Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Ня будзе карупцыі — жыцьцё спыніцца”


Мінакі на менскіх вуліцах адказваюць на пытаньне “Ці сутыкаліся вы з праявамі карупцыі ў Беларусі?”


Таксіст: “Ня будзе карупцыі — жыцьцё спыніцца. А вы ўяўляеце, калі ўсе міліцыянты стануць чэснымі? І што нам тады рабіць?”

Спадар: “Пачынаючы зь дзіцячага садка, у школах, паўсюль, увесь час нясуць і будуць несьці, таму што бяз гэтага нідзе не прайсьці”.

Спадарыня: “Старшыня сельсавету нашага, напрыклад, хабар бярэ за ўчасткі… У шпіталях таксама апэрацыю бясплатна ня зробяць. За ўсё трэба плаціць… Страх”.

Інжынэр-канструктар: “Ахова здароўя, праваахоўныя органы, установы адукацыі. Вышэйшыя эшалёны ўлады. Гэта й выдача ліцэнзій, дазволаў розных… Няма кантролю за ўладай”.

Спадарыня: “Беларусь павінна займаць, я думаю, месца 13 па карупцыі. Газэты ў нас пра гэта ня пішуць. Ні газэты, ні тэлебачаньне. Беларусь хоча мець свае праграмы, дык няхай яна іх зробіць пяць, дзесяць, але сваіх праграмаў, а ня лезе ў “Россию”, “НТВ”… Няма ў нашай краіне дэмакратыі, таму й квітнее карупцыя”.

Карэспандэнтка: “Вы сутыкаліся з праявамі карупцыі?”

Пэнсіянэр: “Але ж яна вельмі схаваная. Яе ж трэба шукаць. Калі ідуць справы на судзьдзяў і ў суды, то там таксама праяўляецца карупцыя. Беларусь ня можа быць на 151 месцы. Я думаю, што калі ў першых 50-ці, то, можа, гэта была б праўда”.

Дзяўчына: “У старэйшых клясах больш за ўсё праяўляецца. Асабліва тады, калі патрэбны большы бал атэстату ці экзамэнацыйны, то гэта ёсьць”.

У раддоме давялося даваць хабар за тое, каб зрабілі аналіз крыві.
Спадар
: “У нас карупцыя ў кожным шпіталі. Цяпер нельга зрабіць апэрацыю, каб ня даць 100—150 даляраў урачу ў кішэню. Вельмі маленькі заробак. Вымушаюць, як і мяне, прафэсара”.

Пэнсіянэрка: “За ўнучку дачка плаціла грошы, каб бліжэй да дому ўладкаваць. Калі гэта робіцца на такім мізэрным узроўні, то што казаць пра вышэйшыя чыны? Чыноўнікі так не зарабляюць, каб будаваць такія вялікія палацы ў прыгарадзе. Значыць, гэта карупцыя”.

Студэнт: “Людзі вырашаюць свае пытаньні шляхам пераносу сваёй размовы за межы афіцыйнасьці. Вырашаюць пытаньні ў барах і рэстарацыі. Гэта нагляднае сьведчаньне карупцыі, калі старшыня суду кажа судзьдзі, як трэба вырашыць сытуацыю, якая склалася ў справе. Судзьдзя выносіць рашэньне такое, якое трэба. Гэта прамы доказ карупцыі”.

Спадар: “Я так разумею, што ў адміністрацыі, у кіраўніцтве. Катэджы і ўсё такое — гэта найбольш карумпаваная частка”.

Спадар: “Наш суд цалкам карумпаваны, калі так добра разабрацца”.

Спадар: “Цяжка назваць галіну, дзе карупцыі няма. Нават ад нараджэньня. У раддоме давялося даваць хабар за тое, каб зрабілі аналіз крыві. Было падазрэньне ў майго ўнука на гепатыт С. Давялося аддаць вельмі буйную суму”.
XS
SM
MD
LG