Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня – пяцікурсьніца Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту культуры і мастацтва Саша Клімовіч. Яна – будучы тэатральны рэжысэр. Вучобу ў прэстыжнай ВНУ дзяўчына спалучае з актыўнай працай у культурніцкай камісіі грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне”. Сёньня Саша Клімовіч разважае пра тое, ці здольныя дзяўчаты ўзяць на сябе лідэрскія функцыі ў моладзевых апазыцыйных арганізацыях.

– Зараз маладзёны актыўна заяўляюць пра сябе, як пра новае дзейнае пакаленьне, якое мае свае абгрунтаваныя прэтэнзіі да сёньняшняй улады, бачыць, як можна зьмяніць Беларусь да лепшага. Гэтае пакаленьне ведае сапраўдную гісторыю сваёй краіны, ганарыцца ёю і не зьбіраецца ад яе адмаўляцца.
Гэтыя людзі ня проста называюць сябе беларусамі – яны насамрэч зьяўляюцца імі, яны ведаюць і шануюць сваю мову і культуру. Ведаючы свае карані і трымаючыся іх, бязбоязна ставяцца да супрацы з захадам і ўсходам, але на роўных умовах і ня здраджваючы сваім інтарэсам.
Гэтае новае пакаленьне беларусаў не даспадобы сёньняшняй уладзе, бо не баіцца выказваць сваю пазыцыю ўслых. Улада выпрацавала розныя сродкі нэўтралізацыі актыўных маладых людзей.
Раней выкарыстоўваліся прэвэнтыўныя затрыманьні напярэдадні акцыяў. Найбольш актыўных – Севярынца, Дашкевіча, Кіма – пазбаўлялі волі ці абмяжоўвалі яе на доўгія тэрміны. Гэтая тактыка падобна на тактыку нэўтралізацыі бандыцкіх шаек: пазбаўленыя важака групоўкі распадаюцца.
Але актыўная беларуская моладзь – не бандыцкае фармаваньне, таму людзі, якія маюць сваё меркаваньне, здольныя самі стаць лідэрамі пры неабходнасьці.
Зараз зьявіліся новыя мэтады барацьбы супраць новага, свабоднага пакаленьня. Спачатку хлопцаў выключаюць з ВНУ і тым самым ставяць у сытуацыю выбару: зьяжджаць за мяжу ці заставацца тут? Для тых, хто выбірае Бацькаўшчыну, рыхтуецца новы ашыйнік – войска. Хлопцаў забіраюць. Нават нягледзячы на мэдыцынскія супрацьпаказаньні іх адпраўляюць служыць. Тым самым выбіваюць з поля актыўнай дзейнасьці.
У такіх умовах актыўнасьць прыходзіцца праяўляць дзяўчатам. Не, я ня супраць дзейных жанчын, але лічу іхнюю прысутнасьць у палітыцы хутчэй неабходнасьцю, чым нормай. У “Моладзі БНФ”, напрыклад, больш 60 адсоткаў сяброў – прадстаўніцы прыгожай паловы.
І калі старшыню арганізацыі Алеся Каліту ўжо забралі ў войска, а для тых самых Франака Вячоркі і Антося Каліноўскага застаецца пагроза прымусовага прызыву, тады нам, дзяўчатам, прыходзіцца займацца ўжо ня толькі сакратарска-інтэр’ернымі, так бы мовіць, справамі, але і браць на сябе кіраўніцтва перадвыбарчага штабу, арганізацыю назіраньня, каардынацыю мерапрыемстваў і акцыяў, супрацу з партнэрамі.
Я ня супраць, калі мной кіруюць. Я – дзяўчына і згодна выконваць працу, якую мне даручаюць адпаведна маім магчымасьцям. Аднак я ня згодная, каб мной кіравалі дурні, і з гэтым мірыцца ніколі не стану.
Таму меркаваньне, што нэўтралізаваўшы мужчын з актыўнай грамадзкай пазыцыяй дэмакратычныя суполкі заглухнуць – наіўнае. Бо ў крызысных сытуацыях жанчыны заўсёды былі здольныя ўзяць на сябе і адказнасьць, і абавязак.
Але пры нармальных умовах я зь лёгкасьцю пагаджаюся не прымаць сур’ёзных палітычных рашэньняў – на мяне ўскладаюцца іншыя місіі і функцыі па жыцьці. Кіраваць войскамі і краінай мусяць мужчыны, а жанчыны – гадаваць дзяцей і выхоўваць годных мужчын. Каб пасьля яны кіравалі намі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG