Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

На менскім стадыёне “Дынама” прайшоў матч групавой стадыі Лігі чэмпіёнаў паміж барысаўскім БАТЭ і турынскім “Ювэнтусам” – адным з самых тытулаваных клюбаў сьвету. Нічыя 2:2.

Менская пляцоўка ў якасьці хатняй арэны барысаўцаў выбраная не выпадкова – стадыён у Барысаве не адпавядае патрабаваньням УЭФА для правядзеньня матчаў такога ўзроўню. І хоць “Дынама” таксама далёка ад міжнародных стандартаў, але аўралам зробленая перабудова падтрыбунных памяшканьняў. Сустрэча выклікала падвышаны інтарэс і сёньня на стадыёне аншляг. Шмат заўзятараў, якія так і ня трапілі на гульню, сабраліся ля Палацу спорту, дзе зь вялікага экрану вядзецца трансьляцыя футбольнага матчу.

На пляцоўцы каля Палаца спорту, дзе ўсталяваны плязмэнны экран Першага нацыянальнага каналу, сабраліся сотні заўзятараў. Гэта перадусім тыя, хто ня здолеў набыць квіткі на матч у касах стадыёну “Дынама”. Дарэчы, сытуацыя з рэалізацыяй квіткоў ужо набыла крымінальнае адценьне – некалькі дзясяткаў тысяч білетаў так і не дайшлі да аматараў спорту. У масавым парадку іх скуплялі прадпрыемствы і спэкулянты. Сёньня зьявілася інфармацыя, што затрыманыя чатыры чалавекі, якія перапрадавалі квіткі ў 5 разоў даражэй – бралі за 30 тысячаў рублёў, а прадавалі з рук за 150 тысячаў.

Ля палацу спорту знайшлі прытулак і барысаўскія заўзятары, якія прыехалі ў Менск, але на гульню так і ня трапілі. Справа ў тым, што сёньня Беларуская чыгунка зрабіла шырокі жэст і арганізавала дадатковыя маршруты электрацягнікоў з Барысава ў Менск і назад. Праўда, пасажыраў хоць і дадалося, але зноў жа, квіткамі іх ніхто не забясьпечыў.

Дзесьці ў натоўпе і расейскія заўзятары, якія спадзяваліся трапіць на “Дынама” увогуле без квіткоў. Па зьвестках менскай міліцыі, у сталіцу прыехалі з паўсотні расейцаў, якія заявілі, што зьяўляюцца фанатамі “Ювэнтуса”. Была верагоднасьць, што іх разьмесьцяць у італьянскім сэктары стадыёну, бо ад 800 балельшчыкаў “Ювэнтусу”, для якіх былі зарэзэрваваныя месцы на “Дынама”, у Менск прыехалі толькі 25 (відавочна, усё ж даў пра сябе ведаць статус непрадказальнай краіны). Аднак міліцыя не рызыкнула зьмешваць несумяшчальнае — маўляў, дзе гарантыі, што замест заўзеньня з італьянцамі супраць БАТЭ расейцы ня вырашаць адпомсьціць за паражэньне двухтыднёвай даўнасьці – тады піцерскі “Зэніт” “Ювэнтусу” прайграў.

Як увогуле паводзіць сябе публіка? Сытуацыя збольшага падкантрольная, бо і склад заўзятараў аднастайны – усе падтрымліваюць беларускую каманду. Абсалютную большасьць складаюць маладыя людзі, падлеткі. Міліцыя не перашкаджае ім ні весяліцца, ні піць піва.

Адчуваньне, што для многіх такога кшталту прагляд футбольнага матчу нават больш камфортны, чым паход на “Дынама”. Па-першае, ён бясплатны, а ва ўсё горла выказваць свае эмоцыі ніхто не забараняе. Па-другое, заўзець можна пад піва, што катэгарычна недапушчальна на стадыёне. Па-трэцяе, ня трэба пакутаваць ад маруднай і прыніжальнай працэдуры татальнага дагляду. Нагадаю, што міліцыя папярэдзіла, каб гледачы падцягваліся за тры гадзіны да пачатку сустрэчы, бо прапусьціць праз мэталашукальнікі блізу 40 тысяч чалавек – справа нялёгкая.

Экран ля Палацу спорту “раскачагарылі” толькі на 15-й хвіліне

Народ заўзеў аднастайна – за Беларусь

Заўзятары запоўнілі ўсю вольную прастору перад экранам





Пашыраючы прастору, павалілі агароджу

Пасьля матчу засталіся кучы сьмецьця






Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG