Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Другі дзень ідзе датэрміновае галасаваньне. Студэнты актыўна выкарыстоўваюць магчымасьць прагаласаваць загадзя. Куды і чаму яны сьпяшаюцца?


Выбарчы ўчастак № 524 разьмешчаны ў вучэбным корпусе № 8 Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўнівэрсытэту. Тут галасуюць студэнты БНТУ, якія жывуць у інтэрнатах. З раніцы народу мала, прыходзяць лічаныя адзінкі. А палове на другую, калі скончыліся заняткі, — чарга чалавек на 40. За столікам з шыльдай “назіральнікі” нікога няма. Гутару са студэнтамі, якія стаяць у чарзе па бюлетэнь.

Карэспандэнтка: “Чаму вы ўсе датэрмінова галасуеце, такая чарга тут — чалавек 30!”

Галасы: “Дадому еду”, “Да бацькоў зьяжджаю”, “Я родам зь іншага гораду”, “У нядзелю выходны, хочацца пабыць дома”.

Карэспандэнтка: “А ведаеце кандыдатаў па вашай акрузе?”

Дзяўчына: “Не, ня ведаю”.

Хлопец: “Не, ня ведаю, не цікавіўся”.

Карэспандэнтка: “А як будзеце галасаваць, за каго?”

Дзяўчына: “А так, наўздагад”.

Карэспандэнтка: “Выбары — 28 верасьня. Чаму сёньня прыйшлі галасаваць?”

Хлопец: “Магчыма, 28-га ў нас не атрымаецца, тым больш выходны дзень, а ў пятніцу нас адпускаюць з заняткаў”.

Карэспандэнтка: “А што, у пятніцу і суботу заняткаў ня будзе?”

Хлопец: “Ня ведаю, нам сказалі, што адпусьцяць. Стараста сказаў”.

Студэнт: “Калі напісаць заяву і сказаць, што пайду галасаваць датэрмінова, то мяне адпусьцяць”.

Юнак: “Так, стараста даведаўся ў намесьніка дэкана, сказаў, што на пятніцу — суботу адпускаюць”.

Гутару са старшынём участковай выбарчай камісіі Ўладзімерам Хацяновічам:

Карэспандэнтка: “Даволі ажыўлена на ўчастку, сёньня нават чарга стаіць. У чым прычына?”

Хацяновіч: “Ня толькі сёньня чарга: і ўчора была чарга, і заўтра будзе чарга. Нашы студэнты — законапаслухмяны народ, разумеюць, што трэба аддаць голас за якога-небудзь кандыдата”.

Карэспандэнтка: “А чаму абавязкова за некалькі дзён?”

Хацяновіч: “У нядзелю многія зьяжджаюць, у нас бальшыня іншагароднія”.

Карэспандэнтка: “А што, ня будзе заняткаў у пятніцу і суботу?”

Хацяновіч: “Калі студэнт падпісвае заяву і яго адпускаюць, ён можа паехаць дадому”.

Старшыня ўчастковай камісіі тлумачыць, што многія студэнты едуць дапамагаць бацькам капаць бульбу. Для гэтага трэба толькі напісаць заяву на імя дэкана. Кіраўніцтва ідзе насустрач і без праблем падпісвае заявы. Гутару са студэнтам аўтатрактарнага факультэту, які прасіў не называць ягонага імя:

Карэспандэнтка: “У іншы час гэтаксама лёгка можна падпісаць заяву і не пайсьці на заняткі?”

Хлопец: “Я думаю, наўрад ці. А зараз лёгка, таму што выбары, улёткі, налепкі са словам “Байкот” — паўсюль. У любы звычайны дзень ня ўсім падпісваюць. А зараз лёгка, у нас масава пісалі заявы, і стараста насіў на подпіс па некалькі штук, пачкамі. Нават самому хадзіць ня трэба, старасту перадаў, і ўсё. Што называецца, сэрвіс!”

XS
SM
MD
LG