Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брусэль пачаў дыялёг зь Менскам. Ці будзе працяг?



Паводле прэсавай службы Аляксандра Лукашэнкі, у часе гутаркі быў абмеркаваны шэраг пытаньняў, якія тычацца разьвіцьця ўнутрыпалітычнай сытуацыі ў Беларусі, усяго спэктру двухбаковых дачыненьняў, а таксама была падкрэсьленая “важнасьць новай старонкі ў адносінах Беларусі і Эўразьвязу”.

Кіраўнік прэсавай службы А. Лукашэнкі Павал Лёгкі зазначыў, што размова адбылася на просьбу Хавіера Саляны. Павал Лёгкі ня змог дадаць іншых падрабязнасьцяў гутаркі, у тым ліку ўдакладніць, ці абмяркоўвалася выбарчая кампанія ў Беларусі і якім чынам мяркуецца працягваць распачаты дыялёг.

Прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Папоў гэтак пракамэнтаваў учарашнюю гутарку А Лукашэнкі і Хавіера Саляны:

“Прэзыдэнт мае права абмяркоўваць зь міжнароднымі партнэрамі Беларусі любыя пытаньні, у тым ліку і пытаньні правядзеньня дыялёгу з Эўразьвязам. Якія будуць формы гэтага дыялёгу, пакажа час, але пра тое, што мы зацікаўленыя ў такім дыялёгу, мы неаднаразова казалі нашым эўрапейскім партнэрам”.

Андрэй Папоў зазначыў, што паводле партнэраў у Эўропе, у пляне двухбаковых дачыненьняў цяперашняя выбарчая кампанія будзе тэстам для Беларусі. На думку А. Папова, тое самае можна сказаць і пра Эўразьвяз:

“Гэта будзе ў роўнай ступені тэстам — тэстам на аб’ектыўнасьць, на дальнабачнасьць, на палітычную мудрасьць і сьпеласьць. Бо дзеяньні Эўразьвязу па выбарчым сюжэце будуць мець сур’ёзнае ўзьдзеяньне на цэлую суму геапалітычных фактараў у нашым рэгіёне”.

Аляксей Кароль
На думку менскага палітоляга Аляксея Караля, А. Папоў тут мае на ўвазе перш за ўсё сытуацыю вакол прызнаньня Беларусьсю незалежнасьці Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі, якога ад афіцыйнага Менску дамагаецца Расея.

“Таму, безумоўна, прызнаньне ці непрызнаньне выбараў, разьвіцьцё дыялёгу замкнёна на геапалітычны чыньнік, на супрацьстаяньне, барацьбу інтарэсаў за ўплыў на Беларусь паміж Расеяй і Захадам. Старая гісторыя: Беларусь паміж Захадам і Ўсходам як разьменная манэта ў новым, сучасным варыянце”.

Думку Аляксея Караля пацьвярджае выказваньне аднаго з акрэдытаваных у Менску эўрапейскіх дыпляматаў, апублікаванае ўчора агенцтвам AFP:

“Беларусы знаходзяцца пад вялізным ціскам Расеі, якая пагражае прадаваць ім газ па рынкавых цэнах, калі яны не прызнаюць Абхазію і Паўднёвую Асэтыю. Захад павінен дапамагчы Беларусі захаваць збалянсаваную пазыцыю”.

На думку Аляксея Караля, магчымае пацяпленьне ў дачыненьнях беларускіх уладаў і Эўразьвязу нясе і пэўныя складанасьці для дэмакратычных сілаў. Яно можа аслабіць апазыцыйныя сілы ўнутры краіны:

“Ёсьць думка многіх палітолягаў і аналітыкаў, і я яе падтрымліваю, што пазыцыя Эўразьвязу ў гэтым дыялёгу не ўключае ў сябе ў поўнай меры патрабаваньня праводзіць дыялёг у трохбаковым варыянце, пры абавязковым удзеле апазыцыйных сілаў”.

Апрача таго, паводле Аляксея Караля, Захаду трэба асьцерагацца чарговага падману з боку беларускага кіраўніцтва. Іншы палітоляг, Андрэй Фёдараў, згадвае, што папярэднія спробы Эўразьвязу, у тым ліку і самога Хавіера Саляны, наладзіць нармальны дыялёг з афіцыйным Менскам асаблівага посьпеху ня мелі:

“Тады вынік размоваў быў ніякі. Але цяпер крыху іншае становішча. Так што выключаць нельга. Ня трэба мець шмат спадзяваньняў, але выключаць магчымасьць нейкіх такіх больш-менш, я кажу асьцярожна, пазытыўных зрухаў таксама не выпадае”.

На думку спадара Фёдарава, вынікі выбараў 28 верасьня пакажуць, ці ёсьць шанец спраўдзіцца спадзяваньням на нармалізацыю адносін Беларусі і Эўразьвязу.

XS
SM
MD
LG