Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня – пяцікурсьніца Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту культуры і мастацтва Саша Клімовіч. Яна – будучы тэатральны рэжысэр. Вучобу ў прэстыжнай ВНУ дзяўчына спалучае з актыўнай працай у культурніцкай камісіі грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне”. Саша Клімовіч разважае пра тое, наколькі ўдала выконвае Інтэрнэт ролю пляцоўкі для грамадзкай дыскусіі.

– Зараз большасьць інфармацыйных сайтаў дае інэрнэт-карыстальнікам магчымасьць пакідаць камэнтары на навіны. Гэта адлюстроўвае настроі чытацкай аўдыторыі, паказвае стаўленьне людзей да той ці іншай асобы альбо падзеі.

Але па маіх уласных назіраньнях, камэнтаваньне навінаў грамадзкасьцю зводзіцца да абразьлівых спрэчак. Шматлікія інтэрнэт-форумы, інфармацыйныя сайты з правам на камэнтаваньне, блёгі – гэта месца, дзе заўсёды ёсьць магчымасьць быць ананімам, ёсьць магчымасьць не адказваць за свае словы.

Мне часам здаецца, што інтэрнэт-дыскусіі – свайго роду маніпуляцыя на чалавечых слабасьцях, таму што заўсёды лягчэй выказаць думку, седзячы за кампутарам і прызэнтаваць яе пад псэўданімам, чым весьці дыскусію наўпрост.

Часта спрэчкі ў інтэрнэце пачынаюцца і скончваюцца без аргумэнтаў і доказаў, даволі рэдка ў камэнтарах можна знайсьці адэкватную канструктыўную думку ці прапанову, часьцей за ўсё абмяркоўваюцца асабістыя якасьці пэрсаналій.

Напрыклад, нядаўнія падзеі ўнутры Фронту, зьвязаныя з выключэньнем Алеся Міхалевіча, шырока асьвячаліся ў прэсе, і, вядома, шмат было камэнтараў на гэты конт. Дык вось: удзел бралі людзі, якія даўно жывуць за мяжой, не зьяўляюцца сябрамі Фронту і не зусім у тэме пытаньня. На мой погляд, сытуацыя абсурдная, склалася ўражаньне, што кожны мае свой інтарэс і вельмі залежыць ад вырашэньня гэтага пытаньня. Але часьцей за ўсё допісы былі эмацыйнымі і абразьлівымі ў бок альбо Баршчэўскага, альбо Міхалевіча, але ніяк не канструктыўнымі: ніхто не прапаноўваў шляхі да кампрамісу, і дыскусія ніяк не паўплывала на вырашэньне гэтай сытуацыі. На мой погляд, яна стала шкоднай як для аднаго боку, так і для другога.

Ці ўзяць нядаўнія камэнтары на сытуацыю Франака Вячоркі з прызывам у войска на сайце “Нашай Нівы” і ў “ЖЖ” – таксама бачым выключна пасыл нэгатыву да пэрсоны, і ніяк не ацэньваюцца законнасьць ці незаконнасьць выключэньня Франака з ВНУ і сёньняшняга прызыву.

Я сутыкалася з разьвіртуалізацыяй некаторых актыўных інтэрнэтчыкаў, дык у большасьці сваёй гэтыя людзі даволі сьціплыя ў жыцьці і асьцярожныя ў выказваньнях. Проста Інтэрнэт – тое месца, дзе чалавек альбо выдае сябе за таго, кім бы ён марыў быць, але ня стаў, альбо чалавек проста рэалізоўвае сваё права на ліцадзейства: ён апранае маску і стварае адмысловы вобраз.

Даўно вядома, што ўсе разьбіраюцца ў трох рэчах: футболе, палітыцы і мастацтве. Гэта было заўсёды, але раней гарачыя дыскусіі пачыналіся і скончваліся на кухні, зараз тое прыняло большыя маштабы.

Не лічу, што гэта кепска – напэўна, гэта тое, з чым трэба зьмірыцца. Усё ж такі ёсьць форма выказваньня меркаваньня, форма лёгкадаступная і папулярная.

Я вельмі не люблю ананімныя, абразьлівыя і крыклівыя камэнтары. Чытаючы іх, адразу ўзьнікае жаданьне сустрэцца з гэтым чалавекам і паразмаўляць на спрэчную тэму. У жывым, так бы мовіць, фармаце, як правіла, дыскусія становіцца больш цывілізаванай і канструктыўнай.

Але апошнім часам да ўсіх эмацыйных допісаў стаўлюся з гумарам: часам яны вельмі забаўляюць сваёй нечаканасьцю. Трэба адзначыць, што людзі найбольш вынаходлівыя ў моманты, калі іх ахоплівае альбо злосьць, альбо зайздрасьць, і адзіным канструктыўным для сябе варыянтам рэакцыі на такія эмоцыі зьяўляецца ігнараваньне і гумар.

Я за тое, каб людзі абменьваліся сваімі меркаваньнямі на адлегласьці некалькіх мэтраў, на дыскусійных сустрэчах, канфэрэнцыях ці проста за гарбатай. Насамрэч, у спрэчках ніколі не нараджаецца ісьціна, а інтэрнэт гэта хутчэй месца для спрэчак. А вось у дыскусіі заўсёды можна знайсьці кампраміс.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG