Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Мін’юст патрабуе ад Партыі БНФ тлумачэньня


Міністэрства юстыцыі хоча ведаць, ці мае арганізацыя дачыненьне да акцыі пратэсту 28 верасьня.

У звароце ў Партыю БНФ, падпісаным намесьнікам міністра А. Білейчыкам, зазначаецца, што ў акцыі ўзялі ўдзел прадстаўнікі Партыі БНФ, выступіў намесьнік старшыні Вінцук Вячорка, прысутнічала сымболіка, якая сьведчыла аб яе прыналежнасьці да Партыі БНФ.

“Згодна з інфармацыяй, якая маецца ў Міністэрстве юстыцыі, Партыя БНФ зьяўляецца “суб'ектам АДС”. 21 верасьня на пашыраным паседжаньні так званага “Палітсавета АДС” было прынятае рашэньне “заклікаць выбаршчыкаў правесьці 28 верасьня акцыі пратэсту...”, — піша намесьнік міністра.

Ён патрабуе даць тлумачэньне “адносна арганізацыі (у тым ліку ўдзелу партыі ў пашыраным паседжаньні “Палітсавета АДС” ад 21 верасьня 2008 году) і ўдзелу Партыі БНФ у вышэйазначаным масавым мерапрыемстве”, — паведамляе сайт партыі (pbnf.org).

“Міністэрства юстыцыі не разумее, што людзі могуць выходзіць на акцыі, абураныя тым, што адбываецца ў краіне падчас выбараў, і для гэтага абсалютна не патрэбныя ніякія заклікі і ніякія рашэньні палітычных партый. Пытаньні, якія ставіць Міністэрства юстыцыі, ня маюць нічога агульнага з заканадаўствам аб палітычных партыях. Міністэрства адназначна выконвае функцыі, не нададзеныя яму законам”, — пракамэнтаваў ліст міністэрства адказны сакратар Партыі БНФ, юрыст Уладзімер Лабковіч.

“Усё гэта можна разглядаць як лягічнае завяршэньне зацішша, якое было пасьля выбараў, і як працяг ціску на дэмакратычныя партыі”, — дадаў прадстаўнік партыі.

XS
SM
MD
LG