Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканскія заканадаўцы ўчора не падтрымалі плян дапамогі банкаўскаму сэктару ЗША, прапанаваны прэзыдэнтам Бушам. Усьлед за гэтым акцыі на сусьветных біржах учора зазналі найбольшае падзеньне за апошнія 20 гадоў. Амэрыканскі індэкс Доў Джонс упаў на 770 пунктаў і мае найгоршыя вынікі за ўсю сваю гісторыю. Чаму кангрэс не прыняў плян Буша і наколькі гэта робіць больш адчувальным уплыў амэрыканскага крызысу ў Эўропе?

Прэзыдэнт Буш хацеў выдзеліць зь бюджэту 700 мільярдаў даляраў для зьмякчэньня фінансавага крызысу. Яго плян разьлічваў на тое, што дзяржава пачне выкупляць ад фінансавых установаў так званыя няякасныя, або малаліквідныя гіпатэкі і зьвязаныя зь імі каштоўныя паперы. Менавіта раздаваньне жыльлёвых крэдытаў усім і кожнаму, нярэдка проста немаёмным грамадзянам, паклала пачатак амэрыканскаму крызысу. Людзі масава перасталі сплачваць гіпатэкі, банкі спрабавалі прадаць закладзенае жыльлё, каб вярнуць свае сродкі, але тых, хто б купіў нерухомасьць, стала намнога меней. Банкі пачалі банкрутаваць.

Трэба, аднак мець на ўвазе, што большасьць амэрыканскіх банкаў – установы прыватныя, і ўліваньні туды бюджэтных грошай азначае або фактычнае адзяржаўленьне, або дзяржаўную дапамогу прыватніку. Таму пры галасаваньні ў кангрэсе наконт пляна Буша ўзялі верх аргумэнты, што гэткае шматмільярднае ўліваньне несла б пагрозу прынцыпам свабоднага бізнэсу. Да таго ж падаткаплатнікі паслалі заканадаўцам шмат мэйлаў і смс, што ня хочуць, каб іх падаткі ішлі на падтрыманьне бізнэсу банкіраў з Вол Стрыт.

Учорашняе галасаваньне ў ЗША вокамгненна адгукнулася на біржах сьвету, хваля панікі пракацілася ад Эўропы да Азію.

Гаворыць Ніклас Вэрон, дасьледчык Цэнтру Бругеля ў Брусэлі:

“Бура ў ЗША настолькі вялікая і магутная, што і ўявіць немагчыма, каб гэта не закранула Эўропу”.

Толькі ўчора ў Эўропе былі пераведзеныя пад дзяржаўны кантроль тры банкі – бэльгійска-галяндзкі Fortis, брытанскі Bradford & Bingley ды ісьляндзкі Glithir. Праблемы зазнае і нямецкі банкаўскі сэктар. Учора нямецкі ўрад мусіў прапанаваць свае фінансавыя гарантыі аднаму з банкаў. У Парыжы прэзыдэнт Сарказі правёў сустрэчу са сваімі эканамічнымі дарадцамі.

Адным з глябальных наступстваў амэрыканскага крызысу стала і тое, што банкі перастаюць узаемна давяраць і пазычаць. Гаворыць Ларс Крыстэнсэн, аналітык Danske Bansk у Капэнгагене:

“Калі паглядзець на Цэнтральную і Ўсходнюю Эўропу, на такія краіны, як Баўгарыя, Румынія, Балтыйскія краіны – усе яны маюць дэфіцыт сродкаў у банкаўскім сэктары. Гэты дэфіцыт павінен бы быў фінансавацца крэдытамі пераважна заходнеэўрапейскіх банкаў , якія маюць даволі жорсткую крэдытную палітыку якраз цяпер, таму што самі цяжка знаходзяць крэдыты”.

У выніку, як адзначае дацкі аналітык, глябальны банкаўскі сэктар апынаецца пад стрэсам, працэнтныя стаўкі растуць, надзвычай адчувальнай становіцца праблема так званай ліквіднасьці актываў. Узьнікае і пытаньне, ці павінны эўрапейскія банкі складаць свой уласны плян захаваньня? А калі так, то як ён павінен працаваць?

Але пакуль што, выглядае, эўрапейскія палітыкі больш спадзяюцца на Вашынгтон – з надзеяй, што калі ня той, учорашні, дык наступны плян выхаду з крызысу будзе мець дастаткова шанцаў.











  • 16x9 Image

    Алена Ціхановіч

    Родам з Койданава, ці Дзяржынску. У раньнія 90-я пачала супрацоўніць са «Свабодай», вэтэраны якой абралі яе пазьней «голасам радыё».

XS
SM
MD
LG