Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паводле Цэнтравыбаркаму, парлямэнцкія выбары адбыліся ва ўсіх 110 акругах. У выбарах прынялі ўдзел 75,3% выбарцаў. Ніводзін з кандыдатаў са сьпісу Аб'яднаных дэмсілаў не перамог. Як ацэньваюць вынікі выбарчай кампаніі прадстаўнікі дэмакратычных сілаў?

Выбары ў Палату прадстаўнікоў завяршыліся акцыяй пратэсту ў Менску. Аднак, як і прагназавалі некаторыя палітыкі, яна не была масавай. Кандыдат Уладзімер Нісьцюк пад час прэсавай канфэрэнцыі ў сядзібе БНФ сказаў:
“Сёньня ў Менску вялікай колькасьці людзей няма чаго абараняць. І вінаватыя ў многім мы, дэмакраты, якія не змаглі скласьці агульны сцэнар выбараў. І калі з 20-ці акругаў у Менску ў 9-ці няма дэмакратаў, то там няма чаго абараняць. Таму нельга блытаць прэзыдэнцкія выбары з парлямэнцкімі. Гэта надта розныя моманты і надта розныя аб’яднаўчыя матывы. Там змагаліся за будучага прэзыдэнта. Тут за кожнага кандыдата-дэмакрата пэрсанальна змагацца наўрад ці хто будзе”.
Сыходзячы з папярэдніх дадзеных ніводзін з кандыдатаў са сьпісу аб’яднаных дэмсілаў на выбарах не перамог. Сярод іх і старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, які набраў 9,7%. Ён лічыць, што ў тых акругах, дзе ішлі канкурэнтназдольныя кандыдаты АДС, ніхто галасы не лічыў. Але ўдзел у кампаніі быў прагматычнай неабходнасьцю:
“Калі б не было нашага ўдзелу, то мы вельмі моцна аблягчылі б уладзе шлях для легітымізацыі ня толькі Палаты прадстаўнікоў, а і рэжыму. Сыходзячы з нашых рэсурсавых магчымасьцяў мы змаглі стварыць факты і доказы, якія міжнародная супольнасьць ня можа ігнараваць проста і лёгка. Галасы не лічылі. Інфармацыі не давалі. Свае камісіі яны вышкалілі, як крамлёўскага курсанта”.
Спадар Лябедзька заявіў, што кампанія выявіла пэўныя праблемы інфраструктуры дэмакратычнай супольнасьці. І калі мець сур’ёзныя намеры на прэзыдэнцкую кампанію, то працу трэба пачынаць ужо сёньня. Ён лічыць, што АДС павінен застацца і стаць больш моцным суб’ектам палітычнага жыцьця Беларусі.
Намесьнік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка, які ня быў зарэгістраваны кандыдатам у дэпутаты, заявіў, што ні Партыя БНФ, ні АДС не лічылі мінулую кампанію нечым паваротным:
“Паваротнымі кампаніямі ў нас бываюць прэзыдэнцкія. І людзі ведаюць, дзе ў нас рэальная ўлада і адпаведна змабілізавана ставяцца да прэзыдэнцкіх кампаній. А тое, што адбываецца цяпер, ёсьць сьведчаньнем памылкі, якую пачынаючы зь лютага пачала рабіць Эўропа, спадзеючыся, што ёй удасца перакаваць Лукашэнку. І тое, што цяпер мы ня бачым ні прадстаўнікоў АДС, ні нават паўдэмакратаў, паказвае, што ўсе таргі пакуль скончыліся нічым”.
Паводле спадара Вячоркі, цяпер Партыя БНФ сканцэнтруецца на прэзыдэнцкай кампаніі, якая стварае шанцы для зьменаў у Беларусі ў кірунку свабоды.
Кандыдат у дэпутаты з Барысава, прадпрымальнік Віктар Гарбачоў паводле папярэдніх дадзеных атрымаў каля 12%. Ён нагадаў, што на мінулых выбарах ён меў 30% .
“Зноў адбыўся чарговы фарс, чарговае “прыгожае кідалава” народа. А мы былі магнітам, прыцягнулі на гэтыя выбары сваіх прыхільнікаў – тысячы людзей. Яшчэ раз паказалі, што ні на якія дэмакратычныя зрухі па выбарах улада ня пойдзе. Яшчэ большае фальшаваньне адбылося, чым на прэзыдэнцкіх выбарах. Тое, што аб народ выцерлі ногі – гэта адназначна, і народ такога не даруе. 70 тысяч сяброў камісій, якія сёньня лічылі галасы, ўчынілі злачынства супраць усёй Беларусі, зрабілі масавы падман, фальшаваньне”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG