Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З Тацяны Севярынец патрабуюць грошы за зьняцьцё з выбараў


Тацяна Севярынец
Тацяна Севярынец

Гэта больш, чым патраціла былая кандыдатка. У камісіі ёй сказалі, што дадатковая сума — гэта сродкі, “укладзеныя дзяржавай у ейную агітацыйную кампанію”.


Тацяна Севярынец, якая 23-га верасьня адмовілася ад далейшага ўдзелу ў выбарах у якасьці кандыдата па Віцебскай-Горкаўскай акрузе №17, атрымала ліст з загадам вярнуць грошы, выдаткаваныя на выбарчую кампанію.

Паводле спадарыні Тацяны, у лісьце пазначана сума, якую яна мусіць вярнуць – 1.329.511 рублёў. Гэтая лічба вельмі зьдзівіла былую кандыдатку, якая выкарыстала на агітацыйныя ўлёткі ўсяго 560 тысяч з выдаткаваных паводле закону 50-ці базавых велічынь, або 1.750 тысяч рублёў.

Яна патэлефанавала ў камісію, дзе ёй сказалі, што зь яе спаганяюць у тым ліку і сродкі, укладзеныя дзяржавай у ейную агітацыйную кампанію. Апазыцыянэрка запатрабавала дакладную калькуляцыю гэтых выдаткаў, бо не уяўляе, якім чынам дзяржава дапамагала ёй агітаваць выбрацаў.

Нагадаем, што Тацяна Севярынец зьнялася з выбараў з тае прычыны, што ня лічыць гэтую кампанію дэмакратычнай. Да адпаведнай заявы ў камісію яна прыклала і шэраг дакумэнтаў, якія сьведчаць пра перашкоды падчас агітацыйнай кампаніі. У прыватнасьці, чатыры адмовы ад прадпрыемстваў і ўстаноў, дзе Тацяна Севярынец хацела правесьці сустрэчы з выбарцамі, і дзьве адмовы на правядзеньне агітацыйных пікетаў.

Акруговая камісія прызнала прычыны, паводле якіх актывістка адмовілася ад удзелу ў выбарах, бяздоказнымі і неаб’ектыўнымі, а таму пастанавіла вярнуць грошы.

У віцебскіх газэтах зьявіліся паведамленьні, што ў Віцебскай-Горкаўскай выбарчай акрузе №17 застаўся адзіны кандыдат — старшыня Віцебскага гарсавету Генадзь Грыцкевіч. На плякатах, зьмешчаных на выбарчых участках, фота спадарыні Севярынец заклеена белым аркушам паперы, а пад імем і прозьвішчам напісана слова “выбыла”.



Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG