Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд тэлефанаваньняў за 26 верасьня, пятніцу.


Тэма сёньняшняга выпуску — выбарчая кампанія ў Палату прадстаўнікоў. Асноўны дзень галасаваньня -- 28 верасьня, але сотні тысяч выбарцаў пад ціскам уладаў прыйшлі на выбарчыя ўчасткі датэрмінова.

Людміла, Менск: “Неяк слухала выступ Вольгі Абрамавай. Толькі і чуваць: “Я, я, я, я…” Бог не цяля, бачыць круцяля”.

Ільля Копыл, Менск: “Сёньня, 25 верасьня, я нарэшце ўбачыў, як змагаюцца кандыдаты ў дэпутаты за галасы ў доме, дзе я пражываю. Аб 11 гадзіне каманда Калякіна расклеіла свае ўлёткі з каляровым партрэтам кандыдата. Але партрэты Калякіна красаваліся нядоўга. Празь некалькі гадзін зьявілася каманда кандыдата Палянскай і сваімі ўлёткамі заклеілі ўсё! У тым ліку і ўлёткі Калякіна. Толькі кандыдат Васкрасенскі не турбуецца. Магчыма, ён упэўнены, што стане дэпутатам бяз гэтай мітусьні”.

23 верасьня пачалося датэрміновае галасаваньне. Паводле ЦВК, за тры дні ўжо прагаласавала амаль 13% выбарцаў.

СМС-паведамленьне ад Алеся з Полацку: “Выбірае Лукашэнка з вэртыкальлю, а народ толькі галасуе”.

Спадар: “На датэрміновае галасаваньне ўлада спрабуе загнаць як мага больш людзей: армію, міліцыю, студэнтаў. Гоняць на датэрміновае галасаваньне строем. І каню зразумела, для чаго гэта робіцца. Няважна, хто там і як прагаласуе — гэтыя галасы аддадуць кандыдатам ад улады. Толькі таму ўжо так званыя выбары нельга прызнаваць дэмакратычнымі, як бы гэтага ні хацеў Аляксандар Рыгоравіч”.

Зіноўеў: “Думаю, што “Беларусьфільм” калі-небудзь экранізуе гэтыя выбары ў камэдыі “17 імгненьняў датэрміновага галасаваньня”.

Спадарыня: “Выбары гэтыя яшчэ раз паказалі ўсю гніласьць лукашызму. Апазыцыя колькі разоў засядала, каб вырашыць, ці прыняць удзел у выбарах у “палатку”. А ў народа, у большасьці людзей, проста грэблівасьць да выбараў. Пад прымусам ідуць на датэрміновае. Прымус? А дзе ж адказнасьць за лёс дзяцей, унукаў нашых? Людзі, што вы робіце?”

Павел Давыдзенка: “Паважаныя грамадзяне Рэспублікі Беларусь! Задумайцеся, як вас падманулі гэтыя абраньнікі народа на выбарах. Ім трэба добры заробак і кармушка. А выбарцы для іх — быдла. Гэта махляры”.

25 верасьня ў інтэрнэце зьявілася інфармацыя, што ў адміністрацыі прэзыдэнта нібыта ўзгодненыя імёны 5 апазыцыянэраў, якія патрапяць у Палату прадстаўнікоў: Анатоль Ляўковіч, Алесь Міхалевіч, Яраслаў Раманчук, Валеры Фралоў і Ўладзімер Нісьцюк.

Спадар, Барысаў: “Хачу супакоіць Эўразьвяз: Лукашэнка абавязкова ўпусьціць у Палату двух-трох дэпутатаў з боку дэмсілаў. Але што яны, тыя двое-трое-пяцёра, змогуць зрабіць? Можа, адменяць кантрактную сыстэму або вернуць старым, малым ды хворым ільготы? Ці нешта зробяць супраць уладаў? Упэўнены, яны там будуць толькі сядзець ды глядзець, набраўшы вады ў рот”.

Станіслаў, Івацэвічы: “Я ўпэўнены, што спадара Ляўковіча сп. Лукашэнка абавязкова прапхне ў “палатку”. А за якія заслугі, нам усім вядома”.

Тэлефанаваньне камэнтуе кандыдат на дэпутата Анатоль Ляўковіч:

“Каб гэты грамадзянін сказаў яшчэ, за якія заслугі, было б што абмяркоўваць. У любым выпадку я магу сказаць так: якія б заслугі ні былі, але Анатоль Ляўковіч ужо чвэрць стагодзьдзя змагаўся з бальшавізмам, а цяпер і з гэтым рэжымам. Ёсьць партыя, якую ён ствараў, у якой ён быў заснавальнікам. Таму, каб сказалі, за што Лукашэнка мяне прапхне, быў бы прадмет для гаворкі. У чалавека ёсьць меркаваньне, але ў чалавека няма інфармацыі”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG