Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"У панядзелак яшчэ людзі ня ведалі пра датэрміновае галасаваньне"


На Гарадзеншчыне з 13 выбарчых акругаў у сямі выбары безальтэрнатыўныя. Назіральнікі адзначаюць, што сёлета, як ніколі раней, агучваецца высокая лічба тых хто прагаласаваў датэрмінова, хаця дагэтуль невядома, колькі канкрэтна людзей узялі ўдзел у датэрміновым галасаваньні на Гарадзеншчыне.


У Дзятлаўскай акрузе № 35, па якой балятуецца Яніна Гузоўская, сябра ПКБ, у папярэднім галасаваньні ўзялі ўдзел, зь яе слоў, 34,8% выбарцаў. Яна кажа, што назіральнікі й яе давераныя асобы пішуць скаргі на парушэньне выбарчага заканадаўства.

Гузоўская: “У панядзелак яшчэ людзі ня ведалі пра датэрміновае галасаваньне, а ім папрывозілі на вёскі скрыні для галасаваньня. А ў аўторак ужо многія вёскі цалкам прагаласавалі. Напісала скаргу і пра агітацыю старшыні ўчастковай камісіі, які распавядаў выбарцам, што трэба галасаваць за маладога мужчыну, а не за старую жанчыну. У некаторых выбарцаў забіралі пашпарты й адвозілі на ўчасткі, а яны самі нават там і не былі. Вось такія скаргі”.

Іван Шэга, які балятуецца па Слонімскай выбарчай акрузе № 56, зьвяртае ўвагу на тое, што амаль нідзе не атрымалі дадзеных аб датэрміновым галасаваньні, хаця, паводле падліку яго давераных асобаў, у ім бралі ўдзел трохі болей за 10% выбарцаў.

Шэга: “На некаторых участках у нас не рэгістравалі заявы аб парушэньнях заканадаўства. Яны павінны гэта рабіць, каб потым прыкласьці іх да пратаколу. Было й такое, калі ў кабіну для галасаваньня заходзілі па два чалавекі, а старшыня выбарчай камісіі паказваў ім, за каго трэба галасаваць”.

Назіральнік за выбарамі, грамадзкі праваабаронца Ўладзімер Хільмановіч, зьвяртае ўвагу на высокі адсотак удзельнікаў датэрміновага галасаваньня.

Хільмановіч: “Нават у Горадні на некаторых участках, асабліва ў Цэнтральнай выбарчай акрузе, дзе балятуецца кандыдат ад БНФ Сяргей Антусевіч, было зафіксавана да 52% тых, хто прагаласаваў датэрмінова. Гэта ўсё ж сьведчыць, што людзей прымушалі браць удзел у датэрміновым галасаваньні. Гэта вельмі высокі адсотак, і я ня памятаю такога на папярэдніх выбарчых кампаніях”.

XS
SM
MD
LG