Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Міхалевіч: Лукашэнка паказаў Захаду сваю недамоваздольнасьць


Кандыдат у дэпутаты на сёлетніх парлямэнцкіх выбарах Алесь Міхалевіч вельмі пазытыўна ўспрыняў заяву АБСЭ.


“На мой погляд, гэта цалкам адпавядае рэчаіснасьці. Сапраўды, былі невялікія паляпшэньні ў працэсе вядзеньня выбарчай кампаніі. Напрыклад, нашмат менш людзей было арыштавана і сядзела ў турмах, але гэта яшчэ ня значыць, што выбары былі свабоднымі і справядлівымі. Усе кропкі над “і” павінен быў расставіць сам працэс падліку галасаваньня. Працэс падліку галасоў у параўнаньні з папярэднімі кампаніямі не зьмяніўся. Назіральнікі зноў сядзелі далёка ад месца, дзе лічыліся галасы. Калі яны спрабавалі падыйсьці бліжэй, іх проста выдалялі. Было сфальсыфікавана ўсё папярэдняе галасаваньне. Казаць, што гэтыя выбары свабодныя і дэмакратычныя, ніякіх падставаў няма”.

Алесь Міхалевіч упэўнены, што калі б быў справядлівы падлік галасоў, то значная колькасьць кандыдатаў ад апазыцыі прайшла б у парлямэнт. “Я ўпэўнены, што шмат хто, і ня толькі я, перамог у сябе на акрузе. Шмат хто з кандыдатаў ад АДС і ўвогуле незалежных кандыдатаў павінен быў учора быць абвешчаны кандыдатам у дэпутаты”.

Чаго чакаць апазыцыі і беларускаму незалежнаму грамадзтву?

“Лукашэнка паказаў Захаду сваю недамоваздольнасьць. Тое, што ён ня можа быць стабільным партнэрам і зь ім немагчыма заключаць нейкія доўгатэрміновыя саюзы. Трэба чакаць вяртаньня да таго, што было перад кампаніяй, таго, да чаго, па вялікім рахунку, усе мы даўно прызвычаіліся — звычайнага перасьледу, на жаль, звычайных для нас справаў канфіскацыі матэрыялаў, магчыма — і новых палітвязьняў.

Я ўпэўнены, што трэба рабіць перафарматаваньне і абнаўленьне Аб’яднаных дэмакратычных сіл. З аднаго боку, я адназначна падтрымліваю тое, што ў АДС павінны адбыцца зьмены. А зь іншага боку, упэўнены, што дэмакратычныя сілы Беларусі ня проста выжывуць, а ўмацуюцца і ў выніку прыйдуць да ўлады”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG