Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэсавы прадстаўнік Саляны: Беларусь, праўдападобна, мяняецца


Крысьціна Галяк (Cristina Gallach), прэсавы сакратар Хавіера Саляны, вярхоўнага прадстаўніка Эўразьвязу ў пытаньнях супольнай замежнай палітыкі і бясьпекі, сёньня адказала на пытаньні Радыё Свабода

Ян Максімюк: Спадарыня Галяк, БЕЛТА паведаміла, што ўчора па ініцыятыве Хавіера Саляны адбылася размова паміж ім і прэзыдэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам? Гэта праўда?
Крысьціна Галяк: Я не магу сказаць, што гэта было менавіта так. Але — гэта праўда, спадар Саляна і прэзыдэнт Лукашэнка гаварылі адзін з адным учора. Спадар Саляна быў у Нью-Ёрку, таму што на гэтым тыдні там адбываецца шмат дыпляматычных кантактаў. Ён гаварыў зь Нью-Ёрку, а прэзыдэнт быў у Менску. Перад тым, на працягу некалькіх дзён дарадцы спадара Саляны кантактавалі з дарадцамі прэзыдэнта Лукашэнкі, і яны дамовіліся, што гэтая размова адбудзецца. Так што на самай справе размова адбылася пры паразуменьні абодвух бакоў.
Ян Максімюк: БЕЛТА таксама паведаміла, што абодва бакі „падкрэсьлілі важнасьць адкрыцьця новай старонкі ў адносінах паміж Беларусьсю і ЭЗ”...
Крысьціна Галяк: Я магу толькі сказаць, што падчас размовы спадар Саляна вельмі выразна давёў прэзыдэнту Лукашэнку, як вялікую вагу прыкладае ЭЗ да выбараў, якія маюць адбыцца ў Беларусі 28 верасьня. Спадар Саляна выразна сказаў, што гэтыя выбары даюць Беларусі магчымасьць паказаць яе павагу для дэмакратычных каштоўнасьцяў. Так што мы будзем сачыць за выбарамі вельмі ўважліва, бо яны пакажуць нам, ці пойдзе кіраўніцтва Беларусі і якім чынам па шляху плюралізму і адкрытасьці, па шляху павагі да правоў чалавека.
Ян Максімюк: Ці закраналіся іншыя тэмы, акрамя выбараў?
Крысьціна Галяк: Я ня ведаю пра іншыя тэмы, але мяркую, што так. Але я думаю, што тэма выбараў была найважнейшая.
Ян Максімюк: Ці можаце паведаміць нашым слухачам некаторыя тэхнічныя дэталі размовы? Напрыклад, на якой мове размаўлялі спадары Саляна і Лукашэнка?
Крысьціна Галяк: На жаль, спадар Саляна не гаворыць па-расейску. Таму ён гаварыў па-ангельску, а прэзыдэнт Лукашэнка, паводле майго разуменьня, гаварыў на сваёй роднай мове. Яны карысталіся дапамогай перакладчыка, што звычайна у такога тыпу дыпляматычных кантактах.
Ян Максімюк: У такіх размовах дастаткова аднаго перакладчыка, ці сядзяць два перакладчыкі на абодвух канцах лініі?
Крысьціна Галяк: Мне гэта дакладна невядома. Але на баку спадара Саляны быў перакладчык.
Ян Максімюк: Спадарыня Галяк, ці вы можаце ўявіць сабе спатканьне Хавіера Саляны і Аляксандра Лукашэнкі ў Брусэлі або Менску?
Крысьціна Галяк: Літаральна некалькі дзён таму, падчас спатканьня міністраў замежных справаў ЭЗ, міністры і спадар Саляна выразна заявілі, што ЭЗ хоча поўнай нармалізацыі адносін зь Беларусьсю і што ЭЗ гатовы разьвіваць гэтыя адносіны на ўсіх дзялянках, улучна з гандлёвай і культурнай. Беларусь вельмі блізка да ЭЗ геаграфічна, а мы хочам, каб яна была таксама блізкай да эўрапейскіх каштоўнасьцяў і да таго, што ЭЗ сабой прадстаўляе. Таму мы хочам нармалізаваць і паглыбіць гэтыя адносіны. Мяркуючы па некалькіх кроках, якія зрабіла Беларусь і якія былі прывітаныя намі, мы думаем, што ў Беларусі праўдападобна наступіла нейкая зьмена. Але перад тым, як прыняць рашэньне наконт далейшай нармалізацыі і паглыбленьня нашых адносін, мы хочам пабачыць, як пройдуць выбары.
Ян Максімюк: На вашу думку, ці будзе магчымае такое спатканьне пасьля таго, як прэзыдэнт Лукашэнка прызнае незалежнасьць Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі?
Крысьціна Галяк: На гэты момант мы ведаем, што Беларусь не прызнала незалежнасьці Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі. У гэтым пытаньні ў Эўразьвязе пануе абсалютная аднадушнасьць. Фактычна ніхто з міжнароднай супольнасьці не прызнаў незалежнасьці Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG