Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Атэла” адкрывае шэксьпіраўскі тыдзень у Менску


26 верасьня літоўскі тэатар “Мяно фортас” спэктаклем “Атэла” пачынае тэатральны фэстываль “Глядзім Шэксьпіра”, які праводзіць у Менску ў якасьці дабрачыннай акцыі “Белгазпрамбанк”. Гэта той славуты спэктакль “Атэла” ў пастаноўцы літоўскага рэжысэра Эймунтаса Някрошуса, які ўпершыню паказалі ў 2001 годзе на Вэнэцыянскім тэатральным фэстывалі. Пастаноўка Някрошуса і цяпер лічыцца надзвычай сучаснай і яскравай.


У фэстывалі бяруць удзел таксама Нацыянальны тэатар імя Янкі Купалы, Нацыянальны Рускі тэатар імя Максіма Горкага і акадэмічны тэатар імя Веры Камісаржэўскай з Санкт-Пецярбургу. Купалаўцы пакажуць на сваёй сцэне трагедыю “Макбэт” у пастаноўцы Альгірдаса Латэнаса. Гэта адбудзецца заўтра, 27 верасьня. “Макбэт” ідзе на купалаўскай сцэне ўжо амаль два гады, але кожны спэктакль — сапраўдная падзея ў тэатральным жыцьці гораду.

У нядзелю, 28-га, на сцэне Рускага тэатру будзе дадзены спэктакль “Утаймаваньне свавольніцы”, які паставіла Валянціна Еранькова. Пастаноўка таксама адметная — упершыню ў Беларусі Шэксьпіра паказваюць у жанры м’юзыклу. А завершацца тэатральны тыдзень “Глядзім Шэксьпіра” на сцэне Дома афіцэраў камэдыяй “Сон у летнюю ноч” у выкананьні піцерскіх актораў. Пастаноўка і музычнае аздабленьне — вядомага баўгарскага рэжысэра Аляксандра Морфава.

Спэктаклі па творах Уільяма Шэксьпіра ў Беларусі ставяць год ад году радзей. Яшчэ ў канцы 1990-х у менскіх тэатрах ішлі “ Гамлет”, “Кароль Лір”, “Рычард Трэці”, якія цяпер з рэпэртуару зьніклі. Знаўцы кажуць, што ўжо болей за 20 гадоў у Беларусі ня ставілі “Атэла”. У якасьці клясычнага шэксьпіраўскага спэктаклю адмыслоўцы згадваюць “Гамлета” ў пастаноўцы В. Бебутава на сцэне Нацыянальнага тэатру імя Якуба Коласа ў Віцебску.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG