Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыя: Калі выбары прызнаюць, ніякіх выбараў у 2011 годзе ня будзе


Сёньня раніцай лідэры АДС далі прэсавую канфэрэнцыю, прысьвечаную вынікам выбараў. Анатоль Лябедзька, Вінцук Вячорка, Сяргей Калякін і Ігар Рынкевіч прадставілі факты парушэньняў падчас галасаваньня і пракамэнтавалі магчымасьць ацэнкі гэтых выбараў міжнароднымі структурамі.


На прэсавую канфэрэнцыю ў штаб-кватэру БНФ прыйшлі каля дзясятка журналістаў — пераважна прадстаўнікі беларускіх недзяржаўных мэдыяў і некалькі замежных карэспандэнтаў. Лідэр АГП Анатоль Лябедзька даў палітычную ацэнку выбарчай кампаніі.

Лябедзька: “Сцэнар элегантнай перамогі не прадугледжвае падліку галасоў. Я магу заявіць адказна, што па большасьці выбарчых акругаў падліку галасоў не было. На маёй Старавіленскай акрузе на ўчастку нумар 453 праз 10 хвілінаў падлік галасоў быў завершаны. Нават не рабілі выгляду, што лічылі галасы...

Лукашэнка думае пра 2011 год, пра прэзыдэнцкую кампанію. І калі зараз пайсьці насустрач нейкім патрабаваньням эўрапейскім, то гэта азначае стварыць для сябе праблемы і складанасьці пры падліку галасоў у прэзыдэнцкай кампаніі. Калі дапусьціць лічыць галасы цяпер, то трэба лічыць і ў 2011 годзе”.

На думку Анатоля Лябедзькі, у найгоршай сытуацыі ў выніку выбараў апынулася Эўропа, бо прэзыдэнт Беларусі падмануў эўрапейцаў. “Можа, Лукашэнка за апошнія дні атрымаў ад Масквы такія прапановы, ад якіх ён ня здолеў адмовіцца”, — лічыць лідэр АГП.

Эўрапейскую тэму працягнуў і лідэр Партыі камуністаў Беларускай Сяргей Калякін. “Я ня думаю, што АБСЭ дасьць пазытыўную ацэнку гэтым выбарам. Мяркую, што спадар Арэнс даражыць сваёй рэпутацыяй”, — заявіў ён. Паводле Калякіна, некаторыя эўрапейскія назіральнікі прыехалі сюды з устаноўкай шукаць пазытыў. “Але расчараваньне ў многіх палітыкаў Эўропы будзе значна мацнейшым, чым у нас. Бо мы прывыклі: Лукашэнка часта кідаў беларускі народ, але Эўропу ён кінуў упершыню”, — заявіў лідэр камуністаў.

Намесьнік старшыні партыі БНФ Вінцук Вячорка лічыць, што пасьля таго як апазыцыю не ўключылі ва ўчастковыя камісіі, можна было не гаварыць пра шанцы дэмакратычных кандыдатаў.

Вячорка: “Я думаю, што Эўропа прайграла гэты двубой з Аляксандрам Лукашэнкам, таму што сыходзіла з таго, што можна гаварыць пра кампрамісы, пра перамовы. А Аляксандар Лукашэнка мае такую псыхалягічную рысу — калі ён чуе “кампраміс”, ён яго трактуе як слабасьць апанэнта. У яго такая мэнтальнасьць, на жаль, не эўрапейская. Некаторыя эўрапейцы казалі — “важны працэс”. Некаторыя — “важны вынік” у выглядзе ўключэньня апазыцыянэраў у сьпіс. Але цяпер — ані працэсу, ані сьпісу. Ён усіх абвёў вакол пальца”.

Удзельнікі прэсавай канфэрэнцыі заклікалі сусьветную супольнасьць ацаніць гэтыя выбары аб’ектыўна, зыходзячы з тых міжнародных стандартаў, якія ёсьць у АБСЭ і пад якімі стаіць подпіс і Беларусі. Не зыходзіць з палітычнай каньюнктуры, а прыняць аб’ектыўнае рашэньне. “Калі гэтая кампанія будзе прызнаная легітымнай, то, лічыце, ніякіх выбараў у 2011 годзе ня будзе”, — заявіў Анатоль Лябедзька.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG