Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“У Беларусі ўсё будуецца на пяску хлусьні і падману”


Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 1 кастрычніка, сераду.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

У Беларусі адбыліся выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Слухачы “Свабоды” працягваюць абмяркоўваюць іх вынікі:

Спадар: “Ніякага дыялёгу Захаду з кіраўніцтвам Беларусі не атрымаецца, бо ў Беларусі ўсё будуецца на пяску хлусьні і падману. Пацьверджаньне ўсяму гэтаму — парлямэнцкія выбары”.

Спадарыня: “Што толькі не прадпрымалася, каб зрабіць высокі працэнт яўкі на спэктакль пад назваю “Выбары”! Участкі засталіся пустымі. І гэта бачылі самі людзі. Гэта дае вялікую пэрспэктыву для нашай будучыні. Жыве наш вялікі, разумны беларускі народ! Жыве Беларусь!”

Спадар, Барысаў: “Лазавік і Ярмошына могуць быць для прэзыдэнта не зусім харошымі. Кожны зь іх моцна перастараўся, ад дэмсілаў у парлямэнт так ніхто і не прарваўся”.

Спадар: “Які разумны беларускі народ! Ён ня стаў аддаваць галасы за апазыцыянэраў, каб яны не прайшлі ў беларускі парлямэнт, каб не паўтарылася сытуацыя мінулых гадоў, калі апазыцыянэры адкрыта выступалі супраць улады, а пасьля пачалі па адным зьнікаць”.

Спадар: “Беларуская апазыцыя павінна зрабіць заяву, у якой яна патрабуе ад Лукашэнкі пайсьці датэрмінова ў адстаўку за фальсыфікацыі выбараў, і ён нелегітымны прэзыдэнт. Акрамя двух тэрмінаў, ён ня мае права па Канстытуцыі быць прэзыдэнтам”.

Спадарыня Валянціна, Бабруйск: “Я яшчэ раз хачу сказаць пра парлямэнцкія выбары. Не хадзіла я на іх і гэтым разам. Пражыла 59 гадоў і ніводнага разу на іх не хадзіла. Дэпутаты нашага парлямэнту, на маю думку, толькі шкодзяць народу. Яны зацьвярджаюць законы, напісаныя Адміністрацыяй прэзыдэнта, па якім з кожным днём мы жывем усё горш”.

Спадарыня Галіна, Магілёў: “Зянон Пазьняк меў рацыю на 100%, што байкот гэтых выбараў быў бы самым аптымальным варыянтам паразы ўнутранай і зьнешняй палітыкі Лукашэнкі. Не было б нічога ім трэба вытрасаць з урнаў, калі б не было расколу ў апазыцыі. А байкот, усім на дзіва, атрымаўся, бо насельніцтва Беларусі да байкоту было практычна гатова. Але Лукашэнку пры дапамозе АДС удалося пазьбегнуць гэтай непрыемнай для яго долі”.

Спадар:
“У мяне такая прапанова, калі гэта чуе Ярмошына і да Лукашэнкі дойдзе. Зрабіце проста, паклічце тых людзей, хто аспрэчвае: Лябедзька, Калякін, хто яшчэ там… вазьміце матэрыялы з гэтага ўчастку і адкрыйце іх, няхай яны самі палічаць. І ўсе пытаньні будуць зьнятыя. Я ж ня думаю, што там фальсыфікацыя была”.

Выказваньне камэнтуе старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька:

“Добрая прапанова, і яе варта было рэалізоўваць на папярэднім этапе выбарчай кампаніі — у кожную ўчастковую камісію ўключыць нашага прадстаўніка. Мы б ніколі не абскарджвалі гэтыя вынікі. Але нашых людзей туды не ўключылі, і не ўключылі менавіта для таго, шаноўны слухач, каб фальсыфікаваць”.

“Якія карысныя крокі будзе рабіць апазыцыя, ці мае яна плян?” — пытаецца слухач “Свабоды” праз СМС-ліст. Яму адказвае старшыня партыі БНФ Лявон Баршчэўскі:

“Найперш апазыцыя павінна прааналізаваць памылкі,зробленыя падчас выбарчай кампаніі, а іх было шмат. Плян — гэта пашырэньне ўплыву на грамадзтва. Да прыкладу, мы плянуем кансалідацыйную акцыю на “Дзяды”. А галоўны плян — гэта з дапамогай Эўропы і Амэрыкі ціснуць на ўлады з мэтай зьмены выбарчага заканадаўства. Бо паводле дзейнага выбарчага заканадаўства нельга ўдзельнічаць ні ў якіх далейшых выбарах”.

Тацьцяна Барэль, Асіповічы: “Хачу павіншаваць нашага беларускага волата Ніла Сымонавіча Гілевіча з днём нараджэньня і пажадаць яму моцнага здароўя на доўгія гады”.

Спадар: “Мы слухаем Радыё Свабода ранкам і ўвечары. Гэта праўдзівая інфармацыя для радыёслухачоў у Беларусі. Вельмі вам дзякуем”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG