Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Найбольшая актыўнасьць на датэрміновым галасаваньні зафіксавана, як і ў першы дзень, у Віцебскай і Гомельскай абласьцях, найменшая — у Гарадзенскай.


Мікалай Лазавік, сакратар Цэнтральнай выбарчай камісіі, называе наступныя лічбы:

“За два дні датэрміновага галасаваньня ў Берасьцейскай вобласьці прагаласавалі 6,3% ад агульнай колькасьці ўсіх выбарцаў, у Віцебскай — 8,3%, у Гомельскай — 7,7%, у Гарадзенскай — 5,8%, у Менскай — 7,5%, у Магілёўскай — 7,3%, у горадзе Менску — 6,2%, па рэспубліцы — 7% выбарцаў”.

Сярод кандыдатаў у дэпутаты ёсьць і тры сустаршыні Палітрады аб’яднаных дэмакратычных сілаў. Так, Анатоль Ляўковіч балятуецца па Берасьцейскай-Заходняй акрузе № 1. Цікаўлюся, колькі выбарцаў прагаласавала ў ягонай акрузе. У адказ чую:

“А кандыдат Ляўковіч, шчыра кажучы, не цікавіўся, колькі ўжо прагаласавала”.

Карэспандэнт: “А чаму не цікавіўся?”

“Ну, я ўжо неяк прывык да такіх выбараў. І таму я так востра не рэагую на ўсе гэтыя рэчы, што адбываюцца вакол мяне. Хаця, канечне, трэба пацікавіцца”.

Анатоль Лябедзька — кандыдат у дэпутаты па Старавіленскай акрузе № 105. На такое ж пытаньне ён адказвае:

“Мы ведаем дадзеныя па асобных участках — там, дзе сядзяць нашы назіральнікі. У нас інфармацыя такая: там, дзе жылыя масівы, там галасуюць на парадак менш, дзесьці ў межах 2%. А дзе студэнты, дык там іх гоняць галасаваць і яны ня вельмі хаваюць, што іх, мякка кажучы, прасуюць і прымушаюць датэрмінова галасаваць”.

Побач, па 106-й Коласаўскай акрузе вылучыўся яшчэ адзін сустаршыня АДС — першы сакратар ЦК Партыі камуністаў Сяргей Калякін. Сакратар ЦК гэтай партыі Валеры Ўхналёў распавядае:

“За два дні прагаласавала 17% выбарцаў. Ёсьць участкі, дзе ўжо прагаласавалі 82%, 70%, 65%. Гэта — студэнцкія і рабочыя інтэрнаты”.

На папярэдніх выбарах у Палату прадстаўнікоў, якія адбыліся чатыры гады таму, за два дні датэрміновага галасаваньня, паводле афіцыйных дадзеных ЦВК, прагаласавалі 6,1% ад усіх выбарцаў. Гэтым разам, нагадаем, — 7,0%. Спэцыяліст у галіне выбараў Сяргей Альфэр камэнтуе:

“7% за два дні — гэта каля паўмільёна выбарцаў. І ўявіць, што паўмільёна выбарцаў добраахвотна пайшлі галасаваць, каб не рабіць гэтага ў нядзелю, амаль неверагодна. Гэта лічба, якую зрабілі штучна. У нармальных краінах, дзе таксама існуе датэрміновае галасаваньне, гэтая лічба знаходзіцца дзесьці ў межах аднаго-паўтара працэнта. Калі такое галасаваньне не зьяўляецца ў гэтай краіне даўняй традыцыяй. У Рэспубліцы Беларусь гэта не традыцыя, а пэўны прымус”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG