Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Лукашэнка не дапускае разумных людзей да ўлады”


Агляд тэлефанаваньняў за аўторак, 30 верасьня.

Сёньняшні выпуск праграмы “Званкі на Свабоду” прысьвечаны вынікам выбараў у Палату прадстаўнікоў.

У парлямэнт не патрапіў ніводзін кандыдат ад апазыцыі.

Дзярждэпартамэнт ЗША расчараваны вынікамі выбараў. “Пры галасаваньні была зарэгістраваная яўная фальсыфікацыя”, — заявіў прадстаўнік Дзярждэпартамэнту Шон Маккормак.

Нягледзячы на некаторыя нязначныя паляпшэньні, парлямэнцкія выбары 28 верасьня ў Беларусі не адпавядалі стандартам дэмакратычных выбараў. Гэта выснова міжнародных назіральнікаў АБСЭ, зьмешчаная ў іхнай папярэдняй справаздачы. Яны адзначаюць, што выбары прайшлі ў жорстка кантраляваных умовах, а сама выбарчая кампанія была практычна незаўважная.

Спадар: “Гэта вельмі добра, што ў парлямэнце ня будзе ніводнага баламута ад партыі адмарозкаў, а гэта — спакой і стабільнасьць”.

Пэнсіянэр, кандыдат навук, дацэнт: “Калі ўсе камісіі складаліся з прадстаўнікоў толькі існуючай улады без прадстаўнікоў апазыцыі. Вось яны і адпрацавалі па загадзе ўраду: ніводнага дэпутата ад апазыцыі ў Вярхоўны Савет не прапусьцілі”.

Спадар, незалежны назіральнік: “У сувязі з тым, што ў дзяржаўных сродках масавай інфармацыі дзяржорганамі праводзілася агітацыя да агітацыйнага этапу выбарчай кампаніі, выбары ў парлямэнт з гэтай прычыны ня могуць лічыцца сапраўднымі”.

Спадар: “Ёсьць такая народная прымаўка: дрэннаму танцору нешта перашкаджае. Гэта я хачу сказаць пра нашу так званую апазыцыю”.

Спадарыня, Ваўкавыск: “Я хачу выказаць сваё меркаваньне наконт апошніх выбараў. Я даю абсалютна дакладную інфармацыю, дзеля таго каб вы маглі больш падрабязна даведацца. Мой мабільны тэлефон: 7 817170. На гэтых выбарах назіральнікам быў мой родны дзядзька, міжнародным назіральнікам з Расеі. І вось што ён паведамляў пра сваё назіральніцтва ў суботу. Калі ён прыляцеў у Беларусь з Калінінграду, дык адразу каля самага трапу яму падалі машыну. Цалкам абслугоўвала яго машына па Гародні. З Ваўкавыску па яго таксама прыслалі машыну. І ім займаўся сам намесьнік кіраўніка райвыканкаму. Яго не выпускалі з-пад увагі, кармілі за дзяржаўны кошт і гэтак далей. І, безумоўна, у прыватнай гутарцы ён расказаў пра сябе, а намесьнік кіраўніка райвыканкаму — пра сябе. Увогуле ў іх склаліся сяброўскія адносіны. Скажыце, пасьля гэтага ці магчыма праўдзівае назіраньне, калі аддаецца столькі ўвагі, калі цябе не адпускаюць з-пад кантролю? Акрамя таго, яму неабходна было наведаць 10 выбарчых участкаў. У яго распараджэньні была машына. Увогуле, я лічу, што міжнародныя назіральнікі павінны прыяжджаць інкогніта, а ня так, каб іх адсочвалі, суправаджалі і гэтак далей”.

Спадарыня Галіна, Магілёў: “Датэрміновыя прымусовыя “выбары” — перамога прызначаных Лукашэнкам дэпутатаў у яго парлямэнт. Эўразьвяз, як бы там ні было, часткова, але выбары прызнае легітымнымі. Аб'яднаныя дэмакратычныя сілы ўсё зрабілі для гэтага. На мой погляд, “выбары” былі байкатаваныя, але Ярмошына гэта замаўчала. Прымусовыя датэрміновыя выбары дапамаглі ёй у гэтым. Ня больш за 20—25% насельніцтва прыняло ўдзел у так званых выбарах. Гэта было бачна па заклапочаным твары Ярмошынай на прэсавай канфэрэнцыі”.

Спадар: “Якія б ні былі выбары, апазыцыянэраў вашых ніхто не прапусьціць, за іх ніхто не прагаласуе. Гэта амэрыканскі жывёльны сьвет”.

Спадар: “Выбары прайшлі, але яўна ўсё адміністратыўным рэсурсам было падтасавана. Па Маладэчна ішлі два ўрадавыя, адзін зь іх дырэктар каледжа, другі прадпрымальнік, а трэці — з апазыцыі зь Менску. Я ведаю, што многа за яго галасавала, а ён не прайшоў. Прайшоў, безумоўна, дырэктар каледжа, на якога рабіла стаўку мясцовая ўлада”.

СМС-паведамленьні: “Прыхільнікі ганебнага байкоту, якія не выносяць крытыкі, загубілі нават тыя малыя шанцы, што былі ў дэмакратычных сілаў. 15—20% людзей прагаласавалі б за нашых”, — напісаў Слава.

Анатоль з Асіповічаў піша: “Япіскап Бабруйскі і Быхаўскі Серафім з Расейскай праваслаўнай царквы 27 верасьня заклікаў вернікаў галасаваць за вэртыкальшчыка Крыжэвіча”.

Паводле дадзеных ЦВК, у выбарах удзельнічала 75% выбарцаў. Слухачы “Свабоды” сумняюцца ў гэтых дадзеных. Яна распавядаюць, як адбывалася галасаваньне на іхных участках.

Спадарыня: “Я вельмі хачу паведаміць, што я не прымала ўдзел у выбарах. У нашай дзяржаве ўрад зьвяртае ўвагу толькі на чыноўнікаў. Лёгкая праца, высокі заробак і пільны клопат пра іх здароўе. А простаму чалавеку ўрад не ўдзяляе ніякай увагі. Ён ня мае ніякай абароны”.

Спадар: “У час выбарчай кампаніі ў Палату прадстаўнікоў амаль на 7 дзён у Лельчыцкі раён з Гомеля прыехала каля сотні міліцыянтаў для аховы выбарчых участкаў. Такому дзікунству зьдзіўляліся самі міліцыянты. На выбарчым участку нумар 32 горада Лельчыц па сьпісе выбаршчыкаў — 2 572. На 17 гадзін 28 верасьня прыняло ўдзел у галасаваньні 56% выбаршчыкаў. За тры гадзіны да канца галасаваньня на ўчастак зьявіліся адзінкі выбаршчыкаў. Аднак паводле пратаколу прыняло ўдзел 93,3%. Атрымалася, што за пяць дзён датэрміновага галасаваньня і дзевяць гадзінаў галасаваньня ў дзень выбараў прагаласавала крыху больш за палову выбаршчыкаў. А за апошнія тры гадзіны галасаваньня — палова выбаршчыкаў. Такім чынам, у пратакол унесена каля тысячы выбаршчыкаў, якія не прымалі ўдзелу ў галасаваньні. Лічу гэта страшнай здрадай сваім людзям”.

Спадарыня: “Я жыву па вуліцы Якубава, 28. Гэта Сьвіслацкая выбарчая акруга нумар 94. Пачула па вашым радыё, што меней за ўсё адсоткаў па Менску атрымалася па выбарчых акругах 91-й Шабанаўскай і 94-й Сьвіслацкай — 61%. І як яны той 61% набралі? Калі пасьля 18 гадзіны вечара дзьве дзяўчыны бегалі па пад'ездах і запрашалі прагаласаваць хоць за каго-небудзь, а то ў іх будуць непрыемнасьці. З нашага дому, дзе 11 пад'ездаў, гэта каля 500 кватэраў, прагаласавалі толькі 11 чалавек. Я ня ведаю, колькі яны ўпрасілі пайсьці галасаваць, але з майго пад'езду пайшлі толькі два чалавекі”.

Спадарыня: “Я ня веру, што 75% выбаршчыкаў прыйшлі на ўчасткі. А трэцяй гадзіне дня мы былі на Каліноўскім выбарчым участку. Там было вельмі шмат пустых аркушаў. Без дваццаці хвілін на восьмую я прагаласавала асабіста на сваім выбарчым участку ў школе нумар 19. Гэта быў канец працы ўчастку. Там таксама было вельмі мала выбаршчыкаў. І, па сутнасьці, доказ таго, што выбаршчыкаў прыходзіла мала, дае тэлебачаньне. Яны паказваюць урны, якія ўскрываюць, і там бюлетэняў занадта мала”.

Спадарыня: “Мой дом побач зь месцам галасаваньня 28 верасьня. Адкуль 75% людзей, якія ўзялі ўдзел у выбарах? З балькона сваёй кватэры бачыла рэдкіх прахожых у бок выбарчага ўчастку. Вуліца туды амаль пуставала. Я нават зьдзівілася, стала цікавіцца, назіраць. Так было ўвесь дзень. Што за хлусьня пра выбары?! Людзі іх проста ігнаравалі”.

Спадарыня: “Учора каля 20-й гадзіны я пайшла на выбары, бо прыйшла ўся камісія ў наш пад'езд па вуліцы Мірашнічэнкі, каб людзі ішлі на выбары. Але калі я прыйшла, то са мною прыйшло пяць чалавек. Так дзіўна слухаць, што ў нас прайшлі выбары”.

Спадарыня: “Беларусы! Я віншую вас! Вы зрабілі свой правільны выбар! Вы не прыйшлі на выбарчыя ўчасткі. Вы не падтрымалі гэтую лжывую ўладу. Участкі былі пустыя, ні музыка, ні буфэты, ні прыгон, нават прыгон ня даў 30%. Віншую вас, беларусы! Устаяце з каленяў. Дзякуй вам, людзі, дзякуй за тое, што падтрымалі, што ня выйшлі на гэтыя ўчасткі, не пайшлі на гэтыя ўчасткі, да гэтай хлусьні”.

“Жыцьцё цяперашняй апазыцыі і яе вярхоў недаўгавечнае. Ёй засталося літаральна, можа, некалькі месяцаў ці гадоў”, — заявіў Аляксандар Лукашэнка ў часе галасаваньня. — “На нашай памяці яна зьнікне, бо гэта не апазыцыя — яны прадстаўляюць толькі сябе. Гэтыя сябе ўжо абясцэнілі настолькі, што людзі шарахаюцца ад іх імёнаў”, — дадаў ён.

Аўтары тэлефанаваньняў камэнтуюць словы кіраўніка дзяржавы.

Спадар: “Лукашэнка на выбарах заявіў, што апазыцыя зьнікне, і гэта, маўляў, бамжы. А я лічу, што ў апазыцыі людзі адукаваныя. Чым благі Мілінкевіч, Казулін і ўсе астатнія? І Лукашэнка не дапускае такіх разумных людзей да ўлады. Няхай і пра сябе падумае, што ён зьнікне на вякі. А апазыцыя жыла, жыве і жыць будзе”.

Спадарыня Бялькевіч, Салігорск: “Лукашэнка прадказаў хуткую гібель апазыцыі. Але ён не ўлічыў, што ў апазыцыі да ўладаў знаходзіцца траціна насельніцтва Беларусі. Апазыцыя можна зьнікнуць толькі разам зь ім”.

Тацьцяна Севярынец, Віцебск, экс-кандыдат у дэпутаты парлямэнту: “Хачу пракамэнтаваць выказваньні дзеячаў, якія сьцьвярджаюць, што апазыцыя нічога не зрабіла за час свайго існаваньня. Гэта хлусьня! Паважанае спадарства! Менавіта толькі дзякуючы дзейнасьці апазыцыйных НДА і партый на Беларусі ёсьць сацыяльныя прытулкі для дзяцей, ажыцьцяўляюцца шматгадовыя праграмы па аздараўленьні дзяцей з зоны, атручанай радыёнуклідамі, гуманітарная дапамога інтэрнатам сірот, экалягічныя праграмы, праграмы “Анты-СНІД”, супраць наркотыкаў, гандлю жанчынамі, дапамога інвалідам — хаця б зьявіліся сходні для вазочнікаў. Дзякуючы недзяржаўным грамадзкім аб'яднаньням і толькі ім. А праграма Каліноўскага для моладзі, выгнанай дзяржавай з ВНУ! І шмат-шмат іншага”.

Спадарыня: “Апазыцыю ўвесь час абражаюць. Гэта ж паважаныя ў нашай дзяржаве людзі, якія многа зрабілі для яе. Шушкевіч, Вайтовіч, Багданкевіч — гэта ж разумныя, паважаныя людзі. Чаму можна іх паважаць? Трэба сесьці за круглы стол, як не самому Аляксандру Рыгоравічу, дык яго намесьнікам, памочнікам”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG