Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пад якім лёзунгам выйдзе на плошчу апазыцыя?


У нядзелю адбудуцца выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі. У сьпісе Аб’яднаных дэмакратычных сілаў значыцца 71 чалавек.


Незалежна ад вынікаў кампаніі, шэраг палітычных рухаў ужо абвясьцілі пра намер патрабаваць новых дэмакратычных выбараў і заклікаюць сваіх прыхільнікаў выйсьці пад гэтым лёзунгам на Кастрычніцкую плошчу 28 верасьня – адразу пасьля закрыцьця участкаў.

Большасьць прадстаўнікоў дэмакратычных рухаў перакананыя, што пры цяперашнім зьнешне больш лібэральным падыходзе да выбараў улады насамрэч актыўна выкарыстоўваецца і так званы адміністратыўны рэсурс, і сумнеўнае ў беларускіх умовах датэрміновае галасаваньне, і ўвогуле мэтады, апрабаваныя падчас ранейшых аналягічных кампаній. Пацьвярджэньнем таму – факты, агучаныя незалежнымі назіральнікамі ўжо ў першыя дні датэрміновага галасаваньня.

На некаторых участках ужо, напэўна, адбыліся выбары, дзякуючы “актыўнасьці” студэнтаў, дакладней, пэўных куратараў. Калі меркаваць па іншых значных выбарчых кампаніях, лічба ў 15-20% тых, хто вызначыўся з сымпатыямі яшчэ да дня выбараў, ёсьць амаль нормай. А гэта, на думку дэмакратычных кандыдатаў, дастаткова, каб забясьпечыць камфортнае адставаньне ад канкурэнтаў уладнаму вылучэнцу.

Адзінства ў лягеры аб’яднаных дэмакратычных сілаў у часе выбарчай кампаніі, як вядома, не было. Адны абвясьцілі байкот выбарам, іншыя крыху паагітавалі і зьнялі свае кандыдатуры, трэція пайшлі да канца. І адносна мэтазгоднасьці ўдзелу ў анансаванай акцыі 28 верасьня на Кастрычніцкай плошчы таксама няма адзінства нават у кааліцыі Аб’яднаных дэмакратычных сілаў. Палітыкі ня могуць акрэсьліць лёзунг, зь якім яны зьявяцца перад людзьмі. Падаецца, што нават малая доза лібэралізму выбіла некаторых апазыцыянэраў з каляіны.

Сярод іншага ёсьць цьвёрдае меркаваньне, што ісьці на плошчу і падстаўляцца пад дубінкі няма патрэбы, бо гэтым разам няма за што змагацца. Такой пазыцыі ў прыватнасьці трымаецца незалежны кандыдат Уладзімер Нісьцюк, які вылучаецца па Масюкоўшчынскай 103-й акрузе Менску. Нагадаю, у яго ўжо ёсьць досьвед працы ў Вярхоўным Савеце. Палітык лічыць, што перадусім ня трэба блытаць прэзыдэнцкія і парлямэнцкія выбары:

Што тут даказваць, калі будзе рабіцца ўсё па тым сцэнары, які больш ці менш патрэбен уладзе? За што змагацца? Мне бачыцца, што гэта ня дасьць ніякага эфэкту
“Два бакі ў гэтай праблемы. Першае – тое, што можна было рабіць на прэзыдэнцкіх выбарах, нельга рабіць на парлямэнцкіх. Таму што ў прэзыдэнцкіх выбарах удзельнічалі два кандыдаты ад дэмакратычных сілаў, яны шлі на выбары ад пачатку і да канца. І змагацца было за што ў той час. Можна было адсочваць усю сытуацыю па выбарах, перад выбарамі і г.д. Тое, што зараз адбываецца з удзелам дэмакратычных сілаў у парлямэнцкіх выбарах, нагадвае больш тэатар абсурду. Уся выбарчая кампанія будавалася на нейкіх эмацыйных закліках, заявах. Прабачце, але ніякай эфэктыўнай працы, якая магла б даць плён, не было проста. Таму зараз няма за што змагацца. У Менску засталося кандыдатаў ад дэмакратычных сілаў – можна на пальцах пералічыць. Што тут даказваць, калі будзе рабіцца ўсё па тым сцэнары, які больш ці менш патрэбен уладзе? За што змагацца? Мне бачыцца, што гэта ня дасьць ніякага эфэкту. Ня будзе таго, што было калісьці”.

Мы заклікалі прыйсьці людзей на плошчу 28 верасьня і прапануем лёзунгам гэтай акцыі зрабіць патрабаваньне новых сумленных і справядлівых выбараў
Але больш пашыраная іншая пазыцыя. Бальшыня палітычных рухаў, якія ў сёлетнюю выбарчую кампанію ўвайшлі пад сьцягам Аб’яднаных дэмакратычных сілаў, заклікаюць людзей выйсьці на вуліцу, каб патрабаваць ад уладаў новых дэмакратычных выбараў. З тымі ж лёзунгамі зьбіраюцца на Кастрычніцкую плошчу і сілы, якія байкатавалі удзел у выбарах. Вось пазыцыя аднаго зь лідэраў грамадзянскай кампаніі “Эўрапейская Беларусь” Зьмітра Бандарэнкі:

“Мы заклікалі прыйсьці людзей на плошчу 28 верасьня і прапануем лёзунгам гэтай акцыі зрабіць патрабаваньне новых сумленных і справядлівых выбараў. Толькі тады голас беларускага народу будзе пачуты і ў Беларусі, і за яе межамі. Мы нават бачым, што гэта можа стаць асновай для рэальнай дыскусіі ў самой краіне – як зрабіць так, каб выбары былі сапраўды сумленнымі. Гэта і новыя парлямэнцкія выбары, і новыя прэзыдэнцкія выбары. Таму што калі мы пакідаем сытуацыю без зьменаў, дык ужо відавочна: будуць сфальсыфікаваныя і вынікі будучых прэзыдэнцкіх выбараў. І зноў народ чакае ня выбары, а фарс. Патрабаваньне новых выбараў – гэта лёзунг і “Маладога фронту”, і грамадзянскай кампаніі “Эўрапейская Беларусь”, і Беларускага народнага фронту”.






Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG