Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Я. Раманчук: “Я набіраю ў акрузе 70—75 працэнтаў”


Сёньня на некаторых інтэрнэт-сайтах зьявілася інфармацыя, паводле якой улады ўжо нібыта выбралі імёны тых апазыцыянэраў, якія павінны прайсьці ў парлямэнт.

Як можна ацаніць апублікаваньне такой інфармацыі, каму гэта выгадна? Пра што сьведчаць іншыя прыклады інфармацыйнай вайны напярэдадні выбараў? На гэтыя пытаньні адказвае намесьнік старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі, кандыдат у дэпутаты Яраслаў Раманчук, які патрапіў у гэты сьпіс, і публіцыст Аляксандар Класкоўскі.

“Ад дэпутацкага мандату адмаўляцца ня буду”

Цыганкоў: “Яраслаў, ці вы прымаеце ўжо “віншаваньні” ад калегаў па апазыцыі з гэтай нагоды?”


Раманчук: “Ведаеце, я ўжо 2 месяцы чую, што мяне недзе прызначылі. Але я ня ведаю, адкуль гэтыя чуткі, таму я да іх стаўлюся з усьмешкай і проста ігнарую. Я ведаю, што шмат чаго раблю ў межах сваёй выбарчай кампаніі ў акрузе, якая пачалася яшчэ з чэрвеня. Паводле таго, што кажа мая каманда, калі праводзіць апытаньні на вуліцах, у пікетах, на кватэрах — калі б былі дэмакратычныя выбары, я б атрымаў 70—75 працэнтаў. А колькі будзе аб’яўлена ў дзень выбараў... нашы людзі ня ўдзельнічаюць у падліку галасоў і ня маюць магчымасьць гэта кантраляваць. Таму легітымацыя таго, што я прайду альбо не прайду – будзе выключна праз уладу”.

Цыганкоў: “Калі будзе аб’яўлена, што вы абраныя, вы ня будзеце адмаўляцца ад дэпутацкага мандату?”

Раманчук: “Безумоўна, ня буду. Бо тое, што аб’явіць камісія — гэта будзе адпавядаць таму, што мы маем на ўчастках. Калі я стану дэпутатам, то гэта будзе яшчэ адна пляцоўка, каб прасоўваць ідэі дэмакратыі, свабоднага рынку і эўрапейскасьці Беларусі”.

Цыганкоў: “Аляксандр, як вы ацэніце гэтую інфармацыю пра “пяцёрку абраных”? Ці гэта правакацыя супраць гэтых асобаў альбо рэальныя зьвесткі, якія прасачыліся да журналістаў?”

“Уладзе гэта не патрэбна”

Класкоўскі: “Па-першае, гэты дакумэнт яшчэ раз сьведчыць пра тое, што ў гэтых выбарах усё ж ёсьць свая інтрыга. Хай сабе яна штучная, калі і будзе створаная, то адміністратыўным шляхам – памятаеце, беларускі кіраўнік сказаў, што магчыма, некалькі апазыцыянэраў не сапсуюць новы склад парлямэнту.

Тут магчымыя тры варыянты. Першы – калі ўсе гэтыя 5 чалавек праходзіць, і тады сапраўды, атрымліваецца, што тады такі сьпіс існаваў. Другі – ніхто не праходзіць, значыць, гэта лухта і тады паўстае пытаньне пра прафэсіяналізм тых, хто гэта распаўсюджвае. І трэцяе – праходзіць два-тры чалавекі. У выніку апрыёры на гэтых людзей кладзецца пляма падазрэньня, што яны нейкія марыянэткі, падпісалі нейкі патаемны кантракт з уладай, і гэтак далей. Каму гэта выгадна? Натуральна, уладзе нявыгадна, бо яны, наадварот, будуць даказваць, што ўсё атрымалася па-сапраўднаму, і гэта самыя зацятыя апазыцыянэры. Улады ж дзеля гэтага і “прадаюць” гэтыя выбары Захаду.

Гэта найхутчэй, я так лічу, усё ж сьведчыць пра калізіі ўнутры самой апазыцыі. Калі ў сыстэмную палітыкі ўкараняецца нейкая, хай сабе і невялікая група апазыцыянэраў, астатнія яшчэ больш трапляюць у маргіналіі. Уся ўвага прэса будзе прыкаваная да гэтых людзей, як некалі да групы “Рэспубліка” ў Палаце прадстаўнікоў папярэдняга скліканьня.

Увогуле, тое, як была пададзеная гэта інфармацыя – вельмі непрафэсійна. Калі гэта нейкая неафіцыйная выцечка, дык пазваніце тым людзям, Раманчуку, іншым, і спытайце, як яны да гэтага ставяцца. Як гэта зрабіла Радыё Свабода. Апошні абзац – “калі гэтыя чуткі пацьвердзяцца, дык тое і тое..” Але не хапае яшчэ аднаго радка – “а калі не пацьвердзяцца, дык я зьем свой капялюш”

Цыганкоў: “А як вы, Яраслаў, увогуле ацэніце інфармацыю, што вы апынуліся ў сьпісе 5 апазыцыянэраў, якія патрапяць у Палату прадстаўнікоў? Ці гэта мае на мэце пасварыць гэтых людзей зь іншымі прадстаўнікамі апазыцыі, ці да журналістаў трапілі рэальныя зьвесткі, пратачылася інфармацыя з уладных крыніцаў?”

Раманчук: “Можа быць і так, і так. Можа быць і правакацыя, бо гэтыя рэчы я чуў яшчэ і на пачатку кампаніі. Маўляў, “Раманчук дамовіўся з уладамі, таму ён і прайшоў”. Мае сябры з каманды, калі сёньня прачыталі гэта, то казалі, што калі б аўтары гэтай інфармацыі паглядзелі на маю выбарчую кампанію, пабылі б тут гэтыя 3—4 месяцы, то пабачылі б, што мы робім. Галоўнае, што думаюць людзі, а людзі нас ацэньваюць пасьля кампаніі значна лепш, чым да яе”.

“У гэтых умовах часам дэградуе і недзяржаўная журналістыка”

Цыганкоў: “Калі пагаварыць пра іншыя прыклады “інфармацыйных войнаў”, то можна ўзгадаць і тое, як ад імя Маладога Фронту рассылаюцца інфармацыі, якія многія лічаць правакацыйнымі. Ці гэта ўжо стратэгічны курс уладаў ці толькі такое падчас выбарчай кампаніі?”

Класкоўскі: “Казаць пра нейкую вельмі інтэнсіўную інфармацыйную вайну на гэтых выбарах не выпадае. Таму якраз зараз ва ўладаў ёсьць зацікаўленасьць спадабацца Захаду.

Што да Маладога Фронту, то гэта арганізацыя, якая ўладамі ўспрымаецца як радыкальная, і таму вельмі шчыльна апякуецца спэцслужбамі. Таму пэўныя дзеяньні, у тым ліку і накіраваныя на раскол, могуць мець месца. Хаця тут пытаньне пра тое, ці гэта паклёп ці гэта адлюстроўвае сапраўды сур’ёзныя працэсы ў самой арганізацыі.

Калі ж падсумоўваць, то можна сказаць, што ўсе гэтыя рэчы – гэта адлюстраваньне закрытасьці нашай сыстэмы. Беларуская ўлада адсякае журналістаў, экспэртную супольнасьць. І гэта прывучыла іншым разам гадаць на кававай гушчы, бачыць нейкія змовы там, дзе іх няма.

Другі момант – у гэтых умовах часам дэградуе і недзяржаўная журналістыка. Я з жалем і зьдзіўленьнем чытаю з дня ў дзень на некаторых рэсурсах, як “байкот шырока крочыць па краіне” і гэтак далей, што сьведчыць пра вялікую ступень ангажаванасьці”.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG