк на будучыню — каб, седзячы ў дэпутатах, не высоўваліся. Вось так яны ціха сядзяць, а надыходзіць час — атрымліваюць вялікія грошы і існуюць зусім ня бедна. То бок ёсьць такая каста, у якую ўваходзяць дэпутаты, міністры, асобы, “значнасьць” якіх вызначае прэзыдэнт. Ну вось і я неяк трапіў у гэтую касту. Купіць мяне не купілі, бо я заўсёды казаў тое, што лічыў патрэбным, таму атрымліваю гэтыя грошы з чыстым сумленьнем”.

Карэспандэнт: “Вы ўсё ж выбралі дэпутацкую пэнсію, а не вайсковую?”

“Генэральская пэнсія — 1 мільён 300 тысяч рублёў, а дэпутацкая — 2 мільёны 300 тысяч. Чаму я малую павінен выбраць? Мне таксама грошы патрэбны. Дарэчы, калі я пераходзіў з вайсковай пэнсіі на дэпутацкую, дык месяцы два цягнулася гэтая бадзяга, хоць у дэкрэце сказана: усё павінна вырашацца за 10 дзён. І я ўжо сумняваўся: дадуць ці не дадуць? Але ўрэшце далі”.

Карэспандэнт: “То бок у дэпутатаў заробак нармальны, калі пэнсія сягае за 2 мільёны рублёў?”

“Недзе 3,5 мільёна рублёў яны атрымліваюць. За такія грошы можна і моўчкі сядзець, чаму ж не сядзець?”

Як у нас на Берасьцейшчыне кажуць, “дэ ж воны так переробілыся”, атрымліваючы такую падвышаную пэнсію?
Берасьцейскі пэнсіянэр Анатоль Дземчанка апошні год прысьвяціў барацьбе з клясам пэнсіянэраў-дзяржслужбоўцаў. Яны маюць удвая большыя прыбыткі ў параўнаньні з тымі, каго нават на ніжэйшыя пасады не дапусьцілі ў “вэртыкальныя” кабінэты. Аднак хаджэньні па міністэрскіх кабінэтах і спробы прарвацца на аўдыенцыю да Аляксандра Лукашэнкі плёну ня мелі — усё тыя ж вэртыкальнікі за будучую забясьпечаную старасьць стаяць насьмерць:

“Пэнсіянэрам-дзяржслужбоўцам у два разы пэнсія большая — гэта дурасьць, якой сьвет ня бачыў. Народ абураны, але народ ня ведае пра гэта! Дзяржаўны службовец атрымаў гэтую пэнсію — і маўчыць. А той, хто не атрымаў, думае — а можа, і праўда іх там прымушаюць языкамі падлогу драіць, ці з раніцы да вечара яны як ішакі працуюць? Чаму мне балюча: бо я працаваў і як дзяржаўны службовец, і як недзяржаўны, адну і тую ж працу выконваў. Ад 43 гадоў стажу 11 гадоў падпадаюць пад дзяржслужбу, але як лічыць — такой мяжы я ня ведаю, бо як вёў усе гэтыя гады семягадоўлю, так і працягваю весьці. Таму ў пэўным сэнсе крыўдна. Але чым глыбей улазіш у гэтую дзяржслужбу, тым больш думаеш: за што? Як у нас на Берасьцейшчыне кажуць, “дэ ж воны так переробілыся”, атрымліваючы такую падвышаную пэнсію? Ды тым больш — у два разы большую! Калі я зараз атрымліваю 415 тысяч рублёў, то яны — амаль 800 тысяч. Удвая амаль!”

Яшчэ адной асобнай кастай сярод людзей сталага веку можна лічыць вэтэранаў вайны, якім на дзяржаўным узроўні нададзены адмысловы статус. Нядаўна яны атрымалі чарговыя падвышэньні: Героі Савецкага Саюзу і кавалеры ордэну Славы трох ступеняў атрымліваюць дадаткова да працоўнай 500% мінімальнай пэнсіі па ўзросьце (яе памер — 56 тысяч рублёў). Інваліды вайны І і ІІ групаў — 400%, інваліды вайны ІІІ групы і ўдзельнікі вайны — 250%. Паводле Міністэрства статыстыкі і аналізу, у Беларусі больш за 55 тысяч вэтэранаў вайны.

Менская настаўніца Яўгенія Дудко, маці палітыка Аляксандра Казуліна, амаль 55 гадоў аддала сфэры адукацыі. З настаўніцкіх заробкаў, і без таго невялікіх, нешта адкласьці на старасьць практычна немагчыма. І тое, як дзяржава ўрэшце ацэньвае працу сьпісаных у тыраж выкладчыкаў, яе проста бянтэжыць:

Цяпер пэнсіянэры намагаюцца шмат ня езьдзіць, менш карыстацца электрыкай і па магчымасьці хварэць на што лягчэйшае.
“Я атрымліваю 500 тысяч рублёў. Каб цэны ня лезьлі ўверх кожны дзень, дык неяк можна было б жыць. Але чамусьці ёсьць меркаваньне, што пэнсіянэру нічога ўжо ня трэба — толькі кавалак хлеба ды бутэлька малака. Гэта ня так. Мы тыя ж жывыя людзі, і тыя ж жывыя інтарэсы ў нас. Але на ўсё патрэбныя грошы, бяз грошай цяпер — нікуды. Так што, безумоўна, каб я мільён атрымлівала, дык зусім іншае жыцьцё было б, іншы настрой. А так усё ходзіш і думаеш — на чым зэканоміць і як зэканоміць? Раней ня так адчувальна на першым месцы грошы былі, а цяпер на першым месцы толькі грошы, грошы і грошы. Вось і ўсё жыцьцё. А як іх здабыць? Здабыць магчымасьці ніякай няма, працаваць нельга. Вось я працавала да 72 гадоў, і што напрацавала? Нічога! І зараз галоўны аргумэнт — ой, а колькі табе гадоў, што ты працаваць усё хочаш? Ну дык за гэтыя гады я не зарабіла сабе нават на больш-менш вартае жыцьцё. Хоць усю сябе аддала людзям”.

Найбольш яскрава стаўленьне ўладаў да пэнсіянэраў акрэсьліў указ Аляксандра Лукашэнкі, якім сталыя людзі разам зь іншымі “кастамі-ізгоямі” былі пазбаўленыя льготаў. Перадусім гэта тычыцца бясплатнага ці з 50-працэнтнай аплатай праезду ў грамадзкім транспарце і платы за камунальныя паслугі, а таксама зьніжак на набыцьцё лекаў. Дагэтуль дзяржаўная дапамога ў выглядзе такіх паслабленьняў дапамагала хоць неяк эканоміць сьціплыя прыбыткі. Цяпер жа пэнсіянэры намагаюцца шмат ня езьдзіць, менш карыстацца электрыкай і па магчымасьці хварэць на што лягчэйшае.

Згодна з афіцыйнай статыстыкай, з агульнага ліку 2,5 мільёнаў беларускіх пэнсіянэраў амаль 160 тысяч — адзінокія сталыя людзі, пра якіх могуць паклапаціцца дзеці ці сваякі. А вось 592 тысячы кінутыя фактычна на самавыжываньне, бо жывуць адны і разьлічваюць толькі на ўласную пэнсію.

Напярэдадні выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў пра пэнсіянэраў нечакана ўзгадалі — праўда, толькі сталічных. 26 верасьня 300 тысяч сталых менчукоў атрымалі аднаразовую грашовую дапамогу ў памеры трох базавых велічынь — 105 тысяч рублёў. Дакладная фармулёўка дапамогі не ўдакладняецца, але супадзеньне ў датах штурхае да пэўных высноваў. Зрэшты, ніводзін пэнсіянэр не адмовіўся б ад такога шырокага жэсту і кожны месяц.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG