Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як фальшавалі выбарчыя дакумэнты


Пётар Мігурскі паказвае не аформлены, але падпісаны пратакол зь вёскі Аляксандрыя

Пётар Мігурскі паказвае не аформлены, але падпісаны пратакол зь вёскі Аляксандрыя

На Магілёўшчыне два выніковыя пратаколы акруговых камісіяў дагэтуль не падпісалі два іх сябры. Яны заяўляюць, што ў ходзе галасаваньня й падліку галасоў імі былі выяўленыя факты фальшаваньня.

На Магілёўшчыне два выніковыя пратаколы акруговых камісіяў дагэтуль не падпісалі ўсе іх сябры. Пратакол Магілёўскай Кастрычніцкай камісіі не падпісаў Валер Беразіенка, а Шклоўскай — Пётар Мігурскі. Абодва заяўляюць, што ў ходзе галасаваньня й падліку галасоў імі былі выяўленыя факты фальшаваньня. У Цэнтральнай выбарчай камісіі тлумачаць, што адсутнасьць аднаго подпісу ў пратаколе не ўплывае на рашэньне камісіі.

Пётар Мігурскі выявіў несапраўдныя выніковыя пратаколы ўчастковых камісіяў зь вёскі Гарадзец — адзін быў не запоўнены, але падпісаны, другі — запоўнены алоўкам і таксама падпісаны, — і трэці, зь вёскі Бушлякі, таксама не запоўнены, але падпісаны. У камісіі Мігурскі запатрабаваў ануляваць вынікі галасаваньня й заявіў, што ня будзе падпісваць выніковага пратаколу.

З гэтай нагоды сёньня ў Шклове мелася адбыцца паседжаньне камісіі. Гаворыць Пётар Мігурскі:

“Мне патэлефанавала старшыня акруговай камісіі Глякава Людміла Анатолеўна й заявіла: у сувязі з тым, што сябры камісіі ня лічаць неабходным зьбірацца, паседжаньне камісіі адмяняецца. То бок Іваноў застаецца дэпутатам, а майго подпісу, які ці быў там патрэбны, ці не, — яго там наагул няма”.

Старшыня цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына абвясьціла ў панядзелак, што па Шклоўскай акрузе абраны дэпутатам палаты прадстаўнікоў старшыня Шклоўскага райвыканкаму Валер Іваноў. Колькасьць выбарцаў, якія аддалі за яго галасы, дагэтуль, аднак, невядомая.

Не падпісаў выніковага пратаколу й сябра Магілёўскай-Кастрычніцкай камісіі Валер Беразіенка:

“На бальшыні ўчасткаў аказалася вялікая колькасьць несапраўдных бюлетэняў. Я папрасіў праверыць правільнасьць прызнаньня бюлетэняў несапраўднымі хоць бы па пратаколе адной з камісіяў. Мне сказалі, што ўскрываць пакункі ўчастковых камісіяў не дазваляецца”.

Паводле спадара Беразіенкі, у акруговую камісію паступіла шмат скаргаў ад назіральнікаў, але яму невядома, якія па іх прымаліся рашэньні.

Па Магілёўскай-Кастрычніцкай акрузе, паводле афіцыйных зьвестак, перамагла намесьніца старшыні дзяржаўнага абласнога аб’яднаньня прафсаюзаў Тацяна Ісачанка.

Ці можа быць зацьверджаны выніковы пратакол акруговай камісіі бяз подпісаў усіх яе сяброў? Тлумачыць сакратар Цэнтральнай выбарчай камісіі Мікалай Лазавік:

“Кожны сябра выбарчай камісіі можа мець асобую думку, якая можа адрозьнівацца ад агульнага рашэньня выбарчай камісіі. Калі ж большасьць сяброў камісіі прагаласавала за рашэньне, яно лічыцца прынятым”.

Што да Пятра Мігурскага й Валера Беразіенкі, абодва яны сваю пазыцыю выклалі ў скаргах у Цэнтральную выбарчую камісію і ў пракуратуру.










Тры несапраўдныя пратаколы, выяўленыя Пятром Мігурскім.



XS
SM
MD
LG