Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Свой погляд на пэрспэктывы новай плошчы і апазыцыі пасьля выбараў прапануе наш аглядальнік Віталь Цыганкоў.

Дракахруст: “Гэта ўжо чацьверты раз, калі Кастрычніцкая плошча ў Менску робіцца пляцоўкай дэманстраваньня пасьля галасаваньня – прэзыдэнцкія выбары 2000 году, рэфэрэндум і парлямэнцкія выбары 2004, прэзыдэнцкія 2006, калі плошча стала для некаторых Плошчай зь вялікай літары, і нарэшце сёньняшні дзень. Ваш прагноз – на што будзе падобная сёньняшняя плошча?”.

Цыганкоў: “Мне здаецца, што сёньняшняя плошча ня будзе падобная на папярэднія - менш стаўкі, якія стаяць перад людзьмі, якія прыйшлі на плошчу. Гэта не прэзыдэнцкія выбары, калі здаецца, што вырашаецца лёс краіны. Сёньня мы бачым, што няшмат людзей прыйшло, наўрад ці іх будуць дзесяткі тысяч. Няма адзінства і ў самой апазыцыі - ці трэба ісьці на плошчу, чым гэтая акцыя мусіць быць. Найбольшы аптымізм тут праяўляюць моладзевыя структуры , якія хочуць выказаць свой пратэст супраць існага рэжыму нягледзячы ні на якія палітычныя акалічнасьці. Яны проста выказваюць сваю маральную пазыцыю”.

Дракахруст: “Лукашэнка сёньня на выбарчым участку заявіў: “Жыцьцё цяперашняй апазыцыі недаўгавечнае, ёй засталося літаральна, можа быць, некалькі месяцаў ці гадоў”. А якімі Вам бачацца пэрспэктывы апазыцыі пасьля гэтых выбараў?”

Цыганкоў: “Тут існуе два варыянта і вельмі шмат залежыць ад таго, ці будуць прапушчаныя хаця б некалькі апазыцыянэраў у палату прадстаўнікоў. Калі так, то яны міжволі стануць цэнтрам прыцягненьня ўвагі і прэсы, і дыпляматаў, і грамадзтва, як гэта было з групай "Рэспубліка" ў 2003 годзе. Нельга сказаць, што гэта былі вельмі яскравыя палітыкі, але вакол іх шмат што круцілася тады ў палітычным жыцьці.

Уявім, што дэпутатам стане Алесь Міхалевіч , выгнаны з БНФ. Ягоныя прыхільнікі, а іх амаль палова Фронту, спытаюць - дык хто ў нас у партыі лідэр?

Калі ніхто ня пройдзе, то гэта таксама паўплывае, але крыху інакш.

Тады шмат што будзе залежыць ад таго, якімі будуць адносіны афіцыйнага Менску з Захадам, ці адносіны больш менш наладзяцца, ці працягнецца адліга ці зараз і скончыцца.

Ад апазыцыянэраў мы чулі крыўды на заходніх партнэраў, якія, як сказаў у нашым эфіры намесьнік старшыні БНФ Віктар Івашкевіч, настойліва рэкамэндавалі апазыцыі ўдзельнічаць ў выбарах. У выпадку паляпшэньня адносінаў Менску з Захадам апазыцыі давядзецца карэктаваць сваю палітычную нішу.

Я, дарэчы, не зусім веру ў тую вэрсію, што павінны былі быць нейкія пэрсанальныя зьмены лідэрства, што, маўляў, трэба мяняць вярхушку ўсёй апазыцыі. Але хочацца спытаць -- дзе тая хваля маладых кадраў у партыях, якія захлынуць старыя кадры, якія заменяць іх. Ніякага такога ціску не адбываецца, на жаль, няма прытоку сьвежых людзей, якія захацелі б прывесьці новых людзей ў кіраўніцтва. У любым выпадку -- наперадзе новая кампанія -- прэзыдэнцкая -- і ўсе далейшыя дзеяньні апазыцыі, яе перафарматаваньне, пра якое шмат кажуць, будзе адбывацца ужо з улікам будучай прэзыдэнцкай кампаніі”.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG