Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кандыдат з Рэчыцы аспрэчвае вынікі выбараў


Незалежны кандыдат у дэпутаты парлямэнту Леанід Невар з Рэчыцы аспрэчвае вынікі выбараў у мясцовай акрузе №44.

Паводле камісіі, дэпутатам тут абраная начальніца фінансавага аддзелу Рэчыцкага райвыканкаму Ала Ісачанка. За яе, як сьцьвярджае выбарчая камісія, прагаласавалі 84 працэнты выбарцаў, што прыйшлі на ўчасткі, за Невара – крыху больш за 7.

“Я падаю скаргу ў Цэнтрвыбаркам, каб прызналі выбары ў 44-й акрузе несапраўднымі, сфальшаванымі, – гаворыць кандыдат у дэпутаты ў Рэчыцкай выбарчай акрузе №44 Леанід Невар. – Учора я выступіў і сказаў непасрэдна на паседжаньні камісіі, што адбылося велізарнае фальшаваньне. Ніхто з чальцоў акруговай выбарчай камісіі мне не запярэчыў. Забыліся нават павіншаваць Алу Іванаўну Ісачанку – і распусьцілі акруговую камісію”.

У скарзе, дасланай учора ўвечары па факсу ў Цэнтрвыбаркам, спадар Невар прыводзіць шэраг довадаў наконт, на яго думку, падтасоўкі вынікаў выбараў. У тым ліку й такія:

“На ўчастках 11, 24, 25, 30 – практычна на ўсіх участках скрыні папярэдняга галасаваньня былі адчынены й заменены бюлетэні. Падтасоўвалі вынікі за кандыдата ад улады. У раёне, дзе я жыву, дзе мяне ведаюць зь дзяцінства, дзе я вучыўся ў школе, на гэтай вуліцы калі даведаліся, што ў скрынях папярэдняга галасаваньня за мяне ўсяго 16 бюлетэняў, а за Алу Іванаўну 306, то людзі, якія тут жывуць, зьдзіўляліся і казалі: “Нам што, ісьці самім у райвыканкам? Нас у гэтым квартале жыве паўсотні, і мы ішлі галасавалі за цябе”.

Намесьнік старшыні акруговай выбарчай камісіі №44 Рыгор Якушаў сказаў нашаму радыё на прэтэнзіі Невара да падсумаваньня вынікаў выбараў:

“Калі ў яго ёсьць пытаньні, няхай піша заяву. А па тэлефоне я ніякіх камэнтароў не даю”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG