Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыянты дзяжураць на ўсіх участках


Супрацоўнікі міністэрства ўнутраных спраў ад пачатку датэрміновага галасаваньня нясуць службу ва ўзмоцненым рэжыме. Сустаршыні Рады Аб’яднаных дэмакратычных сілаў заклікалі людзей 28 верасьня ў дзень выбараў а 8 вечара выйсьці на Кастрычніцкую плошчу, каб выказаць сваё стаўленьне да выбарчай кампаніі.


Па дазвол на правядзеньне мітынгу зьвярнуліся толькі прадстаўнікі незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”.

Прадстаўнік прэсавай службы МУС Алег Сьлепчанка паведаміў “Свабодзе”, што супрацоўнікі міліцыі дзяжураць на кожным выбарчым участку.

“Мы арыентуем асабовы састаў. Выстаўленыя на выбарчых участках найбольш падрыхтаваныя супрацоўнікі. Ну, а ў сам дзень выбараў у месцы масавага збору людзей будуць падцягнутыя дадатковыя нарады міліцыі і будзем сачыць за сытуацыяй, каб не дапусьціць парушэньня закону”.

Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька лічыць, што 28 верасьня на Кастрычніцкую плошчу выйдуць людзі на знак пратэсту супраць тых парушэньняў, якія далі падставы лічыць выбары недэмакратычнымі і таму несапраўднымі.


“Рабіць нейкія прагнозы ў нашай сытуацыі складана. Усё будзе залежыць ад настрою адной асобы. Я не чакаю шмат людзей, таму што гэтыя выбары ня ёсьць пытаньнем улады, а значыць спадзяваньні на перамены невялікія. Так што прагназаваць вялікую колькасьць людзей было б няправільна. Наадварот, экспэрты кажуць, што людзей будзе няшмат і з палітычнага пункту гледжаньня няма сэнсу агітаваць людзей выходзіць на вуліцу.

Але, акрамя палітычнага боку, ёсьць яшчэ й маральны. Калі мы заяўляем, што выбарчая кампанія несправядлівая, нелегітымная, то мы павінны быць пасьлядоўнымі. Супраць несправядлівасьці трэба пратэставаць”.

Актывісты незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” падалі два тыдні таму заяўку па дазвол на правядзеньне мітынгу на Кастрычніцкай плошчы. Заяўнікі разьлічваюць, што ў акцыі возьмуць удзел да тысячы чалавек.

Гаворыць салігорскі актывіст “Маладога фронту” Аляксей Валабуеў:

“Мы лічым неабходным выходзіць на плошчу 28 верасьня, бо мы мусім паказаць сваё стаўленьне да таго, што адбываецца ў нашай краіне: невылучэньне кандыдатаў ад апазыцыі ў выбарчыя камісіі; ужо ад пачатку тыдня ўлады прымушаюць галасаваць студэнтаў, працоўных людзей пад пагрозай звальненьня; міліцыянты ўжо амаль усе прагаласавалі...

Гэта відавочны фарс і ўсё робіцца дзеля таго, каб зрабіць вынікі такія, якія неабходныя ўладзе”.

Маладафронтаўцы лічаць, што ўлады паспрабуюць прэвэнтыўна затрымаць моладзевых актывістаў у Менску і ў рэгіёнах, каб ізаляваць іх на час правядзеньня вулічнай акцыі. 7 сутак арышту адбывае гомельскі актывіст Андрусь Цянюта, якога зьнялі з цягніка па дарозе на Менск. Назіральнікі лічаць, што колькасьць затрыманых будзе ўзрастаць з набліжэньнем даты выбараў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG