Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шклоўшчына: старшыню камісіі пакаралі заўвагай


Сёньня Шклоўская выбарчая акруга вынесла заўвагу старшыні ўчастковай камісіі № 34 Ганьне Магілеўцавай. Яе прызналі вінаватай у тым, што памяшканьне для галасаваньня ў Гавядзкім сельскім доме культуры заставалася без нагляду больш за паўгадзіны.


Пра безнагляднае памяшканьне ўчора ў акруговую камісію паведаміў апазыцыйны кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Рыгор Кастусёў, які наведаўся ў вёску Гавяды, каб пабачыць, як ідзе галасаваньне. Разам зь ім была і здымачная група тэлевізійнага каналу “БелСат”.

Рыгор Кастусёў лічыць, што вынесенае Магілеўцавай пакараньне не адпавядае ўчыненаму парушэньню:

“Яна парушыла некалькі артыкулаў выбарчага заканадаўства і за гэта мусіць несьці крымінальную адказнасьць. Тут павінны даць прававую ацэнку сытуацыі юрысты. Я ж магу сказаць, што ўвесь склад участковай камісіі сышоў з памяшканьня для галасаваньня й пакінуў без нагляду выбарчыя дакумэнты, у тым ліку сьпісы выбарцаў. Была перанесеная урна зь бюлетэнямі датэрміновага галасаваньня ў іншае памяшканьне. Гэты выпадак паказвае, што людзі, якія абіраюцца ва ўчастковыя камісіі, не разумеюць сутнасьці сваёй працы й адказнасьці ў ёй. Для іх гэта своеасаблівае хобі. Я тлумачу такое мяккае пакараньне тым, што ў Магілеўцавай ёсьць сям’я і дзеці”.

Паводле Рыгора Кастусёва, Магілеўцава патлумачыла адсутнасьць участковай камісіі ў памяшканьні для галасаваньня тым, што скончыўся час працы. Яна даводзіла, што урну зь бюлетэнямі вынесьлі ў другое памяшканьне і яе ахоўваў міліцыянт.

XS
SM
MD
LG