Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд тэлефанаваньняў на Свабоду за 24 верасьня, сераду.


У Беларусі працягваецца датэрміновае галасаваньне на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Слухачы “Свабоды” камэнтуюць выбары.

Спадар: “Пачалося датэрміновае галасаваньне ў Беларусі. Вось ходзіць мэр пасёлку Копысь, кажа: “Прыйдзіце прагаласуйце датэрмінова”. Прыходзяць давераныя асобы і кажуць: “Дайце пашпарт, мы за вас прагаласуем”. Ведаеце, сорамна мне неяк за такія выбары”.
Дайце пашпарт, мы за вас прагаласуем


Спадар: “Па тэлебачаньні я і мае суседзі ўважліва сачылі за выступленьнем кандыдатаў у дэпутаты розных кірункаў, потым дзяліліся ўражаньнямі. Большую сымпатыю да сябе выклікалі кандыдаты з боку дэмакратычных сілаў. Засталася толькі адна болька: як будуць лічыць галасы выбаршчыкаў камісіі розных рангаў, якія вынікі дасьць Цэнтравыбаркам?”

Спадар: “Якая розьніца, хто падлічвае галасы. Галоўнае, каб усе былі задаволеныя: і Эўропа, і апазыцыя, і, самае галоўнае, беларускі народ”.

Спадарыня: “Галасуйце за філёзафаў, юрыстаў, эканамістаў, а не за лекараў і настаўнікаў. Кожны павінен займацца сваёй справай. Спадары журналісты, тлумачце людзям, што ў парлямэнце павінны засядаць прафэсіяналы, то бок юрысты, эканамісты, філёзафы”.
Галасуйце за філёзафаў, юрыстаў, эканамістаў, а не за лекараў і настаўнікаў


Выказваньне камэнтуе грамадзкі рэдактар гэтага тыдня на Радыё Свабода Аляксандар Дабравольскі:

“Магчыма, што і так — у парлямэнце павінны быць прафэсіяналы. Але пры гэтым трэба ведаць, што гэта прадстаўнікі выбарцаў. Бо можа быць палова юрыстаў, а палова эканамістаў, прызначаных уладай, і нічога ня зьменіцца. Больш за тое, парлямэнт разглядае ня толькі юрыдычныя і эканамічныя пытаньні, а і сацыяльныя пытаньні, пытаньні культуры. Таму, на мой погляд, парлямэнт павінны быць збалянсаваны. Мне хацелася б, каб людзі аддавалі перавагу перадусім тым, хто мае стрыжань — ня будзе гнуцца, калі апынецца ў цяжкой сытуацыі. І тым, хто здольны на ўчынак”.

Працягваем перадачу іншымі выказваньнямі на тэму выбараў.

Спадар: “Павывешвалі фатаграфіі кандыдатаў у дэпутаты. Але некаторыя падобныя тварам да крымінальных злачынцаў. Вось дык парлямэнт будзе”.

Спадарыня: “Я хачу сказаць вось пра што. Ідуць выбары. Але галасаваць ня хочацца, бо наўкола адна несправядлівасьць і несумленнасьць”.

Спадарыня: “Я хачу зьвярнуцца да Лукашэнкі. Ён кажа: “Ня будзе Майдану!” Ды мы ўсе прыедзем на плошчу, бо мы табе больш ня верым”.

Аляксандр Яцкевіч: “Дэмакратыя па-беларуску: не прагаласуеш, не атрымаеш каня”.

Спадар: “Заклікаю ахвяраў палітычных рэпрэсій ды іншых адмовіцца ад удзелу ў выбарах у беларускі парлямэнт”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG