Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму пэнсіянэры падтрымліваюць уладу ўсё менш?


Цягам выбарчай кампаніі шмат хто з кандыдатаў і назіральнікаў адзначаў перамены ў настроях выбарцаў пэнсійнага веку. Чым гэта тлумачыцца?

Галоўны рэдактар крычаўскай газэты “Вольны горад” Сяргей Няроўны ўдзельнічаў у парлямэнцкіх выбарах сёлета і ў 2004 годзе. Таму можа параўнаць рэакцыю сталых людзей на перадвыбарную агітацыю:
“Да пэўнага часу пэнсіянэры былі задаволеныя рэжымам і былі гатовыя літаральна парваць усіх праціўнікаў. Кідаліся ў бойку, маўляў, подлыя бнф-аўцы, вы перашкаджаеце бацьку парадак навесьці!”
Сёлета людзі сталага веку рэагавалі прынцыпова інакш, распавядае Сяргей Няроўны:
“І ў Крычаве, і па акрузе ў цэлым настрой людзей вельмі зьмяніўся. Я ў тым ліку і сам за сябе зьбіраў подпісы, і вельмі шмат людзей сталага веку за мяне ставілі подпісы. Яскравы прыклад: 95-гадовая жанчына, якая пачула маё прозьвішча, што я рэдактара “Вольнага гораду”, папрасіла дачку прынесьці пашпарт, каб паставіць подпіс – бо мела вельмі дрэнны зрок. Узгадвалі людзі і адабраныя ў іх льготы, і наагул незадаволенасьць сытуацыяй у Крычаве. Хтосьці скардзіўся на сытуацыю ў бальніцах і паліклініках – на раўнадушша лекараў, хтосьці на сытуацыю на вуліцах, дзе ліхтароў няма, дзе бруд, што не праехаць. Настрой цалкам зьмяніўся: я хадзіў 28 верасьня і сутыкаўся са сталымі людзьмі – твары незнаёмыя, а яны вітаюцца, і кажуць: мы за Вас, Сяргей Аляксеевіч, мы за Вас...”
Паводле афіцыйных дадзеных, тым ня меней, праўладная канкурэнтка Сяргея Няроўнага набрала 81% галасоў.
Мы ня можам пярэчыць Адміністрацыі прэзыдэнта
Валянціна Кудлацкая, сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) зь Верхнядзьвінску, таксама заўважыла значную зьмену настрояў электарату пэнсійнага ўзросту. Красамоўны прыклад – сустрэча выбарцаў з дзейным дагэтуль дэпутатам парлямэнту сп.Скавародкам:
“Я пыталася пра льготы, пра дэкрэт прэзыдэнцкі па прадпрымальнікам, пра сытуацыю з нашай мэдыцынай, якую мы ўжо ў нашым раёне мэтадам народнай будоўлі аднаўляем... І ведаеце, што ён адказаў? “Ну, вы ж разумееце: мы ня можам сварыцца з прэзыдэнтам, законы пішуць у інстытуце законапраектнай дзейнасьці, і мы ня можам спрачацца з гэтымі законамі, мы ня можам пярэчыць Адміністрацыі прэзыдэнта...” Дагэтуль ідзе розгалас ад гэтай сустрэчы, людзі задаюць сабе і іншым пытаньне: а навошта мы іх выбіраем тады? І дарэчы, яго зноў выбралі. І чым тады яны займаюцца там, у парлямэнце”?
Тое, што стаўленьне выбарцаў пэнсійнага ўзросту да афіцыйнай улады зьмянілася, пацьвярджае і Намесьнік дырэктара Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў Аляксандар Сасноў. Але прычына, тлумачыць сацыёляг, ня ў тым, што людзі паразумнелі, ці ў іх расплюшчыліся вочы. Проста многія з тых старых, хто падтрымліваў Лукашэнку, сышлі ў лепшы сьвет:
“Ідзе зьмена пакаленьняў. І тыя, што раней былі маладзейшыя, за 17 лукашэнкаўскіх год ужо падышлі да пэнсійнага ўзросту ці перасягнулі яго. І замянілі тых, хто раней моцна Лукашэнку падтрымлівалі.”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG