Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Габрэі сьвяткуюць 5769 Новы год


Габрэі сёньня сьвяткуюць новы 5769 год. Назва гэтага сьвята, Рош а-Шана, на іўрыце азначае “Галава году”.


Летазьлічэньне ў юдэяў ідзе ад стварэньня сьвету па месяцовым календары. Новы год адзначаюць праз 163 дні пасьля Пэсаху. Любоў Лунёва пацікавілася гісторыяй сьвята і тым, як яго адзначаюць беларускія габрэі.

Новы год — Рош а-Шана — для габрэяў мае філязофскі сэнс. Паводле паданьня, Бог у Кнізе жыцьця адзначае, які лёс чакае ў наступным годзе кожнага чалавека. Калі праўдзіва разгледзець свае ўчынкі і жаданьні, то можна паўплываць на рашэньні нябеснага суду. Для гэтага кожны мае адзін месяц перад Рош а-Шана і дзесяць дзён – пасьля, да Ём Кіпура. У гэтыя дні трэба каяцца ў сваіх грахах і прасіць дабрабыту для іншых людзей.

Габрэі тады просяць адзін у аднаго прабачэньня за крыўды і жадаюць кожнаму быць унесеным у Кнігу жыцьця.

Сёньня раніцай шафар (барані рог) у сынагозе абвясьціў пачатак Новага году. Ягоныя гукі павінны абудзіць раскаяньне ў сэрцах прысутных.

Паводле габрэйскай традыцыі, у гэты дзень трэба хадзіць да вадаёму ці да студні і сымбалічна кідаць туды свае грахі. У ваду трэба кідаць усё, што ёсьць у кішэнях.

Навагодні стол павінен мець абавязковы набор страў.

Дырэктарка музэю габрэйскай культуры Іна Герасімава распавяла, як яна сьвяткуе Новы год:

“Сёньня ў мяне на стале галава рыбы. Гэта традыцыйная ежа ў гэтыя дні. У мяне гэта карп. Таксама мёд і яблыкі. Калісьці мая мама і бабуля гатавалі лэках. Каўрыжка вельмі падобная да лэкаху. У гэтыя дні я заўсёды пакупаю каўрыжку і частую ёю ўсіх знаёмых — і габрэяў, і негабрэяў. Галоўная ежа — мёд і яблыкі”.

Да сьвяточнага стала можна падаць зерні гранатаў. Кожнае зерне — сымбаль міцвы (добрай справы). Традыцыйна на стале таксама павінны быць фінікі і інжыр. Нарэзаная кружкамі морква сымбалізуе залатыя манэты, каб у доме было багацьце.

Старшыня Саюзу габрэйскіх суполак Леанід Левін нагадаў, што сёньня габрэі пачынаюць чытаць першы разьдзел Торы.

“Пачынаем чытаць першы разьдзел Торы. Гэтае сьвята сапраўды адрозьніваецца ад савецкага Новага году, калі, як мы прызвычаіліся, ёлка, шампанскае, дванаццаць гадзін… Не, гэта зусім іншае.

У гэтыя дні кожны з нас дакранаецца да самага-самага габрэйскага сэрца.

Калі вы мне дазволіце, то я б павіншаваў усіх з нашым сьвятам Рош а-Шана. Мае даражэнькія, у нашай краіне на новы год ліст жаўцейшы, але я ўсім жадаю, каб на дрэве жыцьця лісьце было заўсёды зялёнае”.

Празь дзесяць дзён пасьля Новага году пачынаецца Ём Кіпур — дзень строгага посту і малітвы. А 21 кастрычніка габрэі будуць адзначаць жалобную гадавіну – 65-годзьдзе зьнішчэньня Менскага гета.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG