Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня — асноўны дзень галасаваньня на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў чацьвёртага скліканьня. Галасаваньне працягнецца да 20 гадзіны.


Папярэднія вынікі выбараў старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына абяцае абвясьціць а палове першай ночы.

Барацьбу за дэпутацкія мандаты працягваюць 263 кандыдаты. У 15 акругах у бюлетэнях упісаны прозьвішчы толькі аднаго прэтэндэнта -- выбау там людзі ня маюць.

Сярод кандыдатаў — 70 з адзінага сьпісу Аб’яднаных дэмакратычных сілаў. Зноў хочуць атрымаць мандат 32 дзейныя дэпутаты. Сярод прэтэндэнтаў — 59 жанчын.

Папярэдне назваць прозьвішчы новых дэпутатаў абяцаюць толькі а палове першай ночы. А вынікі яўкі выбарцаў — а 22 гадзіне. У Цэнтравыбаркаме адзначаюць: казаць пра тое, адбыліся выбары ці не, трэба толькі па кожнай са 110 акругаў. Так званай сярэдняй лічбы на такіх выбарах не існуе. Гэтым тут і тлумачаць, што вынікі яўкі выбарцаў і вынікі галасаваньня назавуць так позна.

А сёньня з раніцы стала вядома, што ў Беларусі пастаўлены новы рэкорд датэрміновага галасаваньня. У ім, як афіцыйна паведаміў Цэнтравыбаркам, удзельнічалі 26,3% усіх выбарцаў. Чатыры гады таму, на папярэдніх парлямэнцкіх выбарах, гэты паказьнік быў 17,39%.

Журналісты спыталіся ў Лідзіі Ярмошынай, чым яна тлумачыць такую незвычайную актыўнасьць выбарцаў:

“Мы ня лічым гэта высокім працэнтам. На выбарах прэзыдэнта больш за 30% галасавалі датэрмінова. Гэта звыклая форма галасаваньня, якая карыстаецца вялікім попытам у Рэспубліцы Беларусь. Яе вельмі любяць пэнсіянэры, хаця ім нішто не перашкаджае галасаваць і сёньня. Мая 90-гадовая маці прагаласавала датэрмінова, таму што яна баіцца, што ў дзень выбараў у натоўпе яе проста заштурхаюць.

Людзі ідуць яшчэ і таму галасаваць датэрмінова, каб суб’ектыўна быць у адзіноце, каб ім ніхто не перашкаджаў, каб ім было камфортна. Да гэтай формы галасаваньня насельніцтва прызвычаілася. І яно карыстаецца ёю”.

Палітоляг, доктар філязофскіх навук Вячаслаў Оргіш кажа, што параўноўваць лічбы дзьвюх розных кампаніяў — прэзыдэнцкай і парлямэнцкай — некарэктна. Навуковец мае сваё тлумачэньне рэкорднай лічбы датэрміновага парлямэнцкага галасаваньня:

“Такое “дасягненьне” магчыма толькі пры пэўных умовах. Якія гэта ўмовы? Па-першае, увесь час у гэтым накірунку працавала дзяржаўная прапаганда. Людзей ня тое што запалохвалі, а падштурхоўвалі да датэрміновага галасаваньня.

А зь іншага боку, на прадпрыемствах, дзе працоўны чалавек істотна залежыць ад адміністрацыі, там, мяркуючы па канкрэтных прыкладах, ці прымушалі, ці запалохвалі, каб галасавалі датэрмінова. Інакш будуць праблемы. І гэта такі вонкавы бок пытаньня”.

Прафэсар Вячаслаў Оргіш тлумачыць, чаму, на ягоную думку, уладам патрэбны такі вялікі задзел у галасаваньні:

“Мне падаецца, што вынікі парлямэнцкага галасаваньня будуць усё ж такі істотна карэктавацца ўладай. І для таго, каб была такая магчымасьць, і робіцца такі высокі працэнт датэрміновага галасаваньня. Пракантраляваць, як галасавалі ўдзельнікі датэрміновага галасаваньня, наўрад ці магчыма. Значыць, можна карэктаваць вынікі ў той ці іншы бок па той ці іншай акрузе. І вельмі цяжка ў такіх выпадках, як кажуць, злавіць за руку”.

Памятаю, пра вынікі апошніх прэзыдэнцкіх выбараў паведамілі на дзьве гадзіны пазьней за абяцаны час. Як будзе з гэтым цяпер?

XS
SM
MD
LG