Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кандыдат у дэпутаты, былы міліцыянт Андрэй Левінаў разважае пра выбары і ролю міліцыі ў Беларусі.


Соўсь: "Вас звольнілі з працы неўзабаве пасьля таго, як была зарэгістраваная ваша ініцыятыўная група на выбарах у Палату прадстаўнікоў. Вы былы ўчастковы -- апошнім часам у людзей складаецца збольшага нэгатыўны стэрэатып пра міліцыю. Падчас службы ў міліцыі, ці даводзілася вам ісьці насуперак свайму сумленьню, сваім перакананьням?"

Левінаў: "Мне не даводзілася, але шмат каму даводзілася. Вось кароткі прыклад -- дзесьці ў 1996 годзе было затрыманьне Валерыя Шчукіна, вядомага журналіста. Калі яго затрымлівалі, яго і нагамі білі, і палкамі. Я потым размаўляў з гэтымі людзьмі: "Што ж вы робіце? Гэта ж немалады чалавек, так нельга". Некаторыя з тых, што гэта рабілі, ўжо дарасьлі да пасады намесьніка начальніка РАЎС. Я ім тлумачыў, што давядзецца за гэта адказваць, рана ці позна. Натуральна, ім гэта не падабалася. Пасьля 96-га году мяне ставілі далей ад акцый апазыцыі, людзей, нязгодных з уладай, каб я ня мог умяшацца і перашкодзіць тым дзеяньням міліцыі, якія, на мой погляд, незаконныя".

"У нас міліцыя ўспрымаецца толькі як карны орган"

Ракіцкі: "Тое, што вы былы міліцыянт, дапамагае ці перашкаджае ў выбарчай кампаніі?"

Левінаў: "Гэта складанае пытаньне. Калі людзі думаюць і ўсьведамляюць сытуацыю ў краіне, дык гэта дапамагае, бо яны разумеюць, чаму мяне звольнілі, што гэта зьвязана з выбарчай кампаніяй. Тыя, за каго думае начальства, кажуць: міліцыя -- кепска, звольнілі -- зноў кепска. Але такіх, я думаю, няшмат".

Соўсь: " Ці паўплывала на вас дзейнасьць вашага брата, вядомага віцебскага праваабаронцы Паўла Левінава?"

Левінаў: "Вядома ж. Я заўсёды па меры магчымасьці аказваў яму юрыдычную дапамогу, а ён мне. Я яго падтрымліваў. Калі ён недзе памыляўся, я яго папраўляў, бо кожны ж можа памыляцца. Мы працавалі, як у зьвязцы".

Ракіцкі: "Калі вас абяруць дэпутатам, і вы будзеце мець такую магчымасьць, ці паспрабуеце нейкім чынам паўплываць на працу праваахоўных органаў, і што б вы зьмянілі?"

Левінаў: "Найперш трэба будзе мяняць закон аб органах унутраных спраў, каб міліцыя ў вачах народу была ня карным органам, а найперш органам, які абараняе правы грамадзян. У нас жа міліцыя ўспрымаецца толькі як карны орган. Я лічу, што гэта абсалютна няправільна".

"Пытаньне ў тым, хто і як будзе падлічваць галасы"

Соўсь: "Ваш супернік па акрузе -- дэпутат Палаты прадстаўнікоў папярэдняга скліканьня Сяргей Сямашка. Чым ягоная кампанія адрозьніваецца ад вашай?"

Левінаў: "Яго запрашаюць на ўсе прадпрыемствы, ва ўсе навучальныя ўстановы, і ён туды ідзе. Ягоныя плякаты вывешваюць, дзе толькі магчыма і немагчыма. Ягоныя агітацыйныя плякаты адміністрацыі раёнаў раздаюць кіраўнікам прадпрыемстваў, і тыя ўжо самі разьвешваюць. Мне практычна ўдалося выступіць толькі на трох прадпрыемствах. На астатніх мне адмовілі, скарыстаўшы розныя зачэпкі. Мае агітацыйныя плякаты здымаюць. У гэтым і розьніца".

Ракіцкі: "Ці верыце вы, што галасы будуць падлічаны сумленна?"

Левінаў: "Размаўляючы зь людзьмі і падчас збору подпісаў, і падчас агітацыйнай кампаніі, я часта чуў, ад простых людзей, што яны супраць Сямашкі і будуць галасаваць за мяне, бо вераць у мяне, ведаюць мяне, як участковага -- гэта даволі вялікі Чыгуначны раён. Але вы задалі правільнае пытаньне. Пытаньне ня ў тым як прагаласуюць людзі, а ў тым, хто і як будзе падлічваць галасы. Калі глядзець, напрыклад, на дзеяньні акруговай выбарчай камісіі па маёй 19-й Чыгуначнай акрузе, я вельмі сумняваюся, што галасы будуць падлічаны правільна і чэсна".
  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG