Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вынікі выбараў у рэгіёнах: страты і набыткі


На сёньня рэгіянальныя актывісты апазыцыі накіравалі ў Цэнтральную выбарчую камісію і мясцовыя пракуратуры больш за 120 пісьмовых скаргаў на парушэньні выбарчага заканадаўства.

Старшыня Берасьцейскай абласной арганізацыі Партыі БНФ Зьміцер Шыманскі балятаваўся ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Берасьцейскай-Цэнтральнай выбарчай акрузе № 2. Суразмоўца перакананы, што вынікі галасаваньня сфальшаваныя. Але ён лічыць, што апазыцыя атрымала ў выніку гэтай кампаніі палітычныя набыткі:

“Мэты, якія мы ставілі, а менавіта — далучэньне новых людзей, пошук прыхільнікаў у грамадзтве і папулярызацыя партыйных каштоўнасьцей — збольшага намі дасягнутыя. Падчас выбарчай кампаніі да нас далучыліся 20 чалавек, якія актыўна працавалі.
“Да нас далучыліся новыя актывісты”
Яны вялі назіраньне за выбарамі, раздавалі мае ўлёткі на вуліцах і ад дзьвярэй да дзьвярэй. Мяркую, што гэтыя людзі застануцца з намі і пасьля выбараў”.

Агітацыя пад бел-чырвона-белым сьцягам ля мяжы Расеі

Вынікі выбараў у Віцебскай сельскай акрузе № 21 камэнтуе вылучэнец АДС Леанід Аўтухоў:

“Дзеяньні апазыцыі на выбарах лічу станоўчымі. Мы ішлі на выбары пад бел-чырвона-белым сьцягам. Ён быў на нашых улётках на беларускай мове. І гэта адбывалася на мяжы з Расеяй. Паводле неафіцыйных падлікаў, да 35% выбарцаў падтрымалі нас. Так што для сябе мы зрабілі станоўчую выснову — насельніцтва падтрымлівае сапраўдную Беларусь”.

Далей Леанід Аўтухоў кажа пра ацэнку АБСЭ, якая заявіла, што выбары ў Беларусі не адпавядалі стандартам дэмакратыі:

“Я шмат разоў сустракаўся з назіральнікамі ад АБСЭ. Я ім казаў: “Спадарства, Беларусі цяпер вельмі патрэбная праўда. Няхай ацэнка будзе горкая, але праўдзівая”. Пры вынікі свайго назіраньня яны заявілі праўдзіва”.

“Дэмакратыю ў Беларусі нельга імітаваць”

Намесьнік старшыні Гарадзенскай гарадзкой арганізацыі партыі БНФ Максім Губарэвіч наступным чынам ацэньвае плюсы выбарчай кампаніі:

“Мы заручыліся падтрымкай насельніцтва. Не віртуальнай, а менавіта канкрэтнай: тысячы подпісаў былі сабраныя за вылучэньне нашых кандыдатаў, сотні людзей падыходзілі да нас на пікетах і зьвярталіся да кандыдатаў са словамі падтрымкі. Было мноства званкоў кожны дзень ад жыхароў гораду нашым кандыдатам — Сяргею Антусевічу і Вадзіму Саранчукову. Людзі казалі: мы будзем за вас галасаваць. Мы атрымалі станоўчы настрой падчас кампаніі. Думаю, што ён захаваецца ў нас да наступнай буйной палітычнай падзеі — прэзыдэнцкіх выбараў”.

Наконт адмоўнай рэакцыі Захаду на вынікі парлямэнцкіх выбараў у Беларусі Максім Губарэвіч кажа:

“Лукашэнка ня змог падмануць Захад. Бо насамрэч імітаваць дэмакратыю немагчыма: яна ці ёсьць, ці яе няма”.

“Ня ўсе дэмакраты разумелі, што цяперашнія выбары былі этапам падрыхтоўкі да прэзыдэнцкіх”

На Магілёўшчыне пазытыўным вынікам апазыцыя лічыць учынкі Валера Беразіенкі і Пятра Мігурскага. Першы зь іх быў у Магілёўскай-Кастрычніцкай камісіі, другі — у Шклоўскай. Абодва выкрылі факты шматлікіх парушэньняў і адмовіліся падпісваць выніковыя пратаколы.

Сытуацыю ацэньвае Аляксандар Сілкоў, які балятаваўся ў Магілёўскай-Цэнтральнай выбарчай акрузе № 85:

“Спадар Мігурскі знайшоў падпісаныя пратаколы без пазначаных у іх вынікаў. Гэта дакумэнтальны факт, як фальшавалі на выбарах і ў іншых акругах. На вялікі жаль, дэмакратычныя сілы яшчэ не разумелі, што парлямэнцкія выбары патрэбныя былі нам не для перамогі, а каб рыхтавацца да прэзыдэнцкіх выбараў. Адпрацаваць сыстэму, правесьці мабілізацыйную кампанію. Бо калі я цяпер сустракаюся зь людзьмі, якія за мяне галасавалі, то яны просяць толькі аб адным — заставацца надалей у палітыцы. Таму набыты досьвед дазволіць нам правесьці паўнавартасную кампанію да прэзыдэнцкіх выбараў. Гэта самае станоўчае, што вынікае з парлямэнцкіх выбараў”.

XS
SM
MD
LG