Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Новая перадача сэрыі “Вольная студыя”. Эфір 21 верасьня


“Беларуская Беласточчына” – гэтак называецца новая кніга краязнаўцы са Слоніма Сяргея Чыгрына, што выйшла нядаўна ў менскім выдавецтве “Кнігазбор”. Гэта першае ў Беларусі адмысловае дасьледаваньне гісторыі й культуры на этнічных беларускіх землях, што знаходзяцца сёньня ў складзе Польшчы. Аўтар кнігі – госьць “Вольнай студыі”.

Міхась Скобла: “Сяргей, а ці не здаецца вам, што “Беларуская Беласточчына” гучыць трохі правакацыйна? Я ўяўляю, як рэагавалі б мы, беларусы, на кнігу, выдадзеную дзе-небудзь у Варшаве пад назвай, напрыклад, “Польская Гарадзеншчына”. Ці не пасеялі вы тут, ажно страшна прамовіць, зерне нацыянальнай варажнечы паміж палякамі й беларусамі?”

Сяргей Чыгрын
Сяргей Чыгрын: “Мяркую, што не. Наадварот, “Беларуская Беласточчына” – гэта адна са старонак гісторыі ня толькі Беларусі, але й Польшчы. Паколькі таленавітыя беларусы, якія нарадзіліся на Беласточчыне, праславілі ня толькі свой рэгіён, але й сучасную Польшчу. Самы яскравы прыклад – мастак Лёнік Тарасэвіч. Талентам і мужнасьцю беластачанаў мы павінны ганарыцца й памятаць пра тых людзей, якія зрабілі важкі ўнёсак у гісторыю дзьвюх дзяржаваў. А калі глядзець далей, то і ў гісторыю нашай агульнай Рэчы Паспалітай. Лёс многіх зь іх быў трагічны, яны былі зьнішчаныя органамі НКВД, прапалі ў сыбірскіх лягерох. Дарэчы, у дакумэнтах НКВД нацыянальнасьць некаторых выхадцаў зь Беласточчыны пазначалася як “паляк-беларус” ці “беларус-паляк”. Так былі запісаныя, напрыклад, браты Куклінскія з Заблудава, гісторык Любоў Разумоўская. Яна, дарэчы, стала доктарам гістарычных навук, пражыла ўсё жыцьцё ў Санкт-Пецярбургу, але дасьледавала фальклёр Беласточчыны, была адным з аўтараў кнігі на расейскай мове “Гісторыя Польшчы”. Думаю, што на “беларускую Беласточчыну” нашыя суседзі за Бугам не пакрыўдзяцца. Дарэчы, у Польшчы выходзіла й выходзіць безьліч кніг пра “польскую Горадню”, “польскі Слонім”, “польскае Берасьце”.

Скобла: “Прыгадваецца, што Ларыса Геніюш увесь час не забывалася падкрэсьліць, што яе род паходзіць зь Беласточчыны, зь мястэчка Крынкі. А хто яшчэ са знакамітых людзей родам з-пад Беластоку?”

Чыгрын: “Найбольш плодная на таленты Сакольшчына. Магчыма, таму, што Сакольшчына найбліжэй да Горадні, Сьвіслачы й Вільні, куды сьпяшаліся беларускія хлопцы й дзяўчаты па адукацыю. З Сакольшчыны родам былі палітык Язэп Варонка, сьвятар-марыянін Язэп Дашута, фізык Аляксандар Гершун, слуцкі паўстанец і дыплямат Антон Борык, палітык і грамадзкі дзеяч на эміграцыі Баляслаў Грабінскі, дзеяч нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі Павал Валошын, беларускі грамадзка-палітычны дзеяч і літаратар Станіслаў Грынкевіч, пэдагог і паэт Франук Грышкевіч, рэдактар “Беларускай газэты” Ўладыслаў Казлоўскі, забіты партызанамі ў Менску падчас Другой усясьветнай вайны…”

Скобла: “Прафэсар Уладзімер Конан падлічыў, што з 1958 па 1998 год на Беласточчыне зьявілася каля 170 літаратараў, якія пісалі па-беларуску. Прыкладна столькі ж у Беластоку выйшла беларускіх кніг. Гэта цэлы літаратурны мацярык. Але вось на што я хачу зьвярнуць увагу: беластоцкія пісьменьнікі больш адчуваюць уплыў заходнеэўрапейскіх літаратураў, а не беларускай. Тая ж Надзея Артымовіч, той жа Ян Чыквін, то жа Яша Бурш – ці ня першы беларускі паэт-мадэрніст… Вы згодныя з такой думкай?”

Вокладка кнігі “Беларуская Беласточчына”
Чыгрын: “Што ж, беларускім літаратарам на Беласточчыне заўсёды было прасьцей здабыць любую кніжку з Варшавы, Парыжу ці Бэрліну, чым зь Менску. І наладжвалі кантакты яны хутчэй з пісьменьнікамі з заходніх краінаў, чым са сваімі калегамі зь Беларусі. Ды й бывалі яны на Захадзе намнога часьцей, чым беларускія пісьменьнікі. Таму, безумоўна, заходні ўплыў у іхняй творчасьці відавочны. Але ж і беларуская літаратура на іх уплывала. Іначай, ці пісалі б увогуле тыя ж Артымовіч, Чыквін і Бурш па-беларуску? Думаю, што вялікай школай для іх, як і для нас усіх, зьяўляецца паэзія Купалы, Багдановіча, Танка, Караткевіча. Многія зь беластоцкіх літаратараў пісалі й пішуць і па-польску, перакладаюць свае творы на польскую мову. Сакрат Яновіч неяк сказаў мне пры сустрэчы, што самая актуальная наша задача – прапагандаваць беларускую літаратуру на Захадзе, перакладаць яе на эўрапейскія мовы. Дзеля гэтага ён і выдае свой гадавік “Annus Albaruthenicus”, дзе друкуюцца творы беларускіх літаратараў на польскай, нямецкай, італьянскай”.

Скобла: “На Беласточчыне апошнім часам узьнікае новая літаратура – на падляскай мове. Скажам, паэтка Зося Сачко піша менавіта па-падляску. А ці не аслабляе гэта й без таго ня дужа моцную беларускую нацменшыню ў гэтым рэгіёне?”

Чыгрын: “Я да падляскай мовы адношуся адмоўна. Можа існаваць падляская гаворка, гутарка, а мова павінна быць адна – беларуская. Аднойчы нас, журналістаў і гісторыкаў зь Беларусі павезьлі на экскурсію па мястэчках Бельшчыны. Прыехалі ў адну вёску на беларускія могілкі, а там усе надпісы на помніках на падляскай мове. Беларусы пахаваныя, а надпісы па-над імі – чужыя. Неяк не па сабе стала. Паказваў нам Бельшчыну мясцовы краязнавец Дарафей Фёнік, ён там выдае свой часопіс пад назвай “Бельскі гостінэць”. Часопіс цікавы, але выдаецца ён пераважна на той самай падляскай мове. Я гэтага не разумею”.

Скобла: “Вось ужо 52 гады ў Беластоку выдаецца беларуская газэта – тыднёвік “Ніва”. Якой вам бачыцца ейная роля ў гісторыі беларускай Беласточчыны?”

Чыгрын: “Пакуль у Беластоку будзе выходзіць “Ніва”, датуль Беласток застанецца беларускім. “Ніва” – гэта ня толькі культурна-асьветны й палітычны тыднёвік беларусаў Польшчы, яе рэдакцыя – гэта беларускі цэнтар у Беластоку. Я туды прыяжджаю, як дахаты. Нешта падобнае вам могуць сказаць і тыя, хто жыве ў Горадні. Ролю “Нівы” ў гісторыі беларускай Беласточчыны немагчыма пераацаніць. “Ніва” выдае беларускія кнігі, “Ніва” наладжвае розныя культурныя імпрэзы, “Ніва” прымае гасьцей зь Беларусі… На старонках “Нівы” друкаваліся ці ня ўсе беларускія пісьменьнікі. “Ніва” – люстэрка беларускага жыцьця на Беласточчыне. На вялікі жаль, у Беларусі сёньня няма такога ж шчырага, дэмакратычнага выданьня. І вельмі шкада, што “Ніва” сёньня маладаступная ў Беларусі, на яе чамусьці немагчыма падпісацца”.

Скобла: “У Беларусі моцная краязнаўчая школа, закладзеная Генадзем Каханоўскім, Сьцяпанам Александровічам… Выдаецца ў Менску й адмысловая “Краязнаўчая газэта”. Я ведаю, што былі некалькі беспасьпяховых спробаў зарэгістраваць у Міністэрстве юстыцыі Беларускае краязнаўчае таварыства. Чаму ўлады гэтак падазрона ставяцца да краязнаўцаў?”

Чыгрын: “Бо ўлада баіцца гістарычнай праўды, пра якую ведаюць і пішуць краязнаўцы. Нядаўна Польскае краязнаўчае таварыства адзначыла свой 100-гадовы юбілей – на дзяржаўным узроўні! Польскія краязнаўцы ўзьнялі на адпаведны ўзровень польскую гістарычную навуку. Тое ж могуць зрабіць і краязнаўцы беларускія. Гісторыя нашай Бацькаўшчыны пачынаецца не з 1917 ці 1994 году, а з V стагодзьдзя. Таму нам ёсьць што дасьледаваць і пра што пісаць. Але нават у сёньняшніх складаных умовах краязнаўцы паціху выдаюць свае кнігі. Напрыклад, Мікола Быхаўцаў даўно напісаў гісторыю Ваўкавышчыны ў 1920–1930 гадах, а выдаць ня можа: няма грошай. І ўсё ж саматужным спосабам выдае цікавы краязнаўчы часопіс “Ваўкавышчына”. Хацелася б, каб у кніжных крамах часьцей зьяўляліся кнігі Міхася Казлоўскага з Маладзечна, Ігара Пракаповіча з Паставаў, Міхася Карпечанкі з Бялынічаў… У кожным раёне ёсьць свае герадоты, іх праца да пары застаецца незаўважнай”.

Скобла: “Леў Талстой у свой час пісаў, што вершы пісаць пасьля трыццаці – непрыстойна, трэба пераходзіць на прозу. Вам – 50. А ў колькі гадоў становяцца сапраўднымі краязнаўцамі?”

Чыгрын: “У любым узросьце мы ўсе крыху краязнаўцы, крыху паэты. Але менавіта цяпер, перасягнуўшы паўвекавую мяжу, я магу сябе лічыць сапраўдным краязнаўцам. Цяпер я ведаю, дзе, як і што шукаць. Мяне краязнаўчыя скарбы прыцягваюць, як п’яніцу гарэлка. Дзе б ад п’яніцы гарэлку ні схавалі – ён усе роўна знойдзе. Так і я. Вось нядаўна знайшоў п’есу “У сваты” Адама Бычкоўскага. П’еса напісаная на беларускай мове ў 1910 годзе ў Горадні. Гэта значыць, яна зьявілася раней, чым п’есы Янкі Купалы “Паўлінка”, “Прымакі” й “Раскіданае гняздо”! П’еса Бычкоўкага – арыгінальны ва ўсіх адносінах твор. А самае цікавае, яна нідзе не друкавалася, таму я цяпер вырашаю, якому выданьню яе аддаць”.

Скобла: “Вы жывяце ў Слоніме й працуеце ў “Газэце Слонімскай”, якая апошнім часам зазнае перасьлед з боку ўладаў. Давайце трохі палетуценім. Калі мэр Беластоку за вашу працу прысвоіць вам званьне ганаровага грамадзяніна Беласточчыны з правам пражываньня ў любым паселішчы Беластоцкага ваяводзтва, вы скарыстаецеся гэтым правам?”

Чыгрын: “Ад права такога я не адмоўлюся, але жыць хачу толькі ў Беларусі. У Беласток буду езьдзіць на пагасьціны. Але, мушу прызнацца, на Беласточчыне я не спыняюся, і цяпер працую над кнігай, якая будзе называцца “Беларуская Варшава”. Яна – пра беларускі рух у Варшаве ў першай чвэрці ХХ стагодзьдзя”.

  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG