Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як мы гэта растлумачым чарнобыльскім дзецям?


Кэйт Ван Дайк — амэрыканская настаўніца, якая прымае беларускіх дзяцей у рамках чарнобыльскай праграмы з 2001 году і зьяўляецца каардынатарам адной з такіх мясцовых праграмаў з 2002 году. Яна даслала на Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода свой камэнтар пра гэтак званую справу Тані Казыры (камэнтар публікуецца ў скарочаным выглядзе).

31 ліпеня на лётнішчы Далеса ў Вашынгтоне наша сям’я са сьлязьмі разьвіталася з Сашам (12 гадоў) і ягонай сястрой Анжалінай (14 гадоў). Гэта было ўжо шостае лета, калі гэтая пара цудоўных, кемлівых дзяцей ашчасьлівіла нашу сям’ю сваёй дабрынёй і жыцьцярадаснасьцю. Яны прыяжджаюць у рамках гуманітарнага праекту, які пачаўся некалькі гадоў пасьля катастрофы ў Чарнобылі ў 1986 г. Тысячы дзяцей пакідаюць свае дамы ў Беларусі і едуць на летні адпачынак як госьці ў краіны з чыстым паветрам, добрай ежай і сур'ёзным мэдычным абслугоўваньнем.
Таня Казыра зь сям'ёй Запатаў

Гэтыя дзеці не жывуць у сірочых дамах у Беларусі — бальшыня зь іх мае бацькоў, якія іх любяць, але якім цяжка жывецца з увагі на эканамічнае, фізычнае і псыхалягічнае спусташэньне, учыненае чарнобыльскай катастрофай. Траціна Беларусі была забруджаная радыяцыяй, якая працягвае і сёньня наносіць шкоду дзецям у выглядзе высокай колькасьці дэфэктаў разьвіцьця, захворваньняў на рак шчытападобнай залозы і леўкэмію. У Беларусі адзін з найвышэйшых паказьнікаў самагубстваў ва Ўсходняй Эўропе і вельмі высокі паказьнік алькагалізму сярод насельніцтва. Дзеці пакутуюць ад гэтага больш як хто. Шасьцітыднёвы адпачынак у іншых краінах дазваляе ім „ачысьціцца ад шкодных рэчываў” — есьці здаровую ежу, дыхаць чыстым паветрам і весела праводзіць час у бясьпечным і прыхільным асяродзьдзі. Іхныя бацькі давяраюць нам сваіх любімых дзяцей — каб мы гарантавалі ім бясьпеку, мэдычнае і стаматалягічнае абслугоўваньне, недаступнае ім на радзіме, і вярнулі іх назад у абяцаны час.
Рашэньне сям'і Запатаў выклікала тое, чаго якраз баяліся ўсе сем’і, што прымалі дзяцей...

5 жніўня адна зь сямей у Пэталуме ў Каліфорніі, якая доўгі час удзельнічала ў чарнобыльскай праграме, вырашыла, што іхная госьця – дзяўчына зь Беларусі Таня Казыра – ня вернецца. Гэта была дзявятая пабыўка Тані ў сям’і Запатаў. З прычынаў, вядомых толькі ім, не шукаючы іншых шляхоў дапамогі для Тані, яны пастанавілі наняць адваката, адмыслоўца ў эміграцыйных пытаньнях, а потым, не паведамляючы ні апекунам беларускай групы, ні кіраўнікам праграмы, яны папросту не прывезьлі Таню ў аэрапорт, адкуль яна мелася ляцець у Беларусь разам з групай з 24 дзяцей і дзьвюма дарослымі апякункамі. Гэтае рашэньне выклікала тое, чаго якраз баяліся ўсе сем’і, што прымалі дзяцей: спыненьне цэлай праграмы ня толькі ў Злучаных Штатах, але і ў іншых краінах.

Якое-колечы парушэньне дамовы з арганізацыяй у Беларусі, якая ладзіць паездкі дзяцей за мяжу, абарочваецца стратай ліцэнзіі для гэтай арганізацыі, пакараньнем для апекуноў і прыпыненьнем ўсіх праграм адпачынку. Запаты ведалі пра гэтыя наступствы. Дэбра Запата была ва ўправе мясцовай чарнобыльскай праграмы і інфармавала іншыя сем’і пра іхны абавязак вяртаць дзяцей у вызначаны час. Запаты і бабця Тані пагадзіліся на вызначаную дату вяртаньня дзяўчынкі, што было пацьверджанае іхнымі подпісамі на дамове. Датай, вызначанай для Тані і Запатаў, быў дзень 5 жніўня 2008 г.
Сваякі Тані Казыры ў Барысаве

Па-мойму, Запаты не апраўдалі даверу ўсіх сем’яў, што ўдзельнічалі ў праграме, як амэрыканскіх, так і беларускіх. Іхныя адвакаты паўтараюць, што віза Тані спраўдная да 5 сьнежня, гэткім чынам даючы зразумець, што яна можа заставацца ажно датуль. Ды агульная практыка такая, што візы для дзяцей наогул сапраўдныя і пасьля вызначанай даты іхнага вяртаньня, як мера перасьцярогі на выпадак, калі б спатрэбілася непрадбачанае лекаваньне. Толькі законныя апекуны зь Беларусі маюць права зьмяніць дату вяртаньня, ды толькі ў выпадках, калі гэта трэба для лячэньня, і калі на гэта пагаджаецца сям’я дзіцяці.
Калі б непаўналетняе амэрыканскае дзіця было затрыманае падобным чынам, рэакцыя амэрыканскага ўраду была б рашучай...

Адвакат Запатаў таксама кажа, што ні Таня, ні сям’я Запатаў не вінаватыя ў прыпыненьні праграм летняга адпачынку, а вінаваты беларускі ўрад. Але відавочна, што калі б непаўналетняе амэрыканскае дзіця ў замежнай праграме абмену было затрыманае падобным чынам, рэакцыя амэрыканскага ўраду была б імгненнай і рашучай.

Запаты — адзіная амэрыканская сям’я ў 17-гадовай гісторыі праграмы, якая наважылася на такі крок. Яны ня маюць законнага права прымаць рашэньні за гэтую непаўналетнюю дзяўчынку. Так, Таня паходзіць зь беднай сям’і, якая жыве ў цяжкіх абставінах, магчыма таксама, што і ў асяродзьдзі, забруджаным радыяцыяй. Але ўсе чарнобыльскія дзеці жывуць у цяжкіх абставінах, пазначаных беднасьцю, алькагалізмам, наркаманіяй, хваробамі, разьбітымі сем’ямі, недастатковым харчаваньнем і іншымі перашкодамі на шляху да лепшага жыцьця. Якраз менавіта таму восем краінаў прымаюць тысячы дзяцей з гэтага рэгіёну кожнае лета. Цяпер паступак адной сям’і можа пакласьці канец гэтай дабрачыннай працы.
XS
SM
MD
LG