Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўракамісія чакае выніковую справаздачу назіральнікаў


Бэніта Фэрэра-Вальднэр

Бэніта Фэрэра-Вальднэр

Эўракамісія заклікала ў панядзелак беларускія ўлады да супрацоўніцтва з міжнароднымі назіральнікамі.


Адпаведную заяву пасьля абвяшчэньня папярэдніх вынікаў галасаваньня на парлямэнцкіх выбарах зрабіла сёньня ў Брусэлі эўракамісар Бэніта Фэрэра-Вальднэр.

Яна заклікала беларускае кіраўніцтва распачаць дыялёг з місіяй назіральнікаў АБСЭ, каб рэалізаваць іх рэкамэндацыі на будучыню.
У сваім камэнтары адносна парлямэнцкіх выбараў у Беларусі сп. Фэрэра-Вальднэр адзначыла, што ў папярэдніх высновах назіральнікаў утрымліваюцца як пазытыўныя, так і нэгатыўныя заўвагі.

“Неабходна, каб назіральнікам за выбарамі быў забясьпечаны поўны доступ да завяршальных этапаў выбараў, пасьля чаго мы ўважліва вывучым выніковую справаздачу назіральнікаў”, — заявіла Фэрэра-Вальднэр.

У заяве ў прыватнасьці адзначана, што ў выніку галасаваньня ўсе 110 месцаў у Палаце Прадстаўнікоў перайшлі да прыхільнікаў прэзыдэнта Лукашэнкі, а ў часе падліку галасоў назіраліся “недахоп празрыстасьці” і “фальсыфікацыя”.

Напярэдадні выбараў ЭЗ абвясьціў, што гатовы перагледзець пытаньне аб санкцыях у дачыненьні да Беларусі, калі парлямэнцкія выбары 28 верасьня будуць адпавядаць міжнародным стандартам. Пра падобны намер выказваліся таксама і ЗША.

“Эўразьвязу важна цяпер паразважаць, як найлепш ладзіць кантакты зь Беларусьсю, яе кіраўніцтвам, людзьмі”, — сказала Фэрэра-Вальднэр. Гэтая праца павінна быць накіраваная ў тым ліку і на павышэньне павагі да дэмакратычных прынцыпаў, вяршынства закону і правоў чалавека ў адпаведнасьці з міжнароднымі абавязальніцтвамі Беларусі.


XS
SM
MD
LG