Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Выбары былі такія празрыстыя, што іх не было бачна”


Юры Дракахруст

Юры Дракахруст

Свае ацэнкі выбарчай кампаніі прапануе намесьнік рэдактара “Белгазэты” Віктар Марціновіч. Зь ім гутарыў Юры Дракахруст


Дракахруст: Паводле ЦВК на 18-00 прагаласавала 66.7% выбаршчыкаў. Дзяржаўныя дасьледныя цэнтры абнародавалі свой прагноз яўкі 85%. Незалежныя сацыёлягі падавалі больш сьціплыя лічбы: паводле лябараторыі НОВАК реальна галасаваць мелі намер 63% выбаршчыкаў, базаваны ў Літве НІСЭПД у апытаньні, праведзеным напачатку верасьня атрымаў лічбу 61%. Што гэтыя дадзеныя гавораць пра сёньняшні стан беларускага грамадзтва?

Марціновіч:
На мой погляд , гэта кажа пра тое, што цікавасьць да выбараў ня вельмі вялікая. Гэта не прэзыдэнцкія выбары. Шмат беларусаў займаліся звычайнымі восеньскімі справамі - капалі бульбу на сваіх лецішчах...

Дракахруст: Віктар, 60%, якую даюць сацыёлягі - гэта не такая малая лічба. Гэта стандартная лічба для ўсіх эўрапейскіх выбарах.

Марціновіч: Давайце супаставім гэтыя лічбы з лічбамі на прэзыдэнцкіх выбарах. Пра лічбы ЦВК гаворка асобная, але мне здаецца, што і незалежныя сацыёлягі ў сваіх прагнозах завышаюць патэнцыйную яўку.
У мяне адчуваньне, што цікавасьць да сёлетняй кампаніі значна больш нізкая, чым да любой папярэдняй. Гэтая кампанія адбываецца ў адсутнасьці палітыкі.

Дракахруст: Ці можна адзначыць нейкую тэму, якая была ключавой, фокуснай на гэтых выбарах? Скажам, тая ж вайна на Каўказе, востры канфлікт у сувязі з гэтай вайной паміж Расеяй і Захадам – гэта неяк адбілася на хадзе выбарчай кампаніі, а калі не, то чаму?

Марціновіч: На мой погляд фокусам гэтай кампаніі была яўка на датэрміновае галасаваньне.
Гэтая кампанія была празрыстая настолькі, што яе не было бачна. Адзінае што рабіла яе кампаніяй - гэта агітацыя за папярэдняе галасаваньне. Пра гэта казалі паўсюль: была агітацыя на вуліцах, у грамадзкім транспарце. Пра іншыя тэмы не казалі ані апазыцыйныя, ані праўладныя кандыдаты. У маёй акрузе за ўсю кампанію я не атрымаў у сваю паштовую скрыню ніводнай улёткі. Такога не было ніколі.

Дракахруст: Тэма байкоту выбараў і магчымасьці зьняцьця кандыдатаў была адной з самых актуальных у апазыцыйным асяродку на працягу ўсёй кампаніі. Зараз, ведаючы ўсю хаду выбарчай кампаніі, чые аргумэнты вам падаюцца больш пераканаўчымі?

Марціновіч: На мой погляд, і спачатку кампаніі, і падчас яе, і напрыканцы было відавочна, што трэба было ўдзельнічаць. Кампанія байкоту мела сэнс , калі б у ёй узялі ўдзел усе апазыцыйныя сілы. Паколькі ў дэмакратаў быў раскол, расколы па гэтым пытаньні былі і ўнутры саміх партый - АГП, БНФ, то відавочна, што абавязкова трэба было ўдзельнічаць. Высілкамі апазыцыі склалася такая сытуацыя , калі палову выбаршчыкаў пазбавілі магчымасьці сказаць "не" гэтай ўладзе.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

XS
SM
MD
LG