Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

"Маё волевыяўленьне -- не гуляць больш у гэтую гульню"


Напярэдадні выбараў мы прапанавалі нашым слухачам стаць грамадзкімі карэспандэнтамі Свабоды і паведамляць пра дэталі выбарчага працэсу, якія не адпавядаюць закону. Увечары 28 верасьня з намі зьвязаўся настаўнік зь мястэчка Краснапольле Расонскага раёну Алесь Яжэвіч, які расказаў да чаго прывяло яго рашэньне ня браць удзелу ў выбарах.


Яжэвіч: "Гэта маё асабістае рашэньне, і я быў вельмі зьдзіўлены, што пасыпаліся званкі -- сьпярша з выбарчай камісіі, потым мая дырэктрыса пачала мне пагражаць усімі магчымымі непрыемнасьцямі, калі толькі я не прыму ўдзелу ў выбарах, а ў 19 гадзін пазваніў старшыня раённага аддзелу адукацыі і сказаў, што раз "не", значыць да пабачэньня".

Ціхановіч: "Яны пагражалі, што вас пазбавяць працы?"

Яжэвіч: " Я гэта зразумеў так, тым больш, што раней я тры гады быў бяз працы -- вакансіі былі, у нашых школах працавалі людзі без вышэйшай адукацыі, а мяне з вышэйшай адукацыяй ня бралі на работу толькі таму, што я беларускамоўны".

Ціхановіч: "А чаму вы вырашылі ня браць удзелу ў выбарах? Чым вы абгрунтавалі такую сваю пазыцыю?"

Яжэвіч: "Тым, што жыцьцё год ад году ўсё горшае -- цэны растуць, зарплата застаецца мізэрнай. У мяне год назад зарплата была 350 тысяч, пры тым, што я працаваў 6 дзён пры поўнай нагрузцы".

Ціхановіч: "Які прадмет вы выкладаеце?"

Яжэвіч: "Я настаўнік нямецкай мовы, выкладаю і фізкультуру".

Ціхановіч: "А ці ведаеце вы, хто балятуецца па вашай акрузе, і ці ёсьць магчымасьць выбару?"

Яжэвіч: Я ведаю, што па маёй акрузе балятуюцца два кандыдаты, я глядзеў іх інтэрвію па тэлебачаньні. У мяне ёсьць кандыдат, якому я сымпатызую. Але калі кожны мае права свабоднага волевыяўленьня, дык маё волевыяўленьне было -- не гуляць больш у гэтую гульню, бо я ўсё роўна застаюся ў пройгрышы. Таму я вырашыў не пайсьці, і мне дзіўна, чаму адбыўся такі татальны прэсінг".
  • 16x9 Image

    Алена Ціхановіч

    Родам з Койданава, ці Дзяржынску. У раньнія 90-я пачала супрацоўніць са «Свабодай», вэтэраны якой абралі яе пазьней «голасам радыё».

XS
SM
MD
LG