Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Дабравольскі: “Дабіцца справядлівасьці праз помсту – немагчыма”


Чарговы грамадзкі рэдактар Свабоды – Аляксандар Дабравольскі. Праз два месяцы ў яго паўвекавы юбілей. Мае дзьве вышэйшыя адукацыі – тэхнічную і юрыдычную. Напрыканцы савецкае эпохі быў дэпутатам Вярхоўнага Савету СССР, у складзе Міжрэгіянальнай дэпутацкай групы – першай дэмакратычнай парлямэнцкай апазыцыі ў Савецкім Саюзе – працаваў разам з Андрэем Сахаравым, Барысам Ельцыным, Васілём Быкавым, Алесем Адамовічам... У Вярхоўным Савеце Беларусі 13-га скліканьня абіраўся старшынёй падкамісіі па сродках масавай інфармацыі і сувязях з грамадзкімі аб’яднаньнямі. Сябра Палітычнай рады Аб’яднанай грамадзянскай партыі, дырэктар Усходнеэўрапейскай Школы палітычных дасьледаваньняў.


Сёньня Аляксандар Дабравольскі разважае пра помсьлівасьць.

"Зараз празь дзяржаўныя тэлеагіткі галовы выбарцаў забіваюць маной, нібыта амаль усе кандыдаты ад дэмакратычных сілаў – беспрацоўныя.

Па-першае, гэта няпраўда.

Па-другое, тыя, хто сапраўды бяз працы, сталі такімі таму толькі, што яны адважыліся штосьці сказаць адкрыта, зрабіць, пакрытыкаваць існуючую ўладу…

І вось гэтая помста з боку апошняй – пазбавіць свайго апанэнта магчымасьці быць пры справе, што асабліва балюча ва ўмовах глыбінкі – патрабуе асаблівай увагі да сябе.

Мне здаецца, сутнасьць цяперашняга рэжыму – помсьлівасьць. І тое выяўляецца ў абсалютна розных формах, бо зьява гэтая ўелася ва ўвесь наш грамадзкі арганізм. Вось і помсьціць вёска гораду, бедныя багатым… Помсьцяць тыя, хто ў дзяцінстве меў праблемы, тым, хто з гэтым ці не сутыкаўся, ці цярпеў менш… Помсьцяць наагул тым, хто дасягнуў нейкага посьпеху.

І ў гэтым сэнсе помсьлівасьць разбуральная, бо яна нікому не дазваляе дасягнуць сапраўднага посьпеху.

Аднак у традыцыях беларускай культуры ніколі не было ні кроўнай, ні іншай помсты, помсьлівасьць – не ў нацыянальным беларускім характары. Што мне здаецца вельмі важным.

Некаторым людзям помста наагул здаецца свайго роду справядлівасьцю.
Аднак насамрэч помста – гэта якраз несправядлівасьць. Новая несправядлівасьць…

Толькі павага да чалавека можа быць асновай справядлівасьці.

І я хацеў бы заклікаць усіх тых, хто хоча некаму за нешта адпомсьціць, спыніцца і падумаць. Таму што зараз шмат хто мае праблемы і хацеў, каб была справядлівасьць… Аднак праз помсту – гэта ня шлях.

Бо будзе тое самае, што і зараз".



Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG