Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямецкі гісторык гаворыць па-беларуску і вывучае гісторыю Горадні


У Горадні адбылася сустрэча зь нямецкім гісторыкам Фэліксам Акерманам. Ён абараніў дысэртацыю на гарадзенскім матэрыяле, вывучае, у прыватнасьці, падзеі Другой сусьветнай вайны ў Горадні, гісторыю мясцовага гета.


Госьць таксама прэзэнтаваў праграму “Пласты памяці”, прысьвечаную часам акупацыі. У абмеркаваньні ўзялі ўдзел гарадзенскія гісторыкі, студэнты. На сустрэчы пабываў карэспандэнт "Свабоды", ён пагутарыў з Фэліксам Акерманам, які валодае беларускай мовай.

Карэспандэнт:
“Вы напісалі кнігу пра Беларусь, у якой чатырыста старонак. Наколькі цяжка гэта было зрабіць, колькі часу заняла праца?”

Акерман:
“У мяне гэта заняло пяць гадоў і не скажу, што гэта было проста па розных прычынах. Няма гістарыяграфіі лякальнай разьвітай ад 1939 году да канца Другой Сусьветнай вайны. І таксама пасьляваенная гісторыя ня вельмі разьвіта цяпер у Рэспубліцы Беларусь, таму мне было вельмі складана”.




Карэспандэнт:
“А дзе вы тады бралі патрэбныя матэрыялы, дзе атрымлівалася?”

Акерман: “Я хадзіў па горадзе, размаўляў зь людзьмі, розныя спрабаваў крыніцы раскрыць”.

Карэспандэнт:
“Вы вывучаеце на прыкладзе Горадні гісторыю Другой Сусьветнай вайны. А калі вы пазнаёміліся зь гісторыяй гораду, што Вас найбольш, можа быць, уразіла з таго пэрыяду, які Вы вывучаеце?”

габрэі ішлі насустрач Саветам, а палякі гэта лічылі здрадай. Гэта вельмі важны момант, каб зразумець чаму палякі пайшлі насустрач немцам, таму што яны лічылі, што гэта іх час
Акерман:
“Напэўна радыкалізацыя адносінаў сярод саміх жыхароў, гэта тычыцца палякаў і габрэяў, і розьніца паміж 1939-м і 1941 гадамі, як зьмяніліся суадносіны паміж акупацыяй савецкай і нямецкай. Я маю на ўвазе тое, габрэі ішлі насустрач Саветам, а палякі гэта лічылі здрадай. Гэта вельмі важны момант, каб зразумець чаму палякі пайшлі насустрач немцам, таму што яны лічылі, што гэта іх час”.

На сустрэчы з Фэліксам Акерманам быў журналіст і гісторык Уладзімер Хільмановіч, ён лічыць, што гісторыя апошняй вайны ў Беларусі не вывучаецца ўсебакова.

Хільмановіч: “На жаль, у асьвятленьні Другой сусьветнай вайны ў Беларусі нічога не мяняецца. Больш за тое, адбываецца рэнэсанс у горшым сэнсе гэтага слова савецкай гісторыяграфіі. Напісана безьліч працаў па гісторыі так званай Вялікай айчыннай вайны, але адсотак аб’ектыўных працаў, незаангажаваных, практычна няма. Калі раней у савецкі час нашая гісторыя у афіцыйнай гісторыяграфіі пачыналася з 1917 году, то цяпер такое адчуваньне, што яна пачынаецца з 1941 году. І ў гэтым сэнсе ні на крок мы ня зрушыліся. Тут вайна ўвесь час разглядаецца як нейкае геройства бясконцае. А як сказаў слушна адзін з брытанскіх палітыкаў: на вайне не бывае пераможцаў, толькі пераможаныя. Таму што вайна, тым больш такога маштабу, заўсёды трагедыя. А ў нас гэта ўзносіцца, я б гэта акрэсьліў як скокі на касьцях падчас пампезных фэстываляў. І дактрына такая, што ўвесь сьвет павінен дзякаваць нам, менавіта Беларусі, што мы адзіныя, маўляў, хто вызваліў Эўропу ад фашызму. Абсалютна фальшывы падыход да Другой сусьветнай вайны”.


XS
SM
MD
LG