Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пляну акцыі 28 верасьня ў апазыцыі няма


Лідэры апазыцыі заяўляюць, што выйдуць на Кастрычніцкую плошчу пасьля заканчэньня галасаваньня 28 верасьня. У акцыі ёсьць лёзунг з патрабаваньнем новых сумленных выбараў, але як з боку Аб'яднаных дэмакратычных сілаў, гэтак і з боку Эўрапейскай кааліцыі няма ні канкрэтных арганізатараў, ні дакладнага пляну.


Былы палітвязень Аляксандар Казулін, які адбыў у турме больш за два гады пасьля масавых акцыяў пратэсту па выніках прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году, зьбіраецца прыйсьці на Кастрычніцкую плошчу 28 верасьня, калі зачыняцца выбарчыя ўчасткі. Ён мяркуе, што туды могуць прыйсьці ўсе выбарцы, чый голас ня будзе пачуты выбарчымі камісіямі.

“Цалкам відавочна, што наўрад ці мы можам разьлічваць на масавую вулічную акцыю, бо людзі за апошнія гады стаміліся ад акцыяў пратэсту. Таму нават самыя вялікія аптымісты не разьлічваюць, што там будзе вельмі вялікая колькасьць людзей. Але нават калі выйдзе 5—10 тысячаў, то гэта будзе вельмі сур'ёзны момант па мерках нашага беларускага грамадзтва. І гэта будзе азначаць, што ў правядзеньні выбараў было шмат праблемаў і недахопаў”.

Спадар Казулін зазначыў, што важна і паказальна будзе і тое, як улады адрэагуюць на гэтую акцыю.

Лідэр Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі мяркуе, што беларускія ўлады, хутчэй за ўсё, ня пойдуць на разгон акцыі выбарцаў на вачах замежных назіральнікаў і журналістаў. Асноўная мэта гэтай акцыі, паводле спадара Баршчэўскага, наступная:

“Патрабаваць новых выбараў, гаварыць, што гэтыя выбары ўлада не змагла правесьці як трэба, а патрэбныя новыя выбары. Гэта фактычна адзіны лёзунг, які можа быць”.

Паводле Лявона Баршчэўскага, у акцыі 28 верасьня няма арганізатараў, яна будзе стыхійнай. Выйдзе той, хто палічыць сябе падманутым у часе гэтых выбараў.

Аднак у Аб'яднаных дэмакратычных сілаў няма поўнага адзінства ў разуменьні мэтаў і сэнсу пасьлявыбарчай акцыі 28 верасьня. Лідэр Партыі камуністаў Беларускай Сяргей Калякін не пярэчыць яе правядзеньню, але лічыць, што акцыя ня будзе плённай:

“Сёньня народ не гатовы. Няма матывацыі для гэтага. Тыя, хто заклікаў да байкоту і адначасова да выхаду на плошчу, заблыталі людзей канчаткова, бо чалавек, які не схадзіў прагаласаваць, — у яго нічога ня скралі, яго ні ў чым не падманулі. Супраць чаго ён пойдзе пратэставаць? Я ня веру ў тое, што там будзе шмат людзей і што там будзе народнае абурэньне”.

Тым ня меней сам спадар Калякін асабіста зьбіраецца прыйсьці на Кастрычніцкую плошчу.

“Людзі прыйдуць, і мы туды прыйдзем. Калі людзі там будуць, то мы павінны там быць. Але я ня бачу, што мы далей будзем рабіць там з гэтымі людзьмі. Што далей? Некаторыя штурмаваць нешта хочуць ісьці — гэта глупства і правакацыя!”

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG